Выборы-2020

Што ня так зь сюжэтам АНТ, дзе Бабарыку абвінавачваюць у хабары і адмываньні грошай

Свабода паспрабавала адшукаць склад злачынства ў вялікім сюжэце АНТ, дзе Віктара Бабарыку і ягоных былых падначаленых абвінавацілі ў хабары і адмываньні грошай.

Што паказалі па АНТ

У 12-хвілінным сюжэце АНТ паказалі вочную стаўку Віктара Бабарыкі з Кірылам Бадзеем. Той быў падначаленым Віктара Бабарыкі, а пазьней выконваў абавязкі старшыні праўленьня банку.

У сюжэце Кірыл Бадзей называе кампаніі-кліенты банку: «Прыватлізінг», «Прававы дыялёг» і «Сыстэмы апрацоўкі». Ён кажа, што раз на год атрымліваў ад кампаній сумы ў 250-300 тысяч даляраў і перадаваў іх свайму шэфу — Віктару Бабарыку. Пасьля атрымліваў ад яго грошы.

— Апошняя сума, якая была ўжо вясной 2020 году (Віктар Дзьмітрыевіч пакідаў банк), ён даручыў самастойна перадаць гэтыя грашовыя сродкі іншым калегам. Грошы я аддаваў Ільясюку, Кузьмічу і Шабану. Гэта была не мая ініцыятыва. Мне яе агучыў Віктар Дзьмітрыевіч [Бабарыка]. Грашовыя сродкі перадаваліся, як разумею, за супрацоўніцтва з названымі кампаніямі. Паміж банкам і кампаніямі, — кажа Бадзей.

Усе прэтэнзіі да Бабарыкі і ягоных падначаленых у сюжэце агучвае начальнік аддзелу сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанцін Бычак.

— Калі сьцісла, то сутнасьць бізнэсу была такая. «ПрыватЛізінг» рэалізоўваў насельніцтву тавары ў растэрміноўку або лізінг і разьлічваўся з прадаўцом за кошт крэдытных рэсурсаў банку. Такім чынам, пасьпяховасьць дзейнасьці кампаніі непасрэдна залежала ад умоў, на якіх банк падаваў крэдытныя рэсурсы. Кіраўніцтвам банку, у тым ліку старшынём праўленьня Віктарам Бабарыкам, прадпрымальнікам пастаўленая ўмова: за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў аб крэдытаваньні на выгадных умовах яны павінны былі даваць частку прыбытку ў выглядзе так званага адкату», — сказаў Канстанцін Бычак.

Раней Канстанцін Бычак ужо фігураваў у сюжэтах дзяржаўнай тэлевізіі, калі там паказвалі расьсьледаваньне «цукровай справы».

Дык дзе злачынства ў гэтай схеме і каго паказалі па тэлевізіі

Ільясюк, Кузьміч і Шабан, чые прозьвішчы прагучалі ў сюжэце, — былыя падначаленыя Віктара Бабарыкі.

«Прыватлізінг» — гэта фірма-кліент «Белгазпрамбанку», сярод акцыянэраў якой ёсьць былыя супрацоўнікі «Белгазпрамбанку». Па 19% «Прыватлізінгу» належыць Аляксею Герашчанку і Андрэю Харлановічу. Па 15% — Сяргею Дабралёту і Антону Марозаву. Абодва раней працавалі ў «Белгазпрамбанку». Яшчэ 32% кампаніі належыць латвійскім кампаніям «АЛДІ Проджэктс» (18%), якая зьмяніла іншую латвійскую кампанію «Аўструму Цілтс», і «МВС Інвестмент» (14%).

«Прававы дыялёг» — юрыдычная фірма, мае дзяржаўную рэгістрацыю ў Беларусі.

Згодна зь сюжэтам АНТ, віна Бабарыкі і ягоных падначаленых у тым, што яны як кіраўніцтва банку крэдытавалі «Прыватлізінг», а пасьля ад гэтага атрымлівалі дывідэнды.

— Крэдытаваць нейкія структуры і атрымліваць прыбытак — гэта асноўны сэнс статутнай дзейнасьці банку. Задача — крэдытаваць і атрымліваць ад гэтага прыбытак. Акцыянэры маюць права разьмяркоўваць паміж сабой дывідэнды, у гэтым няма нічога крымінальнага. Разьмеркаваньне дывідэндаў — ня хабар. Пра адмываньне ў сюжэце нічога няма, пра нясплату падаткаў таксама», — кажа старшы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.

У сюжэце па АНТ сказалі, што грошы падначаленыя Бабарыкі атрымлівалі ў канвэртах. Але і ў гэтым, на думку Вадзіма Іосуба, няма нічога крымінальнага.

— У нас наяўныя грошы — гэта не незаконная дзейнасьць, калі ёсьць бізнэс. Атрымаць дывідэнды можна на рахунак і пасьля зьняць з рахунку, можна набыць валюту за гэтыя наяўныя. Усё гэта не зьяўляецца нечым незаконным, — падсумоўвае Вадзім Іосуб.

