Общество
Глеб Лабадзенка, «Звязда»

Што давяло Янку Купалу да спробы самагубства?

22 лістапада 1930 года Янка Купала піша перадсмяротны ліст, затым бярэ нож і заганяе яго сабе ў жывот. Паэта ўратавалі. Але гэты эпізод падзяліў лёс Купалы на дзве часткі. Першая — Апостал Адраджэння, аўтар «Тутэйшых», «Прарока» і г.д. Другая — аблаўрэачаны, прыкормлены паэт, які піша оды таварышу Сталіну.

Што падштурхнула тады Нацыянальнага Генія да такога адчайнага кроку? Пра гэта мы гутарым з вядучым навуковым супрацоўнікам Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску Фаінай Ваданосавай.

— Фаіна Аляксандраўна, што давяло першага народнага паэта Беларусі да спробы самагубства?

— 1930 год — гэта трагічны год. Не толькі для Купалы, але і для беларускай інтэлігенцыі ўвогуле. Вядомы гісторык Расціслаў Платонаў у свой час знайшоў у Нацыянальным архіве каштоўныя для нас матэрыялы. Гэта даносы на Янку Купалу, у тым ліку на дзяржаўным узроўні. Ёсць там, скажам, спіс кампраметуючых звестак на акадэмікаў, на беларускіх пісьменнікаў... І калі ў 1930 годзе Купала ішоў пятым нумарам, то ў 1937-м ён ішоў ужо першым нумарам! Таксама да нас трапіў з Архіва КДБ вельмі цікавы матэрыял. Перад спробай самагубства Купала напісаў ліст на імя старшыні ЦВК СССР і БССР Чарвякова. Ліст гэты апублікаваны. Як жа ён з'явіўся? А справа ў тым, што тая міфічная арганізацыя, Саюз вызвалення Беларусі, у кіраванні якой вінавацілі Купалу, — гэта не была арганізацыя як такая. Гэта былі людзі, якія дбалі пра Беларушчыну, пра развіццё нацыянальнай мовы і культуры, літаратуры, дбалі пра незалежнасць. І па гэтай справе пачалі хапаць блізкіх сяброў Купалы — было арыштавана больш за 100 чалавек! Ёсць вельмі страшэнныя звесткі, як за адзін дзень у так званай "амерыканцы", мінскай турме НКУС, было расстраляна шмат прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі... Многія з іх былі сябрамі Купалы. Іх абвінавачвалі як нацдэмаў. Сёння такіх людзей мы называем патрыётамі.

— А самога Купалу дапытвалі, ён даваў паказанні?

— Прыйшоў час, калі і Купалу пачалі цягаць на начныя допыты. Ёсць успаміны, што ўвечары спыняўся "варанок" (людзі сталага веку ведаюць, што гэта машына, якая перавозіла арыштаваных людзей). Купалу не арыштоўвалі, яго забіралі на ноч на допыт, давалі яму пытанні — пра п'есу "Тутэйшыя", пра альманах "Адраджэнне", пра яго сяброў. Купала быў крыштальна чысты чалавек — абгаворваць сваіх сяброў ён проста не мог! Жонка Уладзіслава Францаўна згадвала, што пасля такіх допытаў Купала вяртаўся і ляжаў, адвярнуўшыся да сценкі, ягоныя рукі калаціліся. Не мог запаліць папяросу. Ён не вытрымаў. Купала ведаў, як распраўляліся з ягонымі сябрамі, якія былі ні ў чым не вінаватыя... І аднойчы ён у адчаі, не вытрымаўшы ўсіх гэтых пытанняў... Як пішацца ў дакладной ва ўрад, "у такую-та гадзіну народны паэт Беларусі Янка Купала ўтыркнуў сабе сцізорык у бок". Паводле іншых успамінаў, гэта быў каўказскі нож — Купала ж бываў у Грузіі, на Каўказе. Сэнс той самы: Купала зрабіў спробу самагубства, якую ў бытавых размовах называюць "харакіры". Жонка Уладзіслава Францаўна пачула стогн з другога пакоя. Прыслухалася... Купала потым, паводле ўспамінаў, не мог дараваць сабе, што ён не вытрымаў болю і застагнаў... Жонка ўбачыла гэтую страшэнную карціну... Кінулася ў суседнюю хату — там жыла сям'я Шабуняў, сястры братоў Луцкевічаў. У той час у гэтай хаце жыў іх трэці брат — Стэфан Луцкевіч, ваенны ўрач, які прымаў удзел у Першай сусветнай вайне, быў рэпрэсаваны потым... Ён аказаў Купалу першую дапамогу. Дарэчы, ёсць успаміны, што ў момант спробы самагубства на кватэры Купалы былі прадстаўнікі НКУС. Але дакументаў такіх у нас няма, пэўна казаць цяжка... Пасля выкліку "хуткай дапамогі" Купалу адвезлі ў 1-ю клініку, дзе аказалі дапамогу. Паводле ўспамінаў, ля ягонай палаты дзяжурыў вайсковец з белым халатам на плячах. Рана ў Купалы вельмі дрэнна загойвалася — як яшчэ яна магла загойвацца ў чалавека ў такімі стане? І аднойчы да Купалы ўвайшоў вайсковец з падносам пачастункаў: дарагія цыгарэты, садавіна, салодкае. Ён паставіў паднос і сказаў: "Іван Дамінікавіч, з вас знялі абвінавачванне". Купала нібыта нават не павярнуўся паглядзець. Неўзабаве яго перавезлі дадому, Купала быў у дрэнным стане. Аднойчы да яго прыйшоў тагачасны прэзідэнт Акадэміі навук Усевалад Ігнатоўскі. Ён сказаў Купалу: "Янка, ты павінен жыць, ты ў нас адзін". А на наступны дзень Ігнатоўскі скончыў жыццё самагубствам: НКУСаўцы ўсе абвінавачанні з Купалы перакінулі на Ігнатоўскага, вялікага беларускага навукоўца і патрыёта...

