Общество

Што рабіць з фальсыфікатарамі выбараў. Парады настаўніцы

Што я чула ад калег, якія бралі ўдзел у працы «выбарчых» камісій, пра фальсыфікацыі? — піша Ганна Севярынец у сваім блогу на Радыё Свабода. — Чула такое: «Заўтра ў камісію. Нешта я баюся. Чаго баюся? Усяго. Ладна, няважна. Тыдзень пацярпець». Чула такое яшчэ: «Мы — царовы людзі. Нам дзяржава плаціць грошы. Мы служым дзяржаве, а не камусьці яшчэ». Чула і такое: «А нашто нам фальсыфікаваць? У нас усё па праўдзе».

Суровая праўда палягае ў тым, што людзі, якія сядзяць там, у гэтых камісіях, ніколі не прызнаюцца ані вам, ані нават сабе, што яны фальсыфікуюць выбары. Яны робяць усё, што заўгодна: выконваюць загад, церпяць, бароняць сваю ўладу, прасоўваюць свайго кандыдата, які паабяцаў школе ці прадпрыемству залатыя горы за перамогу (і ён выканае абяцаньні, не хвалюйцеся!) — яны робяць усё, што заўгодна, але не фальсыфікуюць. Таму дагрукацца да іх сумленьня цалкам немагчыма.

Сумны парадокс сытуацыі заключаецца ў тым, што ўва ўсіх іх ёсьць пэўнае сумленьне, і менавіта таму яны ведаюць, як і чым яго прывесьці ў норму. Яны ўсё сабе патлумачылі, і сумленьне іхняе ў парадку. Аргумэнты, якімі яны дазволілі сабе фальсыфікаваць што заўгодна, жалезныя, таму што выпрацаваныя дзеля экстрэмальных сытуацый.

Вы не сустрэнеце там аніводнага чалавека, якога можна назваць прыстойным, на іх ня ўзьдзейнічаюць словы пра прыстойнасьць. За столькі гадоў існаваньня нашай псэўдавыбарчай сыстэмы сьпісы гэтых людзей шматкроць правераныя і загартаваныя ў баях. Любая заклікі да іх — бессэнсоўныя, любыя высокія словы пра мараль і закон — пыл. І не толькі падчас працы ў камісіях. Наогул.

З самага дзяцінства гэтыя людзі жывуць ва ўмовах, у якіх закон не вырашае нічога, а асабістыя сувязі і ўменьне прагінацца — вырашаюць ўсё. Менавіта грунтуючыся на сваім, падтрыманым жыцьцёвым досьведам пакаленьняў, разуменьні законаў і маралі, яны рабілі кар’еры, будавалі кватэры, вучылі дзяцей, здабывалі ўласны дабрабыт і спакой. Сустракаюцца сярод іх і настаўнікі, шараговыя — радзей за тых, хто абцяжараны пасадай, а значыць, дадатковым прэсам залежнасьцяў, страхаў і дазволаў на зло. Цяжка быць дырэктарам альбо завучам — і не фальсыфікаваць што заўгодна кожны дзень з розных нагодаў. Проста таму, што так працуе сыстэма, і ня толькі выбарчая.

Мне пішуць: «Ганна, зьвярніцеся да настаўнікаў, каб яны не фальсыфікавалі выбары». Я ня маю такіх слоў, каб да іх зьвярнуцца з простым заклікам. Баюся, такіх заклікаў наогул не існуе. Па іх разуменьні — яны не фальсыфікуюць. Яны так выконваюць свой грамадзянскі абавязак, бароняць сваіх дзяцей і забясьпечваюць унукаў.

Крик души наблюдателя: «Лукашенко не сменяется из-за вас всех»

Гэта моцна нагадвае мне савецкіх сьледчых трыццатых гадоў. Ніхто зь іх не сказаў ніколі нікому, і найперш сабе: я катаваў падсьледных, таму што хацеў катаваць. Яны ўсе былі ўпэўненыя, што так, і толькі так можна выканаць свой абавязак. І чым страшней, чым брудней гэта рабілася, тым часьцей яны думалі пра сябе: які ж я непахісны герой, і на што толькі я не ішоў дзеля сваёй краіны. Гэта вам не ракеты ў космас запускаць. Ракеты любы дурань запусьціць. Ты от паспрабуй, як я, кожны дзень у крыві ды крыках. Гэта табе не чысьценькімі рукамі паперкі перакладаць. Тожа мне, беленькія. Дзе б вы былі, беленькія, каб мы чорненькімі не былі тут дзеля вас.

Я казала сваёй былой каляжанцы: «Дык калі вы баіцеся, чаго туды ідзяце? Столькі нэрваў за сьмешныя грошы. Адмоўцеся, ды ўсё». Яна мне адказвала: «Хіба я толькі гэтага баюся? Я і працаваць кожны дзень баюся. Мне што, ад усяго адмаўляцца?» Я тлумачыла другой: «Вам не дзяржава плаціць грошы, а людзі, падаткаплатнікі. Дзяржава вам ня цар, а слуга, і мы маем права патрабаваць ад яе справядлівасьці і сумленьня». Яна расьсьмяялася. У трэцяй я не пыталася нічога, бо я ведаю, што ў маленькіх гарадах і вёсках сапраўды ня трэба нічога фальсыфікаваць. Усё адбываецца само.

Для чаго я гэта ўсё пішу. Для таго, каб мы зразумелі: у нас ня будзе іншых выбарчых камісій. Мы не дагрукаемся да іх членаў ніякімі словамі. Яны будуць стаяць насьмерць, баронячы свае пасады, свае выгоды, сваё спакойнае жыцьцё тут і цяпер. Асабліва калі яны будуць разумець, а яны ўжо гэта разумеюць, што за ўкіды бюлетэняў і прыпіскі давядзецца адказваць, калі яны раптам прызнаюцца, пакаюцца і перастануць супрацоўнічаць з уладай.

Што нам рабіць? Ведаць свайго ворага і ня мець надзей на тое, што ён зьнікне. Мацнець і пашырацца. Спакойна, але няспынна рабіць сваю працу: выхоўваць свабодных і сумленных дзяцей, нічога і ніколі не фальсыфікаваць самім пад любым, нават самым сьвятым, соўсам, падымаць і пашыраць сваю мову, ведаць сваю гісторыю і культуру, адчуваць сябе гаспадаром сваёй зямлі, несьці гэта адчуваньне далей, перадаваць з рук у рукі, уключацца ў грамадзкі рух, не баяцца і не схіляць галавы. Ніколі і ні пры якіх умовах не ўваходзіць у склад выбарчых камісій.

Безупынна, спакойна і цьвёрда, без залішніх патасных словаў і заклікаў да сумленьня і справядлівасьці, казаць сваім родным і знаёмым, якія прымаюць у гэтым удзел: «Гэта фальсыфікацыі. Гэта нічым немагчыма патлумачыць. Ты парушаеш закон». Яны не павераць, але яны будуць ведаць, што ня маюць падтрымкі.

Гэта надзвычай даўгі шлях. Іншага, на жаль, я ня ведаю.

«Именно потому, что все милые и хорошие, и происходит этот избирательный беспредел»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(113)