Што памятаюць званіцы?
Руская праваслаўная царква ад імя ўсіх беларускіх вернікаў намерылася кананізаваць мітрапаліта Іосіфа Сямашку. Хто ён такі ў гісторыі і веры народу? І што з намі адбываецца на тле духовай каланізацыі, ім некалі зладжанай?
Штонядзелі шмат хто з нас ад самай раніцы сьпяшае ў храм – падумаць, прыгадаць, памаліцца, дараваць і папрасіць даравання, з падмогай і з літасьці Свету Вышняга. Ды й папросту з палону будзённасці, бывае, паратункава ахвота нырнуць ад чарады клопатаў і праблем у малітоўныя спакой, цішу і ўзнесенасць. І мала хто задумляецца тым часам, што, патрапляючы ў сакральную прастору касцёлу, царквы, мячэту альбо якой іншай бажніцы, кожны вернік на глыбінным падсведамасным роўні паўстае перад відушчым Творцам не толькі індывідам, асобай, душой, але й часцінай той грамады, да якой прылучаны гістарычна і з факту нараджэння менавіта ТУТ, на гэтай зямлі, сярод гэтых помнікаў, людзей і слоў.
А насамрэч менавіта ў храме мае здарацца таемнасць, якую ў паўсядзённай мітусні мы, спадкаемцы прадзедавых традыцый, почасту абмінаем, якой самі сябе пазбаўляем, не ведаючы ані існай прычыны на тое, ані ўсёй балеснасці адрачэнскага шляху. Не ўяўляючы й блізка наступстваў нашай неабазнанасці й абыякавасці.
Але пра што гэта я, так загадкава і нечакана? Я... пра мову. Пра тую мову, якую мы забыліся, ледзь не выкінулі, як непатрэбшчыну, на сметнік цывілізацыі: маўляў, нашто цягнуць з сабой у новы свет нязручныя клункі аджылай старызны. Аказалася ж, мова, якая хоць і квола, а ўсё ж трымціць былінкай на «вызваленчых» ветравеях з усходу і захаду, стае, папраўдзе, ледзь не адзінай прыкметай нашага НАЦЫЯНАЛЬНАГА існавання ў Сусвеце.
І пакуль яе аддана і спагадліва суграюць вусны «непонятной» меншыні народу, датуль мы яшчэ цэльны арганізм, жывы і помны, здольны да духовай, мысленчай і МАЎЛЕНЧАЙ рэгенерацыі. Здарылася б, як пра тое мрояць хіжыя чужынцы, беспаваротная згуба – і на планеце пабольшала б чорных дзір, што заўжды напагатове ўсмактаць у свае бездані апошнія парэшткі набыткаў і сягненняў незлічоных пакаленняў – гэткага ахвярніцкага ваярства абароны й самазахавання.
Аднак жа мы ёсць. Людзі Беларусі! Ці чуеце, ці верыце яшчэ? МЫ ТУТ ЁСЦЬ! І мы плячук да плечука стаім у дні святочныя і жалобныя перад абразамі святых у збудаваных продкамі храмах. І нас намагаецца ўскалыхнуць спаконвечны звон. А мы стаім...
Вось я пра што. Мы спыніліся і змоўклі. Не адстойваем свайго, не рушым да каранёў і крон, не падаем, каючыся, і не ўзвышаемся ў яднанні. Мы застыглі. І храмы нашы застыглі таксама. Бо мы ім здрадзілі, мы аддалі іх у заклад прышэснікам, якія перарабілі нашы душы і прытапталі наш Дух. Якія сагналі з нашых алтароў спаконвечную мову і святыні. Якія спакваля падмяняюць і падмяняюць нам гістарычныя каштоўнасці на падманкі, узводзяць у чын святых нашых зламыснікаў. Разбураюць нашы этнічныя падмуркі і перакройваюць на свой капыл наш лад быцця. Вось і прыйшло да таго, што ў храме не складаецца таемнасць лучання кожнага з усімі і ўсіх з кожным. Бо нас падзяляе... мова.