Праз некалькі месяцаў у газеце "Звязда" быў надрукаваны страшэнны пакаянны ліст Купалы. Літаратуразнаўцы лічаць, што яго пісаў вядомы "літаратуразнаўца ад НКУС" Бэндэ. Мяркуйце самі, ці мог Купала пісаць такое на сваіх сяброў і фактычна на сябе: "Не магу змоўчаць і павінен тут выказаць свой гарачы пратэст і вялікае абурэнне супраць таго, як яны, гэтыя нацыянал-фашысты, служаць сацыяльна-нацыянальнаму вызваленчаму руху Зах. Беларусі, якая стогне пад пятою акупантаў...". Купала "пакаяўся" — пасля гэтага яму прыйшлося спяваць песні Сталіну, сацыялістычнаму ладу жыцця... Ягонае жыццё падзялілася на дзве часткі. І як мяркуюць даследчыкі, на гэтым Купала, як Прарок Адраджэння, скончыўся. Яго зламалі і выкарысталі на карысць улады...

— Фаіна Аляксандраўна, але нават у перадсмяротным лісце Купала праз радок спявае асанны савецкаму ладу...

— Разумееце, ён збіраўся адыходзіць, але заставалася вялікая сям'я — жонка, маці, сёстры, шматлікія пляменнікі... Ён баяўся за іх... Вы цудоўна ведаеце, што рабілі са "сваякамі ворагаў народа".

— Апроч нагнятання абстаноўкі з допытамі, ці мог сыграць фатальную ролю выпадак з вершам, пра які Купала піша ў перадсмяротным лісце?

— Купалу абвінавачвалі вось у чым. Калі Пілсудскі ўвайшоў у Мінск, у газеце "Звон" быў надрукаваны ягоны верш "Паўстань". А ніжэй — навіна, што Пілсудскі ў Мінску. Такім чынам, Купалу абвінавачвалі, што ён вітае прыход Пілсудскага. Асабліва цкаваў Купалу "паэт" Дзям'ян Бедны, які напісаў абразлівы верш кшталту: "Голос Янки соловьиный превратился в шип змеиный". Але можна сказаць адназначна: верш "Паўстань" — гэта паэтычная канцэпцыя незалежнасці Беларусі! І ніякага дачынення да Пілсудскага ці нейкага іншага ён не мае. Гэты верш — зварот да беларусаў!.. Але выкруцілі ўсё такім вось чынам. У выніку ўсё разам у сукупнасці — допыты, расстрэлы і арышты сяброў, ды яшчэ гісторыя з вершам — і прывялі да такога трагічнага ўчынку...

Запрашаю ўсіх чытачоў "Звязды" да нас у музей, дзе вы знойдзеце яшчэ больш матэрыялаў па гэтай тэме.

У публікацыі выкарыстаныя матэрыялы і здымак з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

ПЫТАННЕ РуБаМ

Панамарэнка прапаноўваў Сталіну расстраляць Купалу з Коласам?

Калі былі апублікаваныя ўспаміны кіраўніка Беларусі ў канцы 1930-х — пачатку 1940-х гадоў Панцеляймона Панамарэнкі, адтуль пайшла гуляць гісторыя як ён, Панамарэнка, уратаваў ад смерці Купалу з Коласам. Маўляў, былі выпісаныя ордэры на арышт, а ён паехаў да Сталіна прасіць — і ў выніку "ордэры замянілі на ордэны".

— Гэта — не так, — кажа Фаіна Ваданосава. — Панамарэнка такім чынам стараўся абяліць сябе. Насамрэч — ён адзін з тых, з-за каго Купалу маглі расстраляць. Даўно апублікаваны ліст Панамарэнкі Сталіну ад 21 лістапада 1938 года "О белорусском языке, литературе и писателях". Каб разабрацца, варты прывесці ўсяго некалькі цытатаў з таго ліста.

"Наиболее крупную контр-революционную националистическую работу провел союз "советских" писателей Белоруссии, идейно возглавляемый всегда десятком профашистских писателей (в том числе известные Янка Купала и Якуб Колас), и всегда для прикрытия (в том числе и сейчас) имевший у руководства коммунистов. ...Здесь был центр-штаб национал-фашистской пропаганды".

