Общество

Таццяна Гусева

Шматдзетны бацька: Залічэнне старэйшага сына ў дзіцячы сад каштавала барабан фарбы

Бацька чацвярых дзяцей Дзмітрый Цаўлоўскі ў праекце «Адваротны бок медаля» падзяліўся сваімі развагамі пра паборы, падарункі настаўнікам і пякельныя тэмы ў бацькоўскіх вайбер-чатах.

— У нас чацвёра дзяцей. Старэйшы ўжо паўналетні, малодшая наведвае яслі. Сярэднія вучацца ў гімназіі. Такім чынам мы з жонкай назіраем тутэйшую сістэму адукацыі з найкарацейшай дыстанцыі амаль дваццаць гадоў, — распавядае Дзмітрый.

З выцягваннем грошай з бацькоўскіх кішэняў многія сутыкаюцца яшчэ да таго, як дзіця ўпершыню пераступіць парог дзіцячага саду ці школы. Практыка прапановаў «дапамагчы фінансава» падчас падачы заявы аб залічэнні не перапынялася ніколі. Наяўнымі грашыма, натуральным разлікам ці пералічэннем на карысць апякунскай рады — гэтак ці інакш, але вам прапануюць адразу згадзіцца з тым, што забяспечваемая дзяржавай (ці «бясплатная», як яе часцей называюць) адукацыя будзе каштаваць для вас дадатковых грошай. Ці можна не плаціць?

Можна, але ня ўсім. Залічэнне старэйшага ў дзіцячы сад абыйшлося мне ў барабан фарбы (25 кг) і нейкія малярныя дробязі. Гэта было першае сутыкненне з сістэмай.

Дамінуючая ў грамадстве вельмі шкодная аксіёма «ўсё адно давядзецца плаціць» зрабіла сваю працу. Болей «уваходных квіткоў» мы не куплялі.

У раёне, дзе жыве сям’я Дзмітрыя, хапае садоў і школ:

— Адміністрацыі ўстаноў адукацыі не маюць магчымасці адмовіць. А калі ёсць гарантаваны варыянт, можна ж спрабаваць грукацца ў іншыя дзверы. Таму без усялякіх выдаткаў аддавалі дзяцей вучыцца і не па месцы рэгістрацыі. Аднак ёсць тыя, хто адразу знаходзяцца ў становішчы просячых.

Непадалёк ад нас Каменная горка. Жыллё там будуецца хутка, а школаў і садоў пакуль катастрафічна не хапае. Тамтэйшым бацькам раяць самім шукаць варыянты, зручнейшыя за тыя, каб вазіць дзіця праз паўгораду. Яны маюць быццам бы тыя самыя правы, але ім могуць цалкам законна адмаўляць.

Дзмітрый лічыць любыя зборы грошай — ці то на патрэбы садка-школы, ці на калектыўныя падарункі ад бацькоў — справай нягоднай.

— Хочаш адпаведнасці сваім ідэальным уяўленням за грошы — карыстайся паслугамі прыватных установаў. Хочаш адукацыі за бюджэтныя сродкі — атрымлівай тое, на што здольная дзяржаўная сістэма.

На сваёй старонцы ў Фэйсбуку Дзмітрый выказваўся: аплочваць наяўнымі рамонт у класе ці групе — злачынства.

«Што нярэдка адбываецца, калі бацькі наяўнымі грашыма аплочваюць рамонтна-будаўнічыя працы?

Праз пэўны час афармляюцца фіктыўныя акты выкананых работ. Дзяржаўныя грошы пералічваюцца на рахункі адмысловых фірмаў і з пэўнымі стратамі вяртаюцца да «распарадчыкаў» гатоўкай. Нават калі гэтыя грошы потым выкарыстоўваюцца выключна на карысць дзіцячай установы, гэта — злачынства (згодна актуальнага заканадаўства). Але ў такія казкі я ня веру. Грошы гэтыя, хутчэй за ўсё, застаюцца ў кішэнях, датычных кіраўнікоў.

Ці можна дапамагчы, як ужо карціць, але не ўдзельнічаць у злачынстве?

