Политика

«Шоу, которым живёт вся страна»

Дзяржаўныя СМІ распавядалі пра выбары ў тры разы менш, чым пра дзіцячае «Еўрабачанне». Такія дадзеныя прыводзіць Беларуская асацыяцыя журналістаў, паводле маніторынгу «Асвятленне прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. у беларускіх СМІ» за 1 – 20 лістапада 2010 г.

Дадзеныя другога этапу маніторынгу беларускіх электронных і друкаваных СМІ сведчаць: тэма прэзідэнцкіх выбараў па-ранейшаму застаецца маргінальнай. Дзяржаўныя СМІ працягвалі ігнараваць усіх патэнцыйных кандыдатаў, акрамя дзеючага прэзідэнта. Для спажыўцоў дзяржаўных медыя іх асобы і прозвішчы засталіся невядомымі.

Дзяржаўныя медыя: Пра выбары столькі ж, колькі пра надвор’е

Навінавая праграма “Панарама” (Першы нацыянальны канал Беларускага тэлебачання) яшчэ больш акцэнтавала ўвагу на дзейнасці кіраўніка краіны амаль 85% часу параўнальна з усімі іншымі суб’ектамі маніторынгу супраць 75% у папярэдні перыяд. Другім значным суб’ектам з’яўляецца ЦВК (амаль 11% часу). Увага да дзейнасці астатніх суб’ектаў вагаецца ў межах 1%.

Тэме выбараў на гэты раз было адведзена больш часу, чым у папярэдні перыяд: 3% (раней гэты паказчык складаў 0,86% часу). Гэта па часе столькі ж, колькі прысвечана прагнозу надвор’я. А галоўнай тэмай праграмы была падрыхтоўка да правядзення Еўрабачання. 19.11.10 праграма распачала свой выпуск словамі: “Шоу, которым живёт вся страна. Президент сегодня поднялся на сцену детского Евровидения”. І сапраўды, час, адведзены розным сюжэтам на гэтую тэму, складае за гэты перыяд маніторынгу 1 гадзіну 12 хвілін, альбо амаль у 3 разы болей за час, адведзены выбарчай тэматыцы.

Параўнальна з папярэднім этапам маніторынгу праграма “Наши новости” АНТ таксама павялічыла ўвагу да тэмы выбараў (6,8% супраць 3,3% часу суадносна з іншымі рубрыкамі). Аднак не прадэманстравала хоць якога прагрэсу ў справе асвятлення дзейнасці патэнцыйных кандыдатаў – супернікаў А. Лукашэнкі. Так, дзеючы прэзідэнт прысутнічаў на экране амаль 54 хвіліны, а астатнія (за выняткам Рымашэўскага) прэтэндэнты на пасаду кіраўніка краіны ўсе разам мелі толькі крыху болей за 2 хвіліны.

Лукашэнка і ЦВК сталі галоўнымі дзеючымі асобамі і ў астатніх дзяржаўных медыя.

Недзяржаўныя СМІ: Някляеў абагнаў Лукашэнку

Мала чым адрознівалася ад папярэдняга перыяду асвятленне ў недзяржаўных СМІ. Усе суб’екты пры гэтым ацэньваліся збалансавана, г. зн. як нейтральна, так і пазітыўна ці адмоўна ў некаторых выпадках.

У газеце “Наша ніва” патэнцыйныя кандыдаты крыху страцілі ва ўвазе да сябе. Але, як і раней, відавочным лідарам быў сп. Някляеў (25% плошчы параўнальна з астатнімі суб’ектамі). Найбліжэйшы ягоны канкурэнт А. Лукашэнка мае крыху болей за 14%. Праўда, на гэты раз сп. Някляеў рэпрэзентуецца прыкладна ў аднолькавых долях нейтральна і негатыўна. Гэтак жа сама як і А. Лукашэнка.

Газета “Народная Воля” , як і ў папярэдні перыяд, асноўную ўвагу надала ўладзе (амаль 35%), да якой паставілася галоўным чынам крытычна. Што да патэнцыйных кандыдатаў, дык крыху больш за дзесяць адсоткаў плошчы (параўнальна з астатнімі суб’ектамі) атрымаў А. Лукашэнка, 9% Кастусёў, амаль 7% – Раманчук, па аднаму з невялікім адсоткаў атрымалі Някляеў і Саннікаў, і амаль 0,4% Ус.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)