Коктейль
Андрэй Расінскі, ”Наша нiва”

Што цікавага на «Лістападзе»

З 18 па 25 лістапада ў Менску адбываецца традыцыйны кінафэст «Лістапад». Хоць сапраўдным кінафэстам — з прадуманаю палітыкай і інтрыгай — яго назваць цяжка, асобныя фільмы на «Лістападзе» паглядзець можна.

Тутэйшыя стужкі «Я памятаю» Сяргея Сычова і «Спакуса» Маргарыты Касымавай можна сьмела можна прапусьціць, каб не псаваць сабе ўспаміны аб беларускім кіно. Расейская распрацоўка традыцыйных беларускіх тэмаў крыху цікавейшая.

Так вайсковая стужка «Франц + Паліна», пастаўленая маладым рэжысэрам Міхаілам Сегала паводле сцэнару Алеся Адамовіча. Каханьне паміж беларускай дзяўчынай і немцам — гэта скандал для «дзяржаўнае ідэалёгіі», але не для кампаніі «Югра», што фінансавала стужку. А расейская актрыса Сьвятлана Іванова размаўляе ў фільме на бездакорнай беларускае мове. Праўда, відэакліпны досьвед рэжысэра тэме не адпавядае.

Прадстаўленая на фэсьце й карціна Валера Рубінчыка, слыннага рэжысэра «Дзікага паляваньня». З 90-ых гадоў Рубінчык жыве ў Маскве. Але 21 лістапада ў кінатэатры «Цэнтральны» будзе паказаная ягоная стужка «Нанкінскі пэйзаж».

З расейскіх фільмаў будуць карціны «Эйфарыя» Івана Вырыпаева, «Граючы ахвяру» Кірыла Сярэбранікава і «Мне не балюча» Аляксея Балабанава. Яны ўжо дэманстраваліся на беларускіх экранах і выклікалі зацікаўленасьць гледачоў.

У стужцы «Выспа» Паўла Лунгіна Пётра Мамонаў грае праваслаўнага сьвятара. Гэта карціна — пра пакаяньне й дараваньне. А фільм Аляксандра Велядзінскага «Жывы» — драма пра «в’етнамскі сындром» у выкананьні братоў Чадавых. Абедзьве стужкі ужо закупленыя менскім кінапракатам. На фэсьце прэзэнтуецца й «Сувязь» — дэбют «тэлепляткаркі» Дуні Сьмірновай, але неўзабаве гэты фільм зьявіцца на малым экране.

Кіргіскі «Куфар продкаў» засьвяціўся ў фармаце «4х4», а вось эстонская дарожная стужка «Дастала» Пеэтара Сіма нам пакуль невядомая. Карціна — пра дачыненьні Эстоніі і вялікай Эўропы — вачыма недарэкі-вандроўніка.

Сярод найцікавейшых паказаў — «Марыя» амэрыканскага незалежніка Абеля Фэрары. А самы ўганараваны фільм «Вецер, што калыхае верас» Кена Лоача — пра нацыянальна-вызваленчую барацьбу ірляндцаў. Ірляндыя падобная да Беларусі, і таму карціна найбольш пасуе нашым гледачам. Абодва фільмы ўжо сустракаюцца на лічбавых носьбітах.

З самых невядомых карцінаў — бэльгійска-мараканскае «Заснулае дзіця» і японскае «Калі б я мог пражыць іншае жыцьцё» Хірокі Хаяшы. Магчыма, гэтыя стужкі стануцца сюрпрызам і для крытыка.

Але, калі вы прапусьціце «XIII Менскі Міжнародны кінафэстываль «Лістапад» — можна не турбавацца. Галоўныя фільмы — былі ці зьявяцца на экранах, альбо маюцца на лічбавых носьбітах.

А вялыя тусоўкі з прызамі «За духоўнае адраджэньне» цікавасьці не ўяўляюць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)