Выборы-2020

Шрайбман: «Мы зараз як ніколі блізкія да «ашалямляльных» выбараў»

Палітычны аглядальнік у інтэрв’ю Радыё Свабода патлумачыў, чаму недастаткова толькі электаральнай перамогі.

Размова ішла пра вядомую ў сацыялёгіі тэорыю «сьпіралі маўчаньня».

— Гэтая тэорыя апісвае дынаміку адказаў не на пытаньне людзям, каму яны аддаюць перавагу, а на пытаньне, каму, на іх погляд, аддае перавагу большасьць. Калі ўсё больш людзей лічаць, што большасьць, умоўна кажучы, за Бабарыку, гэта робіцца аб’ектыўным чыньнікам сытуацыі. У гэты бок пачынаюцца схіляцца і іх уласныя густы, — тлумачыць Юры Дракахруст. —Людзі маюць схільнасьць пазьбягаць ізаляцыі і быць у большасьці. І на гэта працуе і цяперашні мэм «Лука-3%» — мы ўжо большасьць. Ці раскруцілася гэтая «сьпіраль» у гэты бок?

— Я мяркую, што мы сёньня бліжэй за ўсё да гэтага пункту ў параўнаньні з усім мінулым, — адзначае Арцём Шрайбман. — Давайце арыентавацца на лічбу рэйтынгу Лукашэнкі ў 30%, бо мне яна падаецца справядлівай. З такім жа вынікам Мілошавіч скончыў выбары 2000 году. У Лукашэнкі сапраўды бывалі такія рэйтынгі. Але іх раней не было ў выбарчы год. І ніколі не было, каб альтэрнатыўны, антылукашэнкаўскі электарат быў мабілізаваны, а лукашэнкаўскі электарат дэмабілізаваны. Тыя настроі, пра якія вы кажаце, усеагульнае ўсьведамленьне, што большасьць — не за Лукашэнку, яно праточваецца ў ФБ.

І тут праблема для ўлады. Людзі, якія ніколі не хадзілі на выборы, падтрымліваюць Бабарыку і пойдуць на выбары, а людзі, якія падтрымліваюць Лукашэнку, падумаюць, ці ісьці на выбары і нават ці галасаваць за яго. Электаральна гэта самыя складаныя выбары для Лукашэнкі. І я згодны — мы зараз як ніколі блізкія да «ашалямляльных» выбараў.

Але тут ёсьць і «але». «Ашалямляльныя» выбары — гэта ня толькі першая фаза, ня толькі атрыманьне электаральнай большасьці. А наступныя фазы — гэта ня тое, што адбудзецца само па сабе. Гэта канкрэтныя дзеяньні канкрэтных людзей. Выбарчыя камісіі павінныя пачаць даваць збоі. Настроі «Саша 3%» ці нават «Саша 30%» павінныя пратачыцца ў галовы чальцоў выбарчых камісіяў, якія будуць гатовыя рызыкнуць. Мы ня ведаем, як у такой сытуацыі будзе паводзіць сябе Бабарыка.

Бабарико пояснил «Форбсу», что будет означать фактическую отмену выборов

У той жа Сэрбіі ў 2000 годзе выбаркамы далі Каштуніцу недзе 48%. Іншымі словамі, людзі ішлі на вуліцы за некалькі скрадзеных адсоткаў. Калі ў нас выбарчыя камісіі дадуць Бабарыку 15%, гэта з аднаго боку выкліча большае абурэньне, зь іншага боку, паказвае, што гэтыя выбарчыя камісіі ляяльныя ўладзе. Інакш кажучы, чакаць простага расколу элітаў ня варта.

І яшчэ адрознасьць Беларусі ад краінаў, дзе адбыліся «ашаламляльныя» выбары — гэта маналітнасьць рэжыму ў сілавым блёку. Сілавікі Сэрбіі даволі хутка сталі нэўтральнымі і ўсталявалі ўзаемадзеяньне з апазыцыяй. У мяне няма ўпэўненасьці, што гэтак адбудзецца ў Беларусі.

Але варта ўліваць і той чыньнік, што ўлада ўмее «страляць сабе ў нагу». Апошнія месяцы яна робіць шэраг крокаў, якія пагаршаюць яе становішча.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(57)