Нас падзяляе малітва. Не таму, што мы размаўляем на розных мовах – мізэрная меншыня па-свойму, агромністая бальшыня па-руску. Гэта – суровы й няшчадны пасьледак. А таму, што да нас гавораць (пераважна!), уладна і святарна, не мовай гэтай зямлі й гэтага народу (у панятак народ містычна ўлучаны і тыя, хто ўжо ў свеце іншым) і гавораць зыначаныя почасту (зноў-такі на свой капыл) хрысціянскія пастулаты, у якіх і следу не застаецца ад Святла й Любові, прапаведаваных Хрыстом. Бо занішчэнне мовы й замена яе на суседскую ніяк не выдае, пагадзецеся, на хрысціянскую літасць і міралюбнасць. Бо спаленне кніг і абразоў няўгоднай рэлігійнай плыні (маю на ўвазе скасаваньне Вуніі) аніяк таксама не прылічыш да святадзеі.
Руская праваслаўная царква ганарыцца, што не ўзяла на сябе граху інквізіцыі. Аднак ці праўда гэта? Ці толькі часткова праўда?
Я прапаную вам толькі адну гісторыю аднаго чалавека, які прадаў сумленне й роднага бацьку, каб дагадзіць імпэрскай уладзе Расеі і споўніць, такім чынам, ліхую місію руйнавальніка народнай веры. Дзякуючы «сьвятарнай» дзейнасьці якога й заняпала наша мова, і зрабіліся мы хто рускім, хто палякам (зважна на тое, якую веру вызнаем і які храм наведваем). І вось цяпер гэтага царкоўнага дзеяча – Іосіфа Сямашку РПЦ збіраецца кананізаваць. За асаблівыя выслугі перад царом у справе прыніжэння слова і веры, культуры й самасведамасці старажытнага і мудрага народу. Запомнім гэта імя: ІОСІФ СЯМАШКА. Гэтаму прадстаўніку Бога на зямлі ўдалося перамагчы й перакруціць навыварат не веру толькі, не атрыбуты рэлігійныя: з ягонай чыннасці пачалося і доўжыцца наша нацыянальнае паміранне, пакутлівае і неадольнае. Бо праз веру чалавека найлягчэй ператварыць у бязвольнага і бяздумнага раба.
Настае час бараніцца! Не дазволім болей хлусліўцам уплываць на наш лёс і вырашаць за нас!
Тым больш, маем на памяці добры прыклад, калі не далі ЎСЕ РАЗАМ споўніцца гвалту над нашай гістарчынай памяццю. Бо ўжо ж роўненька так нейкі дзясятак гадоў таму ўсім нам, хто жыве на роднай зямлі (і вернікам, і сумнеўцам, і атэістам – усяму грамадзтву), хацелі падараваць храм новаабвешчанага святога Суворава ў Кобрыне на Берасцейшчыне. Не храм нават, а велізарны царкоўны комплекс. Грамадскасці тады ўдалося давесці чынавенству (і царкоўнаму і свецкаму) усю недарэчнасць і ганебнасць гэткай задумы: не запеклася і дагэтуль у памяці Айчыны кроў нашых папярэднікаў – змагароў за волю і нават бязвінных дзетак і жанчын, пралітая Суворавым у імя задушэння паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі.
А каб глыбей зразумець усю трагічнасць разбурэння на нашых землях уніяцтва і гвалтоўнага прылучэньня нашай царквы да Рускай праваслаўнай, варта пачытаць развагі Сяргея Абламейкі пра тыя падзеі ды іх вяршэльніка (фрагменты артыкулу прыкладаю да свайго допісу).
Аднак напачатку азнаёмлю вас з трывожным лістом адной неабыякавай верніцы з правінцыйнага мястэчка:
«Шестого декабря этого года Православной церковью объявлен днем памяти митрополита Иосифа Семашко. Наш батюшка на проповеди объявил о готовящейся канонизации митрополита. Кроме того, перед Великим постом церковь будет отмечать праздник торжества православия. Для нас этот день должен стать еще и особым празднованием - благодарением за соединение униатов с “Матерью-церковью” и за полученное духовное “единство“ беларуского народа.
До сих пор православные в деревнях называют католиков поляками, а те, в свою очередь, православных – русскими или москалями. И всё это потому, что исчезла объединяющая народ национальная церковь. Как можно говорить о единстве народа, если верующие и сейчас ощущают напряжение между католиками и православными, забывая о том, что они беларусы?