Зусім нескладана. Перавесці грошы на рахунак школы/дзіцячага саду з пазнакай «бацькоўская дапамога на ***** (напрыклад, рамонт кабінэту N°...)». І папрасіць потым справаздачу. Калі будзе відавочна, што грошы патрачаныя нядбайна (драўляныя дзверы ўсталявалі за 2000 рублёў), будзе магчымасць звярнуцца да ворганаў фінансавага кантролю».

— Ці гаварылі вы пра гэта з бацькамі дзяцей, якія вучацца з вашымі? Якая была рэакцыя?

— Так. Не аднойчы даводзілася абмяркоўваць выцягванне грошай з іншымі бацькамі. Ва ўсіх калектывах сустракаў здольных самастойна крытычна думаць. Звычайна яны маюць падобны да майго пункт гледжання.

Былі і такія, хто шчыра казаў, што падаткі плоцяць далёка не з усіх даходаў, таму сумленне прымушае іх кампенсаваць нейкім чынам выдаткі на адукацыю сваіх дзяцей.

Шмат тых, каго паборы абураюць, але яны мяркуюць, што нічога не здольныя змяніць. Таму гатовыя рабіць ўсё, што патрабуюць супрацоўнікі сістэмы адукацыі, бо лічаць (і не безпадстаўна), што тыя ў стане нашкодзіць дзецям.

Але ёсць і палымяныя прыхільнікі збірання грошай. Менавіта праз іх ніхто не можа скасаваць гэтую ганебную практыку. Яны лічаць, што адукацыя фактычна даўно платная, і адмаўляць гэты факт злачынна ў дачыненні да свайго дзіцяці. Менавіта на іх абапіраецца адміністрацыя праз настаўнікаў і выхавацеляў.

На бацькоўскіх сходах яны заўсёды пераводзяць размову з «чаму і навошта плаціць» на «па колькі грошай збіраць». І з гэтага моманту бадай нічога зрабіць немагчама. Пачынаюцца рэгулярныя пытанні «калі здадзіце?», якія часам спалучаюцца з хамствам. Гэта чыстае вымагальніцтва, калі, ашчаджаючы сваё здароўе, стараешся хутчэй аддаць грошы, абы не мець справаў з гопніцтвам.

— Ці дае бацькоўскі камітэт справаздачу, на што была патрачаная бацькоўская дапамога? Вы ведаеце, што набываюць для класа ці групы ў садку?

—Звычайна бацькоўскія камітэты робяць поўныя і падрабязныя справаздачы. Дзяцей у нас нямала, таму даводзілася і самім быць у бацькоўскіх камітэтах. Зараз на прапановы «папрацаваць» у бацькоўскім камітэце, кажу, што ўсё буду рабіць па законе праз разліковы рахунак установы. Адразу адмаўляюцца.

Бывае інакш. У класе малодшага сына ужо тры гады ўзначальвае бацькоўскі камітэт жанчына, якая дэманстратыўна і прынцыпова не дае справаздачы: «Не буду я нічога распісваць. Хочаце ўсё ведаць, самі і займайцеся». Усе маучаць. І далей здаюць ёй грошы.

На думку Дзмітрыя, бацькоўскія сходы падкрэсліваюць розніцу паміж шматдзетнымі сем’ямі і тымі, дзе гадуецца адно дзіця.

— Усе гэтыя «давайце хутчэй вызначым суму», «навошта абмяркоўваць, толькі час цягнеце», «паўсюль купляюць» найчасцей гучаць ад апошніх. Яны не хочуць разумець, што іхнае «няўжо шкада 50 рублёў на сваё дзіця» азначае 200 у выпадку чатырох. Як і не хочуць задумацца над тым, ці дапамогуць хоць нечым гэтыя ахвяраванні дзецям.

— Якія памеры бацькоўскіх унёскаў цяпер у мінскіх школах-садках? І на што, акрамя патрэбаў установы адукацыі, здаюць грошы бацькі?

— Падлічыць, колькі грошай школа ці сад «прапануе» ахвяраваць, даволі складана. Афіцыйна гімназія ў гэтым навучальным годзе аб’явіла: бацькі здаюць 20 рублёў у апякунскую раду і 17 рублёў на ваду.

Дзіцячы сад — дзве базавых велічыні з сям’і (незалежна ад колькасці дзяцей) у апякунскую раду. Ваду прыносім па чарзе самі і вымушаныя дакупляць гігіенічныя сродкі.

Неафіцыйныя ж траты звычайна значна большыя. І тут цяжка размежаваць ініцыятараў. Распараджэнні адміністрацыі, хацелкі класных кіраўнікоў і ініцыятыўных бацькоў. Нешта абмяркоўваецца, нешта ціха марнуецца пад грыфам «патрэбы класа». Самы вялікі артыкул раней быў рамонт памяшкання, зараз, напэўна, аргтэхніка і яе абслугоўванне.

Не самая затратная, але вельмі нервовая тэма — падарункі. У вайбэр-чаціках яна выклікае сапраўднае пекла. Сотні паведамленняў за вечар. Амаль за два дзесяцігоддзі мне ніхто ўцямна не здолеў патлумачыць, а чаму трэба шэсць разоў на год віншаваць настаўнікаў? Калі шчыра, я сам ужо даўно і не пытаюся, але час ад часу гэта робяць калегі па няшчасцю.

На Дзень настаўніка і на апошнія званкі амаль ва ўсіх мінскіх школах ёсць абавязковыя планы па букетах. Звычайна нехта з завучаў даводзіць класным кіраўнікам, колькі букетаў і для каго канкрэтна яны павінны забяспечыць за кошт бацькоў.

Мать школьницы: «Денег, собранных на цветы учителям, хватит на лимузин и не только»

Вельмі хворае для мяне пытанне — падарункі дзецям. Я ўпэўнены, што гэта шкодна з педагагічнага пункту гледжання. Але ў дзіцячым садзе няма аніякай магчымасці іх пазбегнуць. Проста не прыводзіць дзіця на ранішнік не выхад. Мала таго, што яны ладзяцца ў працоўны час, падрыхтоўка да іх распачынаецца як меней за месяц і з’яўляецца часткай адукацыйнага працэсу. Падрыхтаваць жа дзіця да таго, што яно не атрымае падарунка ў той час, калі атрымліваюць усе, цяжка, калі ўвогуле магчыма. У школе троху прасцей, можна проста не наведваць адпаведныя мерапрыемствы.

Мала хто кранае тэму дзейнасці турбізнесу ва ўстановах адукацыі. І нават справа Даната Скакуна, у каторай «ахвяра» выкарыстоўвала падлеткаў у якасці кур’ераў турфірмы, не прымусіла Міністэрства адукацыі выгнаць прадаўцоў са сваіх установаў. Што ў іх дрэннага? Яны купляюць настаўнікаў бясплатнымі паездкамі (ці супер-зніжкамі) для суправаджаючых.

Напрыклад, адна з класных кіраўніцаў збянтэжыла пасажам: «Трэба вырашыць, куды мы з дзецьмі паедзем. Я са сваім папярэднім класам ездзіла кожныя канікулы. Я б хацела наведаць Парыж, Берлін і Санкт-Пецярбург». Так, прымусіць удзельнічаць у гэтым немагчыма. Але негатыўных наступстваў пазбегнуць таксама.

Са старэйшым была гісторыя, калі дзве траціны класа з настаўніцай адпачыла некалькі тыдняў у Балгарыі. Клас пасля гэтага выразна падзяліўся на дзве часткі. І было некалькі непрыемных выпадкаў з гэтай нагоды.

Отец троих детей — учителям: «А вы пришли домой к родителям Коли, который живет в Дроздах?»

А як лічыце вы: ці варта здаваць грошы на патрэбы школ і садкоў? Ці змянілася стаўленне да вашых дзяцей, калі вы адмаўляліся гэта рабіць — дзяліцеся сваім досведам на старонцы «Салідарнасці» у Фэйсбуку

Спецпраект —  «Адваротны бок медаля» («Обратная сторона медали») — заснаваны на асабістым досведзе вучняў, студэнтаў, выкладчыкаў і бацькоў. Мы распавядаем пра тое, што адбываецца ў дзіцячых садках, школах, тэхнікумах і ВНУ.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(25)