"Лозунг "Да здравствует годовщина Октябрьской революции" на белорусском языке "Няхай жыве гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі", испохаблен от начала до конца. Белорусы говорят здравствуй, а "няхай" означает "пусть" в смысле пренебрежительного "так и быть". Гадавіна означает гада большого размера. Так и говорят "Ух, якая гадавіна". Кастрычник — октябрь. Но кастрыца — это не лен, а отбросы от льна..."

"Янка Купала говорит, что все, что он написал при Советской власти, не творчество, а дриндушки. Они говорят о том, что теперь литература сведена на роль придатка, разъясняющего или восхваляющего, что это не творчество, а иллюстрация. В литературе нельзя ничего ставить и решать, так как партия уже решила на много лет вперед, план составлен, иллюстрируй то, что прошло..."

Янка Купала недавно сказал: "Все наши карты биты, лучшие люди истреблены, надо самому делать харакири". (Он уже пытался один раз покончить с собой). В другой раз он начал жаловаться (в своем кругу) на безудержную тоску, на то, что никакой Белоруссии он не видит вокруг себя, что его жизнь прожита даром, что он скоро умрет с такой же тоской о Белоруссии, с какой начинал свою жизнь в молодости".

"В отношении Янки Купалы, Якуба Коласа, Бровко, Глебки, Крапивы, Бядули, Вольского, Аксельрода и др. членов этой "могучей кучки", узурпировавшей представительство от Белорусской литературы всюду, в том числе и за рубежом, людей, творческая авторитетность которых непомерно раздута, проводивших лично всю описанную выше вражескую работу, имеются многочисленные показания разоблаченных и арестованных врагов, изобличающие их вплоть до связей с польской дефензивой. В отношении Янки Купалы имеется 41 показание, в большинстве прямые; Якуба Коласа... 31 показание..."

"По количеству и качеству изобличающего материала, а также по известным нам фактам их работы, они, безусловно, подлежат аресту и суду, как враги народа. В частности, Наркомвнудел Белоруссии запросил из центра санкцию на арест Купалы и Коласа уже давно, но санкция пока не дана".

"По двум вопросам:

а) о предлагаемых мероприятиях в отношении белорусского языка — грамматики и литературы; б) об отношении к писателям Янке Купале и Якубу Коласу, — я прошу Вас дать мне совет. Секретарь ЦК КП(б) Белоруссии Пономаренко. 21.ХІ.38"

Якія парады даваў "таварыш Сталін", мы ведаем...

Р.S. Купала, дарэчы, на шматлікіх допытах так і не даў паказанні супраць каго-небудзь. У запісцы НКУС значыцца: "Неоднократно по этому поводу допрашивался, но по сути никаких показаний не дал"

ПЕРАДСМЯРОТНЫ ЛІСТ КУПАЛЫ

Старшыні ЦВК СССР і БССР т. Чарвякову.

Таварыш старшыня!

Яшчэ раз перад смерцю заяўляю, што я ў ніякай контррэвалюцыйнай арганізацыі не быў і не збіраўся быць. Ніколі не быў контррэвалюцыянерам і да контррэвалюцыі не імкнуўся. Быў толькі паэтам, які думаў аб шчасці Беларусі. Я ўміраю за Савецкую Беларусь, а не за якую іншую.

Верш мой справакавалі:

1. Лёсік, надрукаваўшы яго побач з артыкулам, прысвечаным Пілсудскаму, аб чым я не ведаў, бо быў у вёсцы.

2. Шыла, які асвятляў Дзям'яну Беднаму гэты верш у правакацыйным сэнсе.

3. Я сам, змясціўшы яго ў зборніку, не прыдаўшы гэтаму палітычнага значэння.

Я вельмі прасіў бы рэабілітаваць мяне перад працоўнымі Сав. Беларусі. Гэта можна лёгка зрабіць. Верш, змешчаны ў зборніку, мной выпраўлены. Прасіў бы вырваць гэты верш і кніжку выпусціць.

Яшчэ адна просьба да Вас. Заапякуйцеся маймі сем'ямі, што тут у Менску і ў Барысаве. Я ўміраю з цвёрдай верай у вечнае існаванне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Папрасіце ГПУ, каб не цягалі маёй жонкі. Яна таксама, як і я, ні ў чым не павінна.

Бібліятэку сваю перадаю Бел. Дзярж. Бібліятэцы.

Шчыра дзякую за ўсё тое добрае, што для мяне зрабілі партыя і Сав. улада.

Уміраю, прымаючы тое, што лепей смерць фізічная, чымся незаслужаная смерць палітычная.

Відаць, такая доля паэтаў. Павесіўся Ясенін, застрэліўся Маякоўскі, ну, і мне туды за імі дарога.

Шкадую толькі, што не змагу болей прымаць удзел у вялікім будаўніцтве, якое разгарнула партыя і Сав. улада ў БССР.

Няхай жа жыве гэта новае творчае жыццё для шчасця ўсяго чалавецтва.

Янка Купала.

Памылкі свае, такія ці іншыя, я збіраўся выправіць, але не паспеў.

Менск, 22-ХІ-30 г.

Я.К.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)