Спорт

Што адбывалася ў беларускім спорце ў 2021 годзе

Год, што сыходзіць, быў багаты на спартыўныя падзеі. Нарэшце правялі Алімпіяду, праходзілі чэмпіянаты свету, у якіх удзельнічалі беларускія спартсмены. Былі і перамогі, і крыўдныя паражэнні, не абышлося без скандалаў і канфузаў. Народная Воля вызначыла асноўнае за год.

Спартсмен года

Здавалася б, лагічно было б аддаць першынство нашаму батуцісту Івану Літвіновічу, які заваяваў на Гульнях у Токіа адзіны залаты медаль для Беларусі, але многія беларускія балельшчыкі не прынялі страўсіную пазіцыю спартсмена.

Калі журналісты папрасілі Івана выказацца пра палітычную сітуацыю ў краіне, той адказаў так: «Я не паглыбляўся ў палітыку. Так, я падпісаў праўладны ліст «за мір і згоду». Падпісаў, таму што спорт па-за палітыкай, я заўсёды гэтага прытрымліваўся. Што адбываецца, тое адбываецца. Мяне гэта не датычыцца, мяне гэта не закранула».

На спартыўных форумах пасля гэтага не было ніводнага пазітыўнага каментарыя ў адрас пераможцы Алімпіяды.

А лепшым спартсменам года мы называем біятланістку Ганну Сола, якая радуе балельшчыкаў годнымі вынікамі на этапах Кубка свету.

Як раней паведамляла наша газета, Ганна – адзіная спартсменка ў нацыянальнай камандзе, якая пасля жнівеньскіх падзей 2020 года не падпісала праўладны ліст спартсменаў. Сваё рашэнне яна патлумачыла так: «У мяне ёсць за што сказаць дзякуй краіне, але ў першую чаргу я хацела б, каб спорт заставаўся па-за палітыкай. Цяжка засяродзіцца на спартыўных выніках, калі вы чытаеце сумныя навіны з Беларусі. Таму мая пазіцыя нават не палітычная, а агульначалавечая: за мір, захаванне законаў і вырашэнне любых пытанняў без гвалту».

Пасля гэтага адзін з балельшчыкаў на форуме напісаў так: «Дзякуй табе, Ганна! Быць чалавекам у наш час у нашай краіне – ужо ўчынак».

Прынцыповасць года

Капітан зборнай Беларусі па баскетболе Кацярына Сныціна адмовілася выступаць за нацыянальную каманду. Паводле яе слоў, спорт у Беларусі – гэта «прапаганда рэжыму», і яна не хоча больш прадстаўляць краіну ў той час, як «народ цярпіць, падвяргаецца катаванням і рэпрэсіям, калі людзей трымаюць у турмах». Гэта заява была зроблена пасля таго, як Сныціна дапамагла камандзе патрапіць на чэмпіянат Еўропы.

Зараз Кацярына Сныціна гуляе ў Турцыі.

Фініш года

Што адбывалася ў беларускім спорце ў 2021 годзе7 ліпеня зорка настольнага тэніса Уладзімір Самсонаў, якому ў гэтым годзе споўнілася 45, абвясціў аб завяршэнні кар’еры, а таму не паехаў на Алімпійскія гульні, якія былі б сёмымі ў яго жыцці.

А дэбютаваў Уладзімір у 20-гадовым узросце на Алімпіядзе 1996 года ў Атланце.

Уладзімір Самсонаў – легенда настольнага тэніса. У 1998-2000 гадах ён узначальваў рэйтынг самых моцных ігракоў свету і два дзесяцігоддзі запар уваходзіў у дзясятку мацнейшых. Самсонаў – трохразовы чэмпіён Еўропы ў адзіночным разрадзе, трохразовы пераможца Кубка свету, 10-разовы чэмпіён еўрапейскай Лігі чэмпіёнаў сярод клубных каманд.

У 2020 годзе на кангрэсе Еўрапейскага саюза настольнага тэніса Уладзімір Самсонаў быў абраны адным з віцэ-прэзідэнтаў.

Скандал года

Беларускія чыноўнікі аскандаліліся на ўвесь свет падчас Алімпіяды ў Токіа.

Што адбывалася ў беларускім спорце ў 2021 годзеЧэмпіёнка Беларусі ў бегу на 100 і 200 метраў Крысціна Ціманоўская павінна была выступаць у папярэднім забегу на дыстанцыі 200 метраў. Пасля таго як яе заявілі на няпрофільную дыстанцыю, Крысціна раскрытыкавала кіраўніцтва нацыянальнай каманды: паводле яе меркавання, гэта адбылося з-за недапрацовак чыноўнікаў і нясвоечасовай здачы іншымі атлетамі допінг-проб.

