“Шпіёнская гульня”<br>з удзелам былога менскага журналіста?

Супрацоўнік Чэскага тэлебачаньня ў Маскве Ян Молачак пазбаўлены з акрэдытацыі Міністэрствам замежных спраў Расейскай Фэдэрацыі, у адказ на адмову ў акрэдытацыі карэспандэнта расейскага агенцтва Леаніда Сьвірыдава. Ва ўчорашнім нумары газэты “DNES” чэскі журналіст называецца ахвярай “вялікай шпіёнскай гульні”. Добра інфармаваны чэскі дыплямат заявіў газэце, што Леанід Сьвірыдаў “быў чэскімі службамі выведкі выкрыты як агент, які працаваў у Чэхіі пад дахам журналіста”.

У пачатку 90-ых гадоў Леанід Сьвірыдаў працаваў карэспандэнтам менскага бюро Усерасейскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “Россия” . З 2001 году ён працаваў у Празе карэспандэнтам агенцтва «РИА-Новости», з 2003 году працуе ў Варшаве.

Як піша газэта “DNES” са спасылкай на чэскага дыплямата, Ян Молачак мог бы застацца ў Маскве, але пры ўмове, што Прага “адкліча выдварэньне” Леаніла Сьвірыдава.

Леанід Сьвірыдаў, які працуе цяпер у Варшаве, заявіў нашаму радыё, што ўпершыню журналісцкай акрэдытацыі ў Чэхіі яго пазбавілі яшчэ год таму, потым акрэдытацыя была адноўленая на тры месяцы, а ў сакавіку сёлета чэскі МЗС канчаткова адмовіў спадару Сьвірыдаву ў акрэдытацыі.

У траўні сёлета журналісту — грамадзяніну Расеі — не далі чэскую візу.

Паводле словаў Леаніда Сьвірыдава, у абодвух выпадках МЗС Чэхіі ніяк не патлумачыў сваё рашэньне.

(Сьвірыдаў: ) “Я кажу, што мяне проста фізычна не было на тэрыторыі Чэхіі ў гэты час, таму абвінавачаньні ў шпіянажы гэта не да мяне. Дый увогуле, якія дакумэнты НАТА і Эўразьвязу можна шукаць у Празе? Чаму не ў Брусэлі, напрыклад? Дарэчы шэнгенская віза ў мяне ёсьць, пасьля гэтай чэскай гісторыі я працягнуў візу і акрэдытацыю ў Славаччыне — без праблем. Што да высылкі чэскага журналіста з Расеі, дык тут можна толькі здагадвацца, зьвязаныя гэтыя выпадкі ці не. Думаю, што кожны разумны чалавек зробіць выснову сам — я ж маю грамадзянства Расейскай Фэдэрацыі”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)