Историк Я.Мараш указывает, что на момент перевода униатов в РПЦ, к началу 19-го века, униатских приходов было 1199, католических - 283 и всего лишь 43 православных. При заметной разнице становится ясно, что нормальным могло быть присоединение меньшего к большему, а не наоборот.
Но слишком лакомым был кусок – грамотные, послушные, богобоязненые литвины (беларусы). Тогда и сейчас алчность Москвы не знала границ: униатский епископат, во главе с митрополитам Иосифом, был куплен царским правительством. Уже известно, что несогласных священников ссылали в Сибирь, закрывали беларуские школы, насильно захватывали храмы. Большинство беларускоговорящего населения, к тому времени дважды восстававшего, не желало принимать веру захватчиков, и с большим желанием переходило в католицизм, нежели в РПЦ.
Является ли для беларусов Матерью Церковь РПЦ, если до 17-го века православные ВКЛ (Беларуси) подчинялись Киевскому митрополиту и, соответственно, Константинопольскому патриарху? Для россиян митрополит Семашко герой - это понятно. А для беларусов он однозначно предатель.
Стоит ли спешить с канонизацией Семашко, если рано или поздно придется это решение отменять? Ведь, скорее всего, обнаружатся явные факты его антибеларуской, античеловечной (совсем не христианской) деятельности? Если канонизировать таких священнослужителей, как Иосиф Семашко, то можно заниматься канонизацией также Суворова и Муравьева-вешателя - одного поля ягоды.
С уважением, Н.Ермалович».
На падмацаванне рэлігійных і гістарычных высноў паважанай карэспандэнткі й больш уніклівае разуменне сітуацыі скасавання Уніі ды ўплыў яго на жыццё і разьвіццё нацыі раджу прачытаць роздум журналіста Сяргея Абламейкі: «Кананізацыя Сямашкі. Скон народу...»
«Дачуўся я летась у лістападзе, што беларускі Экзархат Расейскай Праваслаўнай царквы вырашыў кананізаваць мітрапаліта літоўскага Іосіфа Сямашку. Навіна моцна ўразіла.
Што ў нас сёньня ведаюць пра Сямашку? Што ён зарганізаваў далучэньне«западно-русских униатов» да Расейскай Праваслаўнай царквы. Яшчэ гэтую падзею называюць «ліквідацыяй Уніі». Зьмест гэтай падзеі ў нашых галовах — чыста канфэсійны. Маўляў, была Унія, стала Праваслаўе. Мы думаем, што такі акцэнт на канфэсійнасьць прымушае нас рабіць наша трагічная гісторыя. Гэта так і ня так. Насамрэч, гэты канфэсійны падыход да гісторыі нам навязала ў ХІХ стагодзьдзі праз сваю гістарыяграфію Расея.
А падыход можа быць ня толькі канфэсійны. Ён можа і, на маю думку, павінен быць нацыянальны. Вось прыклад, як сам 1839 год і дзейнасьць Сямашкі могуць быць трактаваны з нацыянальных пазыцый.
У 1839 годзе ЎПЕРШЫНЮ ў гісторыі датуль больш за 500 гадоў самастойную беларускую мітраполію, якая ў розныя гістарычныя пэрыяды бывала то уніяцкаю, то праваслаўнаю, то зноў уніяцкаю, далучылі да расейскай царквы, да Масквы. Гэта значыць, саму беларускую царкву ўпершыню тады далучылі да расейскай. У 1839 годзе наша царква, якая да таго, паўтараю, бывала то праваслаўнаю, то ўніяцкаю, перастала існаваць.
Сёньня самы важны зьмест акту 1839 году — страта ПАМЕСНАЙ беларускай царквы адметнай, самастойнай традыцыі — ад нас трывала схаваны канфэсійным падыходам да гісторыі. У часы ліквідацыі Уніі сам мітрапаліт Сямашка ня раз гаварыў, што вярнуў спакушаных і адарваных вернікаў ва ўлоньне царквы-маці — РПЦ. Хоць насамрэч ні Маскоўская мітраполія, ні Маскоўскі патрыярхат НІКОЛІ не былі царквой-маці для беларусаў і ўкраінцаў.