«Белгазпрамбанк» — прыватны банк, доля дзяржавы ў ім складае менш за 1%. Па законе банк сам можа вырашаць, з кім яму працаваць і як матываваць сваіх супрацоўнікаў.

Калі нейкая лізінгавая кампанія разьмяркоўвае дывідэнды паміж асобамі-інсайдэрамі, якія зьяўляюцца заснавальнікамі кампаніі, але не займаюць там кіраўнічых пасадаў, то яны маюць на гэта права.

Такія высновы робіць юрыст, кандыдат навук Юры Гушча ў сваім допісе-аналізе сюжэту АНТ.

Чым займаецца кампанія «ПрыватЛізінг»

Лізінгам — дае магчымасьць набываць тавары ў растэрміноўку, пры гэтым юрыдычна тавар пераходзіць у рукі ўласьніка толькі пасьля таго, як будзе цалкам аплачаны. Аднак ад моманту пачатку выплат ён знаходзіцца ў руках карыстальніка, таму фактычна асоба, якая набывае нешта з дапамогай лізінгу, розьніцы не адчувае.

Прыбытак лізінгавая кампанія атрымлівае дзякуючы розьніцы ў кошце набытага ёю тавару і аб’ёму растэрмінаваных выплат, атрыманых ёю ад асобы, якой гэты тавар быў перададзены ў карыстаньне.

Кампанія «ПрыватЛізінг» пачала дзейнічаць у 2007 годзе, адпачатку супрацоўнічала зь «Белгазпрамбанкам», які выдаваў кампаніі грошы для дзейнасьці. Фірма «Сыстэмы апрацоўкі інфармацыі», якая таксама згаданая ў сюжэце АНТ, — фактычна першая назва «ПрыватЛізінгу». У 2019 годзе «ПрыватЛізінг» уваходзіў у пяцёрку найбуйнейшых лізінгавых кампаній краіны. Да іх таксама адносяцца «Прамагралізінг», «АСБ лізінг», «Райффайзен-лізінг», «ВТБ Лізінг». Дзьве першыя са згаданых належаць дзяржаўным Банку разьвіцьця і «Беларусбанку».

— Сувязь паміж лізінгавымі кампаніямі і банкамі — гэта пашыраная практыка, — кажа старшы аналітык кампаніі «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб. — Бізнэс лізінгавай кампаніі нечым падобны да банкаўскага. Такі бізнэс мае вялікую запатрабаванасьць у пастаянным фінансаваньні. Грошы трэба траціць тут і цяпер, а потым зь цягам часу гэтыя грошы па частках вяртаюцца.

Капітал лізінгавых кампаній так ці інакш абмежаваны, неабходна прыцягваць фінансаваньне. І гэта альбо цеснае супрацоўніцтва з банкамі, прыцягваньне крэдытаў, альбо выпуск аблігацый. Нейкія лізінгавыя кампаніі карыстаюцца абодвума варыянтамі. Узаемадзеяньне лізінгавых кампаній і банкаў — гэта карысны сымбіёз. Самі банкі не займаюцца лізінгам з прычыны юрыдычных нюансаў. Гледзячы што ўваходзіць у ліцэнзію пад паняцьцем «банкаўская дзейнасьць». Калі там няма паняцьця «лізінгу», то неабходна ствараць асобную юрыдычную асобу, якая будзе займацца лізінгам».

Сярод асноўных кліентаў «ПрыватЛізінгу» — фізычныя асобы. Набыць тавары з дапамогай паслугаў гэтай кампаніі можна, напрыклад, у крамах сеткі «5 элемэнт» альбо праз сайт інтэрнэт-крамы «Рассрочка.бел». Для афармленьня дамовы дастаткова мець пашпарт, даведкі аб даходах не патрабуюць.

Пад які працэнт «ПрыватЛізінг» выдае растэрміноўку

Гаворкі аб працэнтах падчас набыцьця тавараў з дапамогай «ПрыватЛізінгу» няма, фактычна гэта растэрміноўка. Адрозьніваецца толькі кошт тавараў. У інтэрнэт-краме «Рассрочка.бел» ён значна вышэйшы, чым там, дзе за тавар трэба плаціць адразу ўсю суму.

Напрыклад, папулярны тэлефон Apple iPhone X 256GB (Space Gray) на сайце «Рассрочка.бел» каштуе 3210 рублёў, а ў шэрагу іншых зарэгістраваных у Беларусі інтэрнэт-крамаў — ад 1800 да 2000 рублёў. Розьніца ў цане больш за 30%. Аднак, набываючы тэлефон з дапамогай «ПрыватЛізінгу», можна заплаціць 20% ад цаны і атрымаць яго ў арэнду ўжо за 600 рублёў. Астатнюю цану трэба будзе сплаціць на працягу 19 месяцаў. Пераплата ў выпадку гэтага канкрэтнага тэлефона складае прыкладна 1300 рублёў. Гэта і ёсьць прыбытак лізінгавай кампаніі.

