Лица

Шматдзетную маці пакаралі буйным штрафам за самаробную ляльку, падобную да Лукашэнкі

Суд Навабеліцкага раёну Гомля аштрафаваў на 810 рублёў шматдзетную маці Натальлю Глазкову. Яна пашыла цацку «Беларускі Пачакун» і сфатаграфавала яе зь бел-чырвона-белым сьцяжком, піша Свабода.

Міліцыю выклікала выпадковая жанчына, якой здалося, што цацка падобная на Лукашэнку. Суд расцаніў гэта як несанкцыянаваны пікет.

Справу разглядала судзьдзя Дар’я Аскерка.

Натальля патлумачыла, што два тыдні таму ёй прысудзілі буйны штраф за здымак зь бел-чырвона-белым сьцягам. Каб яго выплаціць, яна пашыла цацку «Беларускі Пачакун» і зьбіралася прадаць яе праз аўкцыён. Для аўкцыёну Натальля зь сяброўкай Аксанай вырашылі сфатаграфаваць цацку на фоне прыроды. У фатасэсіі сяброўкі выкарысталі невялікі бел-чырвона-белы сьцяг.

Натальля Глазкова

Паводле ж пратаколу міліцыянта Яўгена Кавалёва, Натальля «ў загадзя дамоўленым месцы абазначыла сябе цацкай у чырвоным пінжаку і зь бел-чырвона-белым сьцягам і такім чынам правяла пікет без дазволу гарвыканкаму».

«Які артыкул забараняе фатаграфаваць цацку? Што значыць „загадзя дамоўленае месца“? З кім я дамовілася? Мы былі ўтрох — Аксана, я і Пачакун. Праводзілі фатасэсію. Цацку мы несьлі ў чорным непразрыстым пакеце, вымалі, фатаграфавалі літаральна 20-30 сэкундаў і хавалі ў пакет. Я сама шыла цацку. Ніякім законам гэта не забаронена», — патлумачыла на судзе Натальля.

«А чаму выкарысталі менавіта бел-чырвона-белы сьцяг? Гэта што? Падтрымка пратэсту? Выказваньне вашых поглядаў?» — пацікавілася судзьдзя.

«Гэта проста прыгожа! Мне падабаюцца такія колеры — белы і чырвоны. Тым больш цяпер гэты сьцяг актуальны і модны», — адказала Натальля.

«Вас не насьцярожыла, што вашы любімыя колеры могуць выклікаць пытаньні?» — спыталася судзьдзя.

Паводле паказаньняў сьведкі Юліі Іванчанкі, зачытаных на судзе, яна заўважыла ў зоне адпачынку «Сажалкі» дзьвюх жанчын, якія фатаграфавалі «цацку, падобную да прэзыдэнта» і таму выклікала міліцыю.

Судзьдзя прыйшла да высновы: «Вы сваімі дзеяньнямі спрабавалі выказаць сваё стаўленьне да падзей грамадзка-палітычнага характару без дазволу гарвыканкаму».

Раней сяброўку Натальлі Аксану Ліхадзіеўскую пакаралі штрафам у памеры 25 базавых велічынь таксама за фатасэсію з цацкай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.6(18)