Нашай царквой-маці ад Х стагодзьдзя быў Канстантынопальскі патрыярхат і, у больш вузкім пляне, — Літоўска-Наваградзкая мітраполія, якая існавала ад 1316 году. У палове XV стагодзьдзя адбылося канчатковае разьдзяленьне мітраполіяў Маскоўскай дзяржавы і ВКЛ. Падставай для гэтага стала прыняцьцё Уніі Канстантынопальскім патрыярхам, бізантыйскім імпэратарам і Праваслаўнай царквой ВКЛ. Ад 1448 году Масква самастойна выбірала сабе мітрапаліта, а беларусы, выбраўшы мітрапаліта, атрымлівалі пасьля зацьвярджэньне ад патрыярха. Спачатку Маскоўскія мітрапаліты ў тытуле захоўвалі назву і «Кіеўскага», але ад 1448 году пачалі звацца Маскоўскімі і Ўсяе Русі. А нашы афіцыйна ў паперах ад патрыярха менаваліся Кіеўскімі, Галіцкімі і ўсяе Русі, але часьцей, у тым ліку і ў грэцкіх паперах, называліся Літоўскімі мітрапалітамі або Літоўска-Наваградзкімі. Большасьць нашых мітрапалітаў XІV-XVІ стагодзьдзяў жылі ў Наваградку, і большасьць зь іх там пахаваны. Пазьней мітрапаліты жылі ўжо і ў Вільні, і ў Варшаве, але абсалютная большасьць іх былі этнічнымі беларусамі.
У 1686 годзе багатая і моцная Масква, якая ў 1589 годзе абвясьціла ў сябе патрыярхат і ў 1654 годзе далучыла да сябе левабярэжную Украіну, подкупам і шантажом прымусіла зьбяднелы пад панаваньнем турак Канстантынопальскі патрыярхат адмовіцца ад юрысдыкцыі над Кіеўскай праваслаўнай мітраполіяй і перадаць яе Маскве. Так царква-дачка — РПЦ — аформіла захоп праваслаўнай памеснай часткі сваёй царквы-маці. А ў 1839 Расейская Праваслаўная царква закончыла захоп Кіеўскай мітраполіі і зьліквідавала нашу самастойную ўсходнехрысьціянскую традыцыю, якая хоць і зазнала пэўныя зьмены ў часы Уніі, але ўсё ж захоўвала, паводле сьведчаньняў шматлікіх дасьледчыкаў, ВЕЛІЗАРНЫЯ адрозьненьні ад традыцыі маскоўскай. Гэта ўсё была наша самастойная ўсходнехрысьціянская царква, з адметнай і вельмі адрознай ад маскоўскай, традыцыяй ў мастацтве, архітэктуры, абрадах, сьпевах і нават канонах!
А тут раптам бах! — і кананізацыя Сямашкі».
Ня будзем занадта надаваць увагі гэтаму расейскаму царкоўнаму дзеячу. Падамо толькі два красамоўныя прыклады зь ягонай сьвятарскай чыннасьці. Бо яны надзвычай «важныя для фармаваньня менавіта нацыянальнага падыходу да ацэнкі дзейнасьці мітрапаліта Сямашкі».
Найперш прыгадаем «нарыс пратаярэя Аляксандра Мацкевіча пра Сямашку, апублікаваны ў «Литовских епархиальных ведомостях» у 1884 годзе. Мова ў гэтым урыўку ідзе пра бацьку мітрапаліта, айца Іосіфа Сямашку, які скасаваньня Уніі не прыняў і праз год пасьля гэтай падзеі, у 1840 годзе, зладзіў у сябе на кухні уніяцкую каплічку, дзе служыў набажэнствы і вянчаў людзей.
Я дадам, што бацьку свайго мітрапаліт Сямашка сілай у 1847 годзе перавёз пад Вільню і зрабіў яго сьвятаром праваслаўнай царквы ў Дзікушках, але бацька й там служыў па-уніяцку, на што ўсе вакол былі змушаны заплюшчыць вочы... Так, «неўзьяднаным», стары айцец Іосіф Сямяшка і памёр. Як бачым, мітрапаліт Сямашка быў пракляты за адступніцтва сваёй сям’ёй. Ён нават па-блюзьнерску парушаў апошнюю волю сваіх памерлых блізкіх...
