Што азначае перамога Трампа для свету і Беларусі
6 пунктаў.
1. Трамп лічыць, што Амерыцы трэба менш умешвацца ў справы за мяжой. Гэта робіць імавернымі спробы Расіі праверыць, наколькі далёка яна можа цяпер заходзіць.
Трамп таксама халодны рэаліст у эканоміцы і палітыцы. Паняцця «правоў чалавека», «грамадзянскіх свабод» ці «доўгу гонару», здаецца, значаць для яго менш.
Гэта можа азначаць і новыя пагрозы для суверэнітэту Беларусі ды Украіны, а таксама новыя рэпрэсіі супраць палітычных праціўнікаў у нашым рэгіёне.
Магчымая і новая «Ялта» — падзел сфер уплыву.
2. Перамога Трампа азначае перыяд няпэўнасці ў сусветнай эканоміцы, скачкі курсаў, цэн і каціровак.
У прыватнасці, мы замала ведаем, каб прадказаць, ці будзе Трамп дабівацца зніжэння цэнаў на нафту й газ, ці іх росту. А стан беларускай эканомікі і амбіцыі Расіі будуць залежаць найперш ад памеру нафтавых даходаў.
На вестках пра перамогу Трампа цэны на нафту ўпалі, а на золата — выраслі, але гэта звычайны эфект эканамічнай няпэўнасці.
3. Ці азначае перамога Трампа, што амерыканцы не гатовыя галасаваць за жанчыну?
Не, рэч у Хілары. Яна была «ніякім кандыдатам» — халодным і нецікавым. Яна з цяжкасцю перамагла на перадвыбарах нават дзядулю-сацыяліста Сандэрса.
Людзі галасавалі не супраць жанчыны, а за яркага кандыдата.
4. Перамога Трампа, як і Брэксіт, паказваюць, што ў ХХІ стагоддзі, у эпоху інтэрнэту, людзі галасуюць сэрцам, а не розумам.
Перамогу Трампа вызначылі галасы жыхароў вёскі і рабочых — увогуле і ў штатах Мічыган і Вісконсін у прыватнасці. Сацыёлагі не змаглі гэтую перамогу прадказаць, як не прадбачылі і перамогі Брэксіту.
5. Калі Трамп выканае свае перадвыбарныя абяцанкі і перагледзіць дамовы аб свабодным гандлю з Мексікай ды Канадай, а таксама рэжым гандлю з Кітаем, свет чакае перыяд гандлёвых войнаў і эканамічнага спаду ў Трэцім Свеце.
Мексіканскі песа ўпаў на 12% за адну ноч.
У кароткатэрміновай перспектыве гэта прывядзе да зніжэння эканамічнага росту ў краінах «здаганяючага развіцця», а доўгачасовыя перспектывы для розных эканомік прадказаць цяжка. Бо сацыяльныя і ваенныя канфлікты ў свеце могуць рэзка змяніць расклады.
6. Трамп належыць да тых людзей, якія гавораць адно, а робяць іншае. Гэта ўскладняе любыя прагнозы.
Аднак адназначна не варта чакаць нейкіх рэвалюцыйных зрухаў у палітыцы і эканоміцы ЗША. Грошы там размяркоўвае не Трамп, а Кангрэс. А ён уяўляе сабой адбітак соцень разнастайных інтарэсаў, як лакальных, так і эканамічных.
Читайте еще
Избранное