Адразу пасля гэтага «у сувязі з эмацыянальна-псіхалагічным станам» паводле рашэння ўрачоў зборнай (сама спартсменка затым абвергла, што яе аглядалі медыкі) НАК Беларусі адхіліў яе ад удзелу ў Алімпіядзе. Лёгкаатлетку прывезлі ў аэрапорт і спрабавалі пасадзіць на рэйс Токіа–Стамбул, але Ціманоўская адмовілася ляцець. Яна звярнулася ў Міжнародны алімпійскі камітэт з просьбай аб дапамозе, заявіўшы, што на яе аказваўся ціск.

Чыноўнікі і праўладныя СМІ «наехалі» на спартсменку, і пазней Крысціна распавяла, што баялася пераследу ў Беларусі.

У выніку Ціманоўская вылецела ў Польшчу, дзе зараз жыве і трэніруецца. А Міжнародны алімпійскі камітэт пазбавіў алімпійскай акрэдытацыі галоўнага трэнера зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы Юрыя Маісевіча і афіцыйнага прадстаўніка каманды Артура Шымака.

Канфуз года

Што адбывалася ў беларускім спорце ў 2021 годзе Зборная Беларусі па хакеі ў чарговы раз праваліла алімпійскую кваліфікацыю, таму на бліжэйшых Гульнях у Пекіне нашы хакеісты не выступяць.

Увогуле, апошні раз на Алімпіядзе мы бачылі беларускую зборную ў далёкім 2010 годзе ў Ванкуверы, і з тых часоў удзел у спаборніцтвах такога рангу для яе недасягальная мара.

Гэтым разам нацыянальная каманда не толькі прайграла першы матч палякам (апошнія да гэтага ніколі не выйгравалі ў беларусаў у афіцыйных матчах. – Аўт.), але і саступіла ў вырашальнай гульні славакам.

Акрамя таго, на чэмпіянаце свету па хакеі зборная заняла перадапошняе месца, а мінскае «Дынама» ў рэгулярным чэмпіянаце КХЛ – апошняе.

Дэградацыя поўная, таму хакеістам лепш забыць 2021 год, як страшны сон.

Дыскваліфікацыя года

Што адбывалася ў беларускім спорце ў 2021 годзеНезалежная дысцыплінарная калегія Міжнароднай федэрацыі хакея дыскваліфікавала старшыню федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава на 5 гадоў.

Рашэнне было прынята пасля дзесяці месяцаў расследавання, праведзенага калегіяй, якая ўстанавіла, што Баскаў парушыў Кодэкс паводзін Міжнароднай федэрацыі хакея.

Нагадаем, што 11 лістапада мінулага года ў Мінску на так званай Плошчы Перамен невядомыя напалі на мясцовага жыхара Рамана Бандарэнку, які абараняў бел-чырвона-белыя стужкі, збілі яго і звезлі на мікрааўтобусе. У выніку хлопец, якога затым з РУУС даставілі ў бальніцу, памёр.

Пазней у СМІ былі апублікаваны матэрыялы, паводле якіх некаторыя прыйшлі да высновы: чалавек, які напаў на Бандарэнку, вельмі падобны на шматразовага чэмпіёна свету па тайскім боксе і кікбоксінгу Дзмітрыя Шакуту. Акрамя яго на відэа быў зафіксаваны мужчына, падобны на кіраўніка Беларускай федэрацыі хакея Дзмітрыя Баскава. Гэта стала нагодай для таго, каб міжнародныя хакейныя структуры пачалі расследаванне.

Пазней дысцыплінарная калегія заявіла аб наяўнасці дастатковых доказаў таго, што спартыўны функцыянер спрабаваў «наўпрост аказваць уплыў на іншых, з тым каб яны падтрымлівалі ўрад Беларусі, а таксама пагражаў і дыскрымінаваў беларускіх спартсменаў з-за іх палітычных перакананняў».

Таксама вызначана, што «Баскаў злоўжываў сваім становішчам прадстаўніка Федэрацыі хакея, каб падтрымаць Аляксандра Лукашэнку, парушыўшы артыкул 5 Алімпійскай хартыі».

У выніку, згодна з рашэннем дысцыплінарнай калегіі, пачынаючы з 10 верасня гэтага года Баскаў на 5 гадоў адхілены ад усёй дзейнасці, якая звязана з хакеем.

Праўда, без працы Дзмітрый Баскаў не застаўся. Былы спартыўны функцыянер стаў членам Савета Рэспублікі.

Страты года

Што адбывалася ў беларускім спорце ў 2021 годзеУ жніўні на 68-м годзе жыцця не стала вядомага беларускага футбаліста, чэмпіёна СССР 1982 года ў складзе мінскага «Дынама» Юрыя Пудышава.

Юрый Аляксеевіч быў не толькі цудоўным футбалістам і трэнерам, але і душэўным чалавекам, які любіў і пажартаваць, і падтрымаць кампанію.

«У свой час мы жылі вельмі весела, – расказваў Юрый Аляксеевіч «Народнай Волі». – І гэтак жа весела гулялі, за што балельшчыкі нас неверагодна любілі».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(10)