БНР

Што для вас БНР?

На гэтае пытаньне адказваюць вядомыя пісьменьнікі, музыкі і простыя грамадзяне.

Генадзь Бураўкін, пісьменьнік:

— Для мяне гэта БНР — адна з самых яскравых старонак нашай гісторыі. Гэта першае абвяшчэньне Незалежнай Беларускай Дзяржавы. На жаль, ня ўсё, што задумвалася айцамі-заснавальнікамі, атрымалася зьдзейсьніць, часткова гэта з-за імпэрскіх амбіцыяў некаторых нашах блізкіх суседзяў. Але ў нас, галоўнае, засталіся дакумэнты БНР, граматы БНР, мы іх павінны ведаць і вывучаць.

Мар’яна Вясеніна, студэнтка:

— Для меня Беларуская Народная Рэспубліка — гэта найцяжэйшы і найцікавейшы час нашае гісторыі. Тады нашыя продкі змагаліся за сваю Свабоду, за Незалежнасьць Беларусі. Я думаю, што праз палітыку і палітычныя рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі сёньняшняя назова дыскрэдытавала сябе. Нам трэба вяртацца да ранейшае назовы, да нацыянальных сымбаляў – бел-чырвона-белага сьцяга і герба Пагоня.

Іван Нікітчанка, прафэсар:

— БНР — гэта зерне, якое трапіла ў добрую глебу, якое стварыла сёньняшнюю свабодалюбівую частку беларускага народу. І гэтае зерне хутка прарасьце, я ўпэўнены ў гэтым.

Уладзімір Арлоў, пісьменьнік, сябра Сойму Партыі БНФ:

— БНР — нязьдзейсьненая мара нашых папярэднікаў, якая працягвае натхняць нас, і ўрэшце, прывядзе нас назад, у Эўропу.

Лявон Вольскі, рок-музыка:

— БНР для мяне — гэта вялікая рамантыка, а 25 Сакавіка — цудоўнае рамантычнае сьвята.

Станіслаў Суднік, рэдактар газэты “Наша Слова”:

— Для мяне БНР — гэта найбольш яркая праява векавечнага імкненьня беларускай нацыі да незалежнасьці.

Юрась Карэтнікаў, лідэр “Правага Альянсу”:

— Асабіста для мяне БНР — гэта крышталізацыя беларускай волі да незалежнасьці, паказчык сьпеласьці тагачаснай беларускай эліты, якая ўзяла адказнасьць за беларускі народ і дзяржаву. А сёньня 25 Сакавіка гэта мусіць быць днём нацыянальнага адзінства і адзначацца адпаведна ўсімі бакамі.

Лера Сом, паэтэса, сябра Сойму Партыі БНФ:

— БНР — пачатак новай старонкі гісторыі Беларусі, першая птушка новай вясны — аднаўленіня дзяржаўнасьці, вяртаньне нашай краіны на палітычную мапу сьвету.

Тацяна Беланогая, бардэса:

— Як і для кожнага беларуса, для мяне БНР — гэта першае дзяржаўнае ўтварэньне, грамадзяне якога горда сказалі, што яны беларусы. Гэта — нашае мінулае, увасабленьне таго, да чаго мы імкнемся — да Свабоды, да Незалежнасьці.

Алег Трусаў, старшыня ТБМ:

-- БНР для мяне — гэта сёньняшняя незалежная Беларусь, не было б яе, не было б нічога.