Чые прозьвішчы гучалі ў фільме АНТ

Па словах выканаўцы абавязкаў старшыні «Белгазпрамбанку» Кірыла Бадзея, Марозаў, Дабралёт, Харлановіч, Герашчанка перадавалі яму грошы, прызначаныя для Віктара Бабарыкі.

Адбывалася гэта тады, калі сам Бабарыка кіраваў банкам, а Бадзей быў яго намесьнікам. Частку сумы Бабарыка пазьней вяртаў Бадзею. Па словах таго ж Бадзея, грошы ён таксама перадаваў Ільясюку, Кузьмічу і Шабану. Ініцыятарам гэтага быў Віктар Бабарыка. Па словах Бадзея, грошы названым людзям ён перадаваў за супрацоўніцтва паміж «Белгазпрамбанкам» і «ПрыватЛізінгам».

Сьледчы КДБ у тэлесюжэце ўдакладняе, што яны атрымлівалі грошы за прадстаўленьне «ПрыватЛізінгу» выгадных умоваў супрацоўніцтва.

Аляксей Герашчанка і Андрэй Харлановіч — заснавальнікі «ПрыватЛізінгу». Сяргей Дабралёт і Антон Марозаў валодаюць долямі ў гэтай кампаніі. Харлановіч, Дабралёт і Герашчанка раней працавалі ў «Белгазпрамбанку». Дзьмітрый Кузьміч — гэта былы намесьнік Віктара Бабарыкі ў «Белгазпрамбанку», цяпер ён таксама займае пасаду намесьніка старшыні праўленьня. Такую ж пасаду займаюць Аляксандар Ільясюк і Сяргей Шабан. Валер Сяляўка, які таксама згадваецца ў сюжэце АНТ, быў адным з заснавальнікаў «Белгазпрамбанку», ён памёр у 2011 годзе.

З паказаньняў Кірыла Бадзея можна зразумець, што ўсе атрыманыя ад прадстаўнікоў «ПрыватЛізінгу» грошы дзяліліся паміж Бабарыкам, Сяляўкам (абодвум па 25%) і іншымі прадстаўнікамі праўленьня (кожнаму па 10%).

У кампаніі «ПрыватЛізінг» адмовіліся камэнтаваць інфармацыю, агучаную ў сюжэце АНТ. Вядома, што шэраг кіраўнікоў «ПрыватЛізінгу» дагэтуль затрыманыя. Кампанія паведамляе, што выступіць з прэс-рэлізам у выпадку, «калі гэта спатрэбіцца». Згаданыя ў сюжэце АНТ супрацоўнікі «Белгазпрамбанку» цяпер у СІЗА КДБ і таксама недасяжныя для камэнтароў. Іх адвакаты далі падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў справы.

Такім чынам, на дадзены момант застаецца незразумелым, якія менавіта грошы кіраўніцтва «ПрыватЛізінгу» перадавала дырэктарам «Белгазпрамбанку», за якія паслугі і чаму.

Разговорчики в сети: «Почему по ОНТ не освещают в таких подробностях дело Втюрина?»

Што парушыў тэлеканал АНТ у сваім сюжэце

Прэзумпцыя невінаватасьці прапісаная ў Канстытуцыі Беларусі. Прызнаць грамадзяніна вінаватым можа толькі суд. Пры гэтым тэлеканал АНТ прыходзіць у сваім сюжэце да высновы, што Бабарыка і ягоныя намесьнікі «вінаватыя ў атрыманьні хабару і адмываньні грошай».

— Віна грамадзіна можа быць усталяваная толькі судом. А нам паказваюць фільм з мэтай пераканаць нас, што Бабарыка — злодзей. Гэта прапагандысцкі фільм, мэта якога — пераканаць грамадзтва. Прадстаўнікі абароны Бабарыкі далі падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў справы. А само сьледзтва дало матэрыялы справы дзяржаўнаму тэлеканалу. Мы бачым на кадрах сьледчыя дзеяньні, што парушае працэсуальныя нормы, — падсумоўвае праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Самому Віктару Бабарыку ў сюжэце слова не далі, сказалі толькі, што «сказаць яму няма чаго».

З публічных дакумэнтаў суду вядома, што Віктара Бабарыку вінавацяць у «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 2 арт. 235 КК), ухіленьні ад выплаты падаткаў у буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК) і даваньні хабару паўторна або ў буйным памеры (ч. 2 арт. 431 КК). Сына, кіраўніка ягонай ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку, вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК).

Праваабаронцы прызналі Віктара Бабарыку і ягонага сына Эдуарда вязьнямі сумленьня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(74)