Общество

Што адказаў прэзідэнт Польшчы Латушку, калі той папрасіў дазволу размаўляць па-беларуску

Гэта адбылося перад уручэннем даверчых лістоў прэзідэнту Польшчы Аляксандру Кваснеўскаму, калі Латушка яшчэ быў дыпламатам. Пра гэту гісторыю сённяшні генеральны дырэктар Купалаўскага тэатра распавёў у інтэрв’ю Большому.

Фото: Большой

— Спачатку я размаўляў на польскай мове, але пазней, калі мы ўжо накіроўваліся ў бібліятэку прэзідэнцкага палаца ў Варшаве, я запытаў у прэзідэнта: «Ці дазволіць мне спадар прэзідэнт размаўляць з ім на беларускай мове?» Прэзідэнт звярнуўся да прысутнага памочніка па знешняй палітыцы з гэтым пытаннем, і мне падалося, што памочнік зрабіў такі выгляд, як быццам ён не зусім гатовы слухаць размову на беларускай мове. Але прэзідэнт Польшчы сказаў: «Калі ласка!», і я пачаў размаўляць па-беларуску.

Перакладчыкам на тую сустрэчу быў запрошаны вядомы беларускі пісьменнік, прадстаўнік беларускай этнічнай меншасці ў Польшчы Алесь Барскі. На яго вершы напісана не адна песня, напрыклад, «Мой Беластоцкі край», якую спявае калектыў «Сябры».

Латушка расказаў, што пазней выкарыстоўваў беларускую мову ў размове з прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам. Падчас гэтай гутаркі пераклад ажыццяўляўся з беларускай мовы на французскую.

— Мы — Беларусь. Наша нацыянальная мова — беларуская. Нацыянаяльная ідэнтычнасць не з’яўляецца супрацьпастаўленнем, а ўзбагачае навакольны свет. Уявіць сабе існаванне беларускай дзяржавы і перспектывы развіцця беларускай дзяржаўнасці без такога важнага элемента, як беларуская мова, даволі цяжка. Але мы пазітыўна ставімся і да рускай мовы, якая таксама жыве ў нашым грамадстве, — адзначыў Павел Латушка.

Ён таксама расказаў, што часта размаўляе па-беларуску і выкарыстоўвае мову ў краме.

— Калі кажу «вялікі дзякуй», то, безумоўна, адчуваю невялікую паўзу, бо суразмоўца не ведае, на якой мове адказаць. Часцей за ўсё ён адказвае на рускай. Цікава, што часта чую словы ўдзячнасці за беларускую мову. Выкарыстанне беларускай мовы ўспрымаецца станоўча. Мне здаецца, што моладзь усё больш і больш размаўляе па-беларуску.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(105)