Выборы-2020

Шрайбман: «Улада яшчэ не сутыкалася з такім выклікам»

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман распавёў Радыё Свабода пра магчымыя сцэнары развіцьця падзеяў.

Фота Ўладзя Грыдзіна

— Людзі ішлі на акцыі, разумеючы ўсю несумленнасьць, несправядлівасьць кампаніі ад пачатку. Больш важкімі тут будуць сёньня і заўтра пратаколы камісіяў, дзе, гледзячы па ўсім, палічылі галасы, і на некаторых участках яны засьведчылі перамогу Ціханоўскай у першым туры. І тое, што гэтыя вынікі разыходзяцца з вынікамі ЦВК, мяркую, яшчэ згуляе на пашырэньне маштабаў пратэстаў.

— Зьвесткі паводле пратаколаў, дзе Ціханоўская перамагла, дадзеныя «Сумленных людзей», паводле якіх у траціне акругаў камісіі не завышалі яўку — гэтыя факты «бунту» участковых камісіяў пра што сьведчаць?

— У мяне няма адназначнага адказу. Магчыма, людзі меркавалі, што ім гэтае нацягваньне яўкі непатрэбнае і яны справяцца з кантролем сытуацыі на этапе падліку. Магчыма, трапіліся сумленныя людзі. І магчыма не хранічна сумленныя, а проста такія, якія разумеюць момант, разумеюць, што цана фальсыфікацыяў, у тым ліку і перад тварам калегаў і сяброў, вышэйшая, чым 10-15 гадоў таму.

У Менску былі камісіі, якія выганялі назіральнікаў, а потым давалі Ціханоўскай большасьць. Адназначна патлумачыць гэта цяжка. Відаць, не захацелася браць на душу грэх ці злачынства. Ім маглі даць загад выганяць назіральнікаў. А вось наўпростага загаду фальсыфікаваць ім маглі і не даваць.

— У чым адрозьненьне цяперашніх пасьлявыбарчых пратэстаў ад сьнежня 2010 году? Тады пратэст быў сфакусаваны ў сталіцы, лякалізаваны на адной плошчы. І раздушаны за 7.5 хвілінаў. А зараз?

— Два адрозьненьні. Цяпер лягістычна сытуацыя больш складаная для ўладаў. Рэсурсы сілавікоў расьцярушаныя. Яны вымушаныя па выбарчых участках, разганяць там людзей, яны ня могуць сабраць усе сілы ў Менску, бо трэба было нешта пакінуць у рэгіёнах, яны вымушаныя ахоўваць адміністрацыйныя будынкі.

У выніку ўдарны кулак ня быў сканцэнтраваны ў адной кропцы. І таму на праспэкце Пераможцаў не было тых 7.5 хвілінаў.

Да таго ж гэтым разам маніфэстанты больш настойлівыя. У адрозьненьні ад 2010 году людзі ўсьведамляюць, што перамогі ў Лукашэнкі няма. І гэта мацнейшая матывацыя.

Пасьля нерэгістрацыі Бабарыкі было зразумела, што акцыя салідарнасьці не магла прымусіць зьмяніць гэтае рашэньне. Зараз, відаць, у вялікай колькасьці людзей ёсьць вера, што яны вулічнымі пратэстамі могуць зьмяніць уладу.

На сілу людзі часам адказвалі сілай, былі месцы, дзе людзі давалі здачы. Людзі ня б’юць першымі, людзі ўжываюць сілу без ахвоты, няма ні палак, ні камянёў. Адказваюць не па-ўкраінску, але часам адказваюць.

Сярод пратэстоўцаў шмат маладых мужчын. Гэта ня тыя людзі, якія хадзілі на стрымы да Ціханоўскага. Магчыма, гэта тое самае нябітае пакаленьне.

— Што можна прагназаваць па маштабах першых пратэстаў?

— Выглядае, што дакладнага пляну ў пратэстоўцаў няма. Калі пляну няма, пратэсты часта вытыхаюцца.

Але паводле досьведу іншых краінаў пралітая кроў можа стаць трыгерам пашырэньня пратэстаў. Ці ім могуць стаць абсалютна нахабныя лічбы, якія будуць абвешчаныя. Гэта таксама можа стаць дадатковым бэнзінам у гэты касьцёр. Ці могуць абвясьціць паўнавартаснае надзвычайнае становішча.

Улада яшчэ не сутыкалася з такім выклікам у ХХІ стагодзьдзі. Можа нешта падобнае бывала ў 90-я, але і тады яно не было так шырока распаўсюджанае геаграфічна.

Пакуль пляну перамогі няма. Але не бывала рэвалюцыяў, якія перамагалі паводле пляну.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(9)