Политика

Што абмяркоўвалі Ціханоўская і амбасадарка ЗША. Па пунктах

Джулі Фішэр наведвае Вільнюс. У чацвер яна правяла сустрэчы са Святланай Ціханоўскай, а таксама аддзелам міжнародных адносінаў Офісу беларускага палітыка.

Паведамляецца, што падчас сустрэчы абмяркоўваліся двухбаковыя адносіны паміж ЗША і Беларуссю, а таксама магчымыя варыянты вырашэння палітычнага крызісу.

– Як спыніць гвалт і дабіцца вызвалення палітвязняў. Ціханоўская распавяла пра справы Няронскага, Спірына, Чульцовай і Андрэевай і заклікала ЗША прыняць неадкладныя захады для вызвалення зняволеных. Яна падкрэсліла, што вызваленне і рэабілітацыя усіх палітвязняў з’яўляецца неабходнай умовай для пачатку дыялогу, а гандаль палітвязнямі недапушчальны.

– Як зрабіць выкананне Акта аб дэмакратыі ў Беларусі і Маскоўскага Мэханізму АБСЭ больш эфектыўным. Ціханоўская звярнула ўвагу на неабходнасць кропкавых санкцыяў супраць кампаній, арганізацый і кашалькоў Лукашэнкі. Паводле Ціханоўскай, ЗША павінны працаваць у звязцы з Вялікабрытаніяй, Еўрасаюзам і Канадай.

– Як ЗША маглі б падтрымаць незалежныя СМІ, сем’і рэпрэсаваных, мясцовыя ініцыятывы і праекты грамадзянскай супольнасці.

– Падтрымка ЗША прыватнага бізнэсу, які пацярпеў у выніку рэпрэсій уладаў. Доўгатэрміновая праграма эканамічнай падтрымкі Беларусі.

5 лютага Джулі Фішэр правядзе сустрэчы з прадстаўнікамі Кабінета прадстаўнікоў Ціханоўскай. Гэта першая замежная паездка новага амбасадара ЗША.