Политика
Радыё Свабода

Што адбылося падчас разгону: жывы рэпартаж

(Карэспандэнтка: ) "Толькі што байцы пад камандаваньнем палкоўніка Зьміцера Паўлючэнкі пайшлі ў атаку. Яны пачалі зьбіваць людзей. Яны б'юць іх дубінкамі, накідваюцца па 6 чалавек на аднаго, зьбіваюць дзяцей. Пачалі ўзрываць. Толькі што разьбілі чалавеку галаву ў мяне на вачах. Яны апранутыя ў чорныя, у іх адгазьнікі.

Яны пачалі выстрэльваць — я ня ведаю што гэта — вялізарны выбух, дым, зьбіваюць усіх, хто трапляе пад руку. (Гук выбуху.) Вы чуеце? Гэта нейкія гранаты. Спачатку яны страляюць, потым нешта сьвеціцца — дым страляніна. Шмат зьбітых. Вы чуеце гэта? Кроў... Палкоўнік Паўлючэнка камандуе гэтым разгонам, людзей загналі на гору — усё гэта адбываецца насупраць тэатра Апэрэты".

(Вядоўца: ) "Ці ёсьць там хтосьці зь лідэраў апазыцыі?"

(Карэспандэнтка: ) "Тут ёсьць Казулін, ён заклікаў людзей ісьці на Акрэсьціна. Ідзе дым, за дымавой завесай нічога не відаць. Магчыма, гэта нейкія дымавыя шашкі. Шмат зьбітых — людзі ляжаць удоўж дарогі, некаторыя зь іх у непрытомнасьці. Гэта выглядае вельмі страшна. Тут на мосьце электрычка — яна запаволіла хаду, усе людзі кінуліся да вокнаў, людзі крычалі: "Ня трэба, ня біце!" Білі страшна — мужчын, хлопцаў. Адну жанчыну двое вялізных мужчын схапілі за ногі, павалаклі, пачалі яе зьбіваць па нырках, пра жываце. (Крык: "З дарогі!") Вось вы чуеце, як яны кідаюцца на журналістаў. Зараз пачнецца другая частка гэтай апэрацыі. Людзі ў масках, у бронекамізэльках з газам — у яго вялізны балён чырвонага колеру, на ім нейкая абрэвіятура, што гэта нейкі газ небясьпечны, яны пачынаюць зрываць зь яго плёмбу.

Казулін пакуль што не арыштаваны — ён пайшоў размаўляць з Паўлючэнкам. Пасьля гэтага адразу пайшлі гэтыя ягоныя людзі. Зараз яны абкружылі тых, хто засталіся побач. Побач са мной — польскі журналіст, ён таксама зьбіты. (Скандаваньне: "Жыве Беларусь!") Вось вы чуеце — усё роўна, нягледзячы на тое, што такі жорсткі разгон, на тое, што тут былі такія выбухі — спачатку людзі думалі, што гэта баявыя гранаты — вы чуеце, што людзі ўсё роўна скандуюць "Жыве Беларусь!" — людзі вельмі абураныя такім брутальным зьбіцьцём. Тут яшчэ ёсьць такая хімічная рота, яны ў чорным, у іх адгазьнікі, нейкі балёны з газам — я ня ведаю, што гэта за газ, але вельмі шчыплюць вочы. Магчыма, гэта тая самая "чаромха".

Зьбітыя некалькі сьвятароў, якія ішлі разам з Казуліным на перамовы. Тут і Акаловіч, і яшчэ адзін сьвятар, яго таксама зьбілі. Адзін чалавек намагаўся ня даць прайсьці вайскоўцам, калі выбухнула граната — ён лёг на асфальт, на праежджую частку, і яго вельмі моцна зьбілі. Ён дагэтуль ляжыць без прытомнасьці, жанчыны намагаюцца выклікаць яму хуткую дапамогу, але як яна сюды прыедзе, калі тут усё ачэплена".

(Вядоўца: ) "Паводле ацэнак міліцыі, колькі людзей выйшла сёньня на вуліцы Менску пратэставаць?"

(Карэспандэнтка: ) "Калі мы ішлі, стаяла група дакумэнтаваньня на прыступках каля гандлёвага дому на Нямізе — яны казалі, што гэтая калёна, якая ішла — спачатку давалі 10 000 чалавек, але літаральна празь 15 хвілінаў людзі выходзілі з тралейбусаў, далучаліся да калёны, але калі яны прыйшлі сюды, калі іх тут сустрэў Паўлючэнка, іх ужо было каля 18 000 чалавек".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)