Общество
Сяргей Балай

«Шляхамі паўстанцаў» па Берасцейшчыне

Аматары роднай гісторыі з асобнiкамi «Мужыцкай праўды» у руках рушылi па мясцінах, якія так ці інакш звязаны з падзеямі паўстання 1863 году на Беларусі.

Турыстычна-краязнаўчы маршрут па мясцінах паўстання Каліноўскага ўжо другі раз паспяхова адбыўся з ініцыятывы мінскага турыстычнага агенства “Дэлфін-груп”.

Маршрут пачаўся з наведвання помніка на месцы самай буйной бітвы часоў паўстання на Беларусі, побач з вескай Мілавіды. Менавіта тут 3 чэрвеня 1863 года атрады паўстануцаў перамаглі царскія войскі. Разам з цікаўнымі турыстамі да мемарыяльнай стэлы пад’ехалі грамадскія актывісты з Баранавіч.

– Снег сышоў і трэба прыбраць помнікі, тым больш што адзін з іх апынуўся на месцы аўтамабільнай аварыі, – кажа праваабаронца Сяргей Гоўша.

Экскурсаводы і арганізатары, апранутыя ў строі касінераў і ўдзельнікаў паўстання, падрабязна распавядалі пра падзеі і асобы, звязаныя з тым ці іншым пунктам вандроўкі.

Гэта другая наша экскурсія па месцах паўстання, – распавёў “Салідарнасці” дырэктар турагенства Аляксандр Дуко. – Самі бачыце, што гісторыяй і культурай Беларусі цікавяцца самыя розныя людзі. І моладзь, і людзі сталага ўзросту.

Арганізатары падыйшлі да справы інтэрактыўна, раздаўшы на самым пачатку ўсім удзельнікам вандроўкі копіі знакамітай “Мужыцкай праўды”, а касінеры перыядычна ладзілі невялікія пастаноўкі, дэманструючы валоданне шаблямі.

Наступны пункт вандроўкі – шыбельная гара, дзе царскія ўлады пакаралі палонных смерцю. На гары стаіць крыж і нібыта яшчэ растуць дрэвы, на якіх скончылі сваё жыццё ўдзельнікі паўстання.

Яшчэ адно масавае пахаванне паўстанцаў захавалася на каталіцкіх могілках ў Косаве. Побач з каменным крыжом, усталяваным ў 20-х гадах мінулага стагоддзя, суседнічае велізарны драўляны, прыхілены да высокай сасны. Хлопцы-касінеры шаблямі аддаюць гонар магіле патрыётаў.

У косаўскім Троіцкім касцеле хрысцілі яшчэ аднога славутага беларуса – Тадэвуша Касцюшку. Тут жа – жыватворная ікона, якая, па словах жанчыны, што даглядае касцёл, памагае нават безнадзейна хворым.

Літаральна за паваротам – камічны ганак мясцовага палаца культуры з адваліўшыміся літарамі, а далей па шляху вандроўкі палац Пуслоўскіх і музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі. Знакаміты на ўвесь свет палац знаходзіцца на рэстаўрацыі і агароджаны плотам, але ацаніць яго прыгажосць можна і ў пахмурны дзень.

Апошнім пунктам вандроўкі сталі Ружаны з непаўторным палацам Сапегаў, касцёлам і царковой ХVII ст.

– Гэта не апошняя наша вандроўка на цікавыя тэмы па прыкметных мясцінах Беларусі, – адзначыў Аляксандр Дуко. – 18 мая мы наведаем Свіслач, дзе вучыліся кіраўнікі паўстання 1863 году Кастусь Каліноўскі і Рамуальд Траўгут, завітаем ў мястэчка Якушоўка, дзе прайшло дзяцінства і юнацтва Кастуся і Віктара Каліноўскіх, таксама цягам маршуту мы пабачым мноства цікавых помнікаў архітэктуры (сядзібы, сінагогі, касцёлы і цэрквы), месцы баёў часоў паўстання і пахавання іх удзельнікаў, – падсумаваў арганізатар вандровак.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)