Шок ва ўпраўленнях уласнай бяспекі: работнікі міліцыі, СК, КДБ выступаюць супраць Лукашэнкі
Сацыяльныя сеткі нервова адрэагавалі на брутальныя затрыманні мірных грамадзян 18-21 чэрвеня і наступныя суды па ўсёй краіне. Сілавікоў, якія мелі неасцярожнасць асабліва праявіць сябе падчас хапуна, імгненна ідэнтыфікоўвалі, піша Наша Ніва.
Каб падтрымаць у вачах грамадства давер да скампраметаваных праваахоўных інстытутаў, у сацыяльных сетках стыхійна пачалі з'яўляцца паўананімныя сведчанні таго, што не ўсе людзі ў пагонах гатовыя выконваць спрэчныя загады.
Гэта праяўляецца так: вядучым палітычным блогерам праз форму зваротнай сувязі пачалі прыходзіць фота ў форме, або службовыя пасведчанні, або іншы індэнтыфікатар належнасці да сілавой структуры. З дабаўленай палітычнай рэмаркай.
Робіцца гэта ўсё пад тэгам #пагоныпобач.
Суправаджальная лічба «97%» — гэта палітычны гумар, які сімвалізуе вынікі інтэрнэт-галасаванак аб падтрымцы Лукашэнкі, у якіх ён набіраў 3%. Адпаведна — людзі прылічваюць сябе да астатніх 97%.
У сацыяльных сетках ужо дзясяткі такіх публікацый. Не ўсім ім можна безумоўна давяраць, але нешта выглядае досыць праўдападобна.
Да гэтага флэшмоба далучыліся прадстаўнікі бадай што ўсіх сілавых структур: КДБ, ААЦ, войска, СК, Пракуратура, розныя падраздзяленні МУС — ад ДАІ да ГУБАЗіК.
Наколькі вядома «Нашай Ніве», у некаторых аддзелах ад учора быў абвешчаны рэжым трывогі: службы ўласнай бяспекі правяраюць у супрацоўнікаў тыя рэчы, па якіх можна ідэнтыфікаваць «рэнегатаў».
Ужо вядомыя розныя метады пошуку: ажно да вымярэння міліметровай лінейкай водступаў ад пячатак. Але пакуль не чуваць ні пра аднаго ідэнтыфікаванага.
Вядома таксама, што ў некаторых службах сёння мусова правяраюць мабільныя тэлефоны ў спадзеве знайсці нешта ідэалагічна «забароненае» кшталту падобных фотаздымкаў ці чатаў у месенджарах з палітычнымі блогерамі.
Тыя, хто адмаўляецца паказваць тэлефон, нібыта трапляюць пад падазрэнне.
У некаторых аддзелах начальства звяртаецца да служачых з застрашваннем і апісаннем магчымых наступстваў у выпадку ўдзеле ў флэшмобе #пагоныпобач.
Але няма сведчанняў, што дзеянні службаў уласнай бяспекі ведамстваў неяк змяншаюць маштаб з'явы: ледзь не штогадзіну ў сацыяльных сетках з'яўляюцца новыя фота, а да гэтага флэшмоба далучаюцца іншыя работнікі дзяржаўных устаноў — ад медыкаў да журналістаў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное