Ганна Рэнік
Штабы кандыдатаў падазраюць, што адзін з дэманстрантаў памёр

Месцазнаходжаньне Сяргея Атрошчанкі, які быў зьбіты 25 сакавіка байцамі сьпецназу, дагэтуль невядомае. Паводле зьвестак, якія маюць штабы апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, днямі ён памёр у 9-м менскім шпіталі.

Спачатку гэтую тэму узьняла падчас анлайн-канфэрэнцыі на сайце Радыё Свабода Ніна Шыдлоўская, прэс-сакратар Аляксандра Казуліна: "Пасьля нанясеньня ўдараў сілавікамі ў сьпіну людзям, насамрэч невядомы лёс некалькіх людзей. Ёсьць інфармацыя, і зараз мы яе правяраем, што адзін з тых, хто застаўся ляжаць на асфальце, Сяргей Атрошчанка, памёр у 9-й клінічнай бальніцы. Невядомы лёс і юнака Аляксандра Цішука. У ніякіх сьпісах ён ня знойдзены. Хачу верыць у тое, што ён жывы. Мы ня можам знайсьці яшчэ двух людзей, якія пайшлі разам з Казуліным за міліцэйскі кардон, для перамоваў са спэцназам".

Неўзабаве на афіцыйным сайце Аляксандра Мілінкевіча было зьмешчанае наступае паведамленьне: "Апошнімі гадзінамі з’явілася інфармацыя, што жыхар Гарадзенскай вобласці Сяргей Атрошчанка, жорстка збіты спецназам падчас разгону мірнай дэманстрацыі на праспекце Дзяржынскага ў Мінску 25 сакавіка 2006 года, учора памёр у 9-й клінічнай бальніцы сталіцы. З улікам таго, што праваахоўныя органы і органы аховы здароўя Мінска адмаўляюцца даваць любую інфармацыю, якая магла прасвятліць гэтую сітуацыю, Штаб лідэра аб’яднаных дэмакратычных сіл звяртаецца да грамадзянаў, якім што-кольвек вядома пра Сяргея Атрошчанка, абставіны яго збіцця і далейшы лёс, з просьбай прадставіць такую інфармацыю на сайт Аляксандра Мілінкевіча, у офісы дэмакратычных палітычных партый і арганізацый, ці ў рэгіянальныя штабы."

Нагадаем, што "Салідарнасць" напярэдадні таксама спрабавала знайсьці Сяргея Атрошчанку. У 9-м шпіталі сьцьвярджаюць, што да іх чалавек з такім прозьвішчам не трапляў. У бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў інфармацыі пра Атрошчанку таксама няма. І "Хуткая дапамога" сьцьвярджае, што яго "не абслугоўвала".

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)