Цяпер – цытата. Паходзіць яна з працы беларускага палітычнага дзеяча і гісторыка Аўгена Калубовіча «Мова ў гісторыі беларускага пісьменства».
«Поруч вывазаў ішло нішчэньне, ад якога найбольш пацярпела пісьменства ў нацыянальнай беларускай мове — дакумэнты беларускай гісторыі й кнігі вуніяцкай (дакладней — былой праваслаўнай і вуніяцкай) літаратуры XVII-VXIII стст.
Шмат іх было спалена ў агні... У 1832 г., на загад зь Пецярбургу, пачалася акцыя адбіраньня старых вуніяцкіх служэбнікаў і іншых кніжок і замены іх на расейскія праваслаўныя кнігі. З цэркваў і манастыроў цэлае Беларусі ў Полацкую духоўную кансысторыю звозіліся для паленьня выданьні беларускіх вуніяцкіх друкарняў. У дадатках да тых кніг у беларускай мове друкаваліся арыгінальныя навукова-тэалягічныя й мастацкія, галоўна вершаваныя, творы беларускай літаратуры: усе яны, за рэдкім выключэньнем, беззваротна загінулі ў агні, разам з багаслужбовымі кнігамі. Вуніяцкія сьвятары спрабавалі ратаваць іх: ведамы выпадак, калі 2 красавіка 1834 году ў Наваградку на рукі яп. Язэпа (Сямашкі) 56 сьвятароў злажылі пратэст, але, на загад цара, усе былі пакараныя за гэта годам манастырскай турмы.
Аб тым, як «уніатскія книги... преднамеренно уничтожались», яшчэ лепей сьведчаць паленьні іх у Жыровічах. Туды ўжо па ліквідацыі ў 1839 г. вуніяцкае царквы яны звозіліся з павуніяцкіх (вуніяцкіх і былых праваслаўных) царкоўных і манастырскіх бібліятэк і, на загад праваслаўнага мітрапаліта Язэпа (Сямашкі), у 1841-44 гг. спальваліся ў манастырскіх печках. Дзеля таго, што такі спосаб нішчэньня кніг быў марудным, і частка кніг раскрадалася, у 1844 годзе мітрапаліт загадаў вынесьці кнігі на манастырскі пляц і спаліць іх на вогнішчы адразу. У 1853-55 і 1857 гг. паленьне іх зноў працягвалася. Колькі тут было спалена — невядома: афіцыйна называецца лічба каля 2000 кніг, аднак сам мітрапаліт зазначае, што спалена іх было болей, чымся афіцыйна паказана...».
Тут я спынюся. Хаця Яўген Калубовіч яшчэ шмат старонак з дакладнымі навуковымі спасылкамі на крыніцы пералічае, як і што палілася ў наступныя гады і дзесяцігодзьдзі, у тым ліку, як было спалена Тураўскае Эвангельле ХІ стагодзьдзя, або як наўмысна ў 1898 годзе быў спалены Смаленскі царкоўна-археалягічны музэй зь беларускімі старадрукамі, рукапісамі і дакумэнтамі.
Побач з кнігамі мітрапаліт Сямашка тысячамі паліў і старыя беларускія праваслаўныя і уніяцкія абразы. У выніку да ХХ стагодзьдзя, калі абразы пачалі зьбіраць па цэрквах, дайшлі толькі лічаныя зь іх. Пры Сямашку ж пачаліся і першыя перабудовы нашых старых эўрапейскіх цэркваў на расейскі ўзор. І ўсе гэтыя факты сьведчаць пра ролю Герастрата беларускай культуры, якую адыграў мітрапаліт Іосіф Сямашка.
З пункту гледжаньня сьвядомага беларуса (бяз розьніцы веравызнаньняў) мітрапаліт Іосіф Сямашка мае ацэньвацца адназначна: гэта быў зьнішчальнік самастойнасьці беларускай мітраполіі, а таксама магільшчык беларускай мовы і культуры.
І вось сёньня РПЦ задумала Іосіфа Сямашку кананізаваць. Што ж? Расейскі народ мае права ўшаноўваць сваіх герояў, і нават маліцца ім. Але пры чым тут беларусы?..
Часам мне здаецца, што так народы і паміраюць...».
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное