Общество

Што кажуць знаёмыя пра салдата, які загінуў у войску

Сябры Сяргея Валошына ў самагубства ня вераць і кажуць, што хлопец быў дастаткова «спакойны і мог перажыць праблемы», калі б яны былі, піша Радыё Свабода.

20-гадовы Сяргей Валошын загінуў 8 чэрвеня ў адной з вайсковых частак ад агнястрэльнай траўмы. Пра гэта афіцыйна паведаміла Міністэрства абароны.

Сяргей родам з Горадні. Як стала вядома Свабодзе ад знаёмых хлопца, да прызыву ў войска ён вучыўся ў хіміка-тэхналягічным каледжы. У канцы мінулага навучальнага году, па словах сяброў нябожчыка, у яго ўзьніклі праблемы па вучобе. Сяргея адлічылі, ён пайшоў працаваць на прадпрыемства, зьвязанае з дрэваапрацоўкай, дзе раней праходзіў практыку.

Увосень 2019-га яго забралі ў войска на паўтара года. Паводле сяброў, службу Сяргей праходзіў у войсках СПА, у зэнітна-ракетнай брыгадзе каля вёскі Шаршуны.

— Што тычыцца войска, то ён казаў, што разумее ўсе яго цяжкасьці і што ён, хутчэй за ўсё, будзе адставаць у сваёй роце. А тых, хто адстае, трэціруюць. Таму ў войска яму хацелася ад слова «ніяк». Ён быццам бы тое самае казаў і псыхолягу ў войску, калі я правільна памятаю, — сказаў Свабодзе сябар хлопца па інтэрнэце Мікіта.

Апошні раз Мікіта кантактаваў з Валошыным у лютым. Кажа, склалася ўражаньне, што Сяргей ня мае праблемаў на службе: «Не бяз загваздак, але ён спраўляўся».

Сябар характарызуе яго як звычайнага хлопца, які, як і астатнія маладыя хлопцы, цікавіцца кампутарнымі гульнямі, навукова-папулярнымі каналамі, гістарычнымі рэканструкцыямі.

— Ён быў даволі інтэлігентным чалавекам, стараўся заўсёды быць на пазытыве. Многія людзі з майго кола адгукнуцца пра яго станоўча. Імкнуўся даведвацца новыя рэчы і расказваць пра гэта іншым людзям. Любіў абмяркоўваць зь імі амаль усё — ад сярэднявечных ваенных тактык і побыту да тэхналёгій будучыні.

У Сяргея было шмат сяброў у іншых краінах, асабліва ў Расеі. Па словах іншага сябра, дзякуючы інтэрнэту Валошын трапіў у інтэрнацыянальную кампанію. Маладых людзей аб’яднала захапленьне ролевымі гульнямі.

— Ён быў досыць замкнёны і нешматслоўны, але максымальна ўраўнаважаны. Быў разумны і шмат чытаў, быў прыемны ў камунікацыі. Мог пажартаваць, ня быў сацыяпатам, — расказвае іншы сябар Валошына.

Па яго словах, Сяргей у войска не хацеў, бо разумеў, «якая абстаноўка ў Беларусі».

— Але якія былі варыянты? — кажа сябар салдата.

Сябры Валошына ў самагубства ня вераць і кажуць, што хлопец быў дастаткова «спакойны і мог перажыць праблемы», калі б яны былі. Па іх словах, сям’я нябожчыка даведалася пра здарэньне 9 чэрвеня.

— У кожнага з нас розны запас трываласьці. Калі вы спытаеце, ці быў Сяргей такім чалавекам, які палічыў бы гэта найлепшым выхадам, то не, гэта малаверагодна. Але я не выключаю такой сытуацыі, проста таму, што ў нас няма ніякай інфармацыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.6(5)