Общество
Анатоль Трафімчык

«Штандар наш бел-чырвона-белы...»

19 верасня 2011 года спаўняецца роўна 20 гадоў, як бел-чырвона-белы сцяг быў афіцыйна зацверджаны як Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь.

Гісторыя сімвала багата глыбейшая. Пра яго дзяржаўнае значэнне яшчэ ў 1918 г. напісаў верш Макар Краўцоў:

Няхай жыве магутны, сьмелы
Наш беларускі вольны дух.
Штандар наш бел-чырвона-белы,
Пакрый сабой народны рух.

Пакладзены на музыку Уладзімірам Тэраўскім, верш стаў гімнам. Увогуле бел-чырвона-белы сцяг узнік трохі раней: у 1917 г. яго ўжо выкарыстоўвалі беларускія нацыянальныя арганізацыі. А такое колеравае спалучэнне нашымі продкамі практыкавалася яшчэ з часоў Сярэднявечча.

Так склалася, што Беларуская Народная Рэспубліка, якая ўпершыню зрабіла бел-чырвона-белы сцяг дзяржаўным, не выжыла. Замест яе паўстала Савецкая Беларусь пад бальшавіцкім панаваннем. Саветы навязалі сваю сімволіку: спачатку гэта быў проста чырвоны сцяг з подпісам «БССР», які ў 1951 г. змяніўся чырвона-зялёным сімвалам з арнаментам.

Аднак бел-чырвона-белы сцяг не забылі. Беларусы, якія апынуліся ў складзе Польшчы ў перыяд 1920 – 1939 гг., выкарыстоўвалі менавіта гэты сімвал. Дый тыя, хто уцёк ад сталінскіх рэпрэсій і пакінуў радзіму, так і не прыняў савецкага «пажару над балотам». Таму калі Беларусь стала незалежнай, то натуральным чынам адкінула бальшавіцкія сімвалы, прыняўшы абгрунтаваны гісторыяй бел-чырвона-белы сцяг.

Сёння «канкурэнцыя» паміж сцягамі працягваецца (у 1995 г. улады вярнулі чырвона-зялёны сцяг). Аднак той факт, што цяперашні дзяржаўны сімвал часта вешаюць дагары нагамі, гаворыць пра грэблівыя адносіны да яго саміх дзяржаўных служачых. Да таго ж дзякуючы трывалай гістарычнай традыцыі бел-чырвона-белы сцяг ужо даказваў сваю жывучасць. Варта заўважыць, што чырвоная паласа на белым фоне выкарыстоўваецца ў хрысціянстве як знак Хрыстовае пакуты. А значыць, святым бел-чырвона-белым колерам лунаць над Беларуссю вечна!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)