Школьнікі даслалі больш за 150 казак на конкурс ЮНЭСКА аб сучаснай Беларусі
Больш за 150 казак аб сучаснай Беларусі даслалі школьнікі на конкурс ЮНЭСКА, паведамляе Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЭСКА. Конкурс стаў часткай беларуска-аманскага праекта, прысвечанага еўрапейска-арабскаму дыялогу паміж Усходам і Захадам увогуле і Беларуссю і Султанатам Аман у прыватнасці. Журы адабрала толькі 13 прац, якія працягнулі ўдзел у праекце.
Наступным этапам стане падрыхтоўка ілюстрацый да казак, напісаных аманскімі і беларускімі ўдзельнікамі, пераклад казак на арабскую і англійскую мовы, выданне і прэзентацыя зборніка беларуска-аманскіх казак.
Конкурс дзіцячых казак праводзіўся з сакавіка па красавік і быў прымеркаваны да Міжнароднага дзесяцігоддзя збліжэння культур, якое працягнецца да 2022 года. Арганізатарам конкурса, акрамя Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЭСКА, выступілі Нацыянальная камісія Беларусі па справах ЮНЭСКА і Міністэрства адукацыі.
Мы вырашылі прывесці некалькі цытат з казак, якія трапілі ў лік 13 пераможцаў (стыль і арфаграфія арыгінала захаваныя).
“Цудоўны скарб”, Ярмак Сняжана, 13 год, Мазырскі раён
"Даўным-даўно гэта здарылася. Так даўно, што нават нашыя бабулі і дзядулі чулі пра гэта ад сваіх бабуль і дзядуль. Аднойчы вясновай раніцай людзі прачнуліся і не змаглі размаўляць на роднай мове. Яны нават не здагадваліся, што ноччу, пакуль усе спалі, прыляцеў сквапны цмок і ўкраў мову.
(…)
Заваражыў ён нашых продкаў, пасеяў па нашай зямлі скляроз-траву і разляцеліся весткі ва ўсе канцы, што няма такога народа – беларусы і няма мовы беларускай.
(…)
Што пасля гэтага пачалося ў краіне! Холад непаразуменняў ахінаў зямлю і пранікаў у душу беларуса. Іх нічога не радавала: ні цёплае веснавое сонейка, ні першы дожджык, ні спеў птушак. Нават усмешкі дзяцей не так радавалі! А ўсё таму, што не маглі беларусы перадаць словамі на чужой мове свае пачуцці, падзяліцца радасцю або таямніцамі. Вядомыя паэты і пісьменнікі перасталі сачыняць творы, бо словы з іншых моў не складаліся ў цікавыя і мілагучныя радкі.
Так і перасварыліся б усе канчаткова, каб адзін хлопчык не знайшоў у лесе хованку сквапнага цмока. Пад лісцем папараці ляжалі друкаваныя часопісы на забытай, але такой роднай сэрцу мове. Хлопчык прывёў на гэтае месца дарослых, цудоўны скарб быў выратаваны. Літары здаваліся такімі знаёмымі, што людзі змаглі скласці іх у словы, словы – у сказы і, урэшце, прачыталі ўсё, што было там напісана. А прачытаўшы, людзі ўспомнілі беларускую мову, свае карані".
“Дзіўны дыямент”, Зайцава Ганна, 11 год, Добрушскі раён
"– Мы жыхары Касмічнага Царства, – пачаў Марсік, – прыляцелі высветліць, адкуль у наша Царства трапілі дзіўныя промні. А на гэтым месцы спыніліся таму, што з вышыні ўбачылі вялізны бліскучы дыямент. А ты не ведаеш, што гэта за дыямент?
– Гэта Беларуская Нацыянальная бібліятэка, а ніякі ні дыямент, – патлумачыў Пік.
– Дык гэта збудаванне зроблена жыхарамі вашай краіны? – не паверыў Лунік.
– Гэта будова – адна з годнасцей Беларусі. Вы сапраўды нічога не ведаеце пра нашу краіну? – здзівіўся Пік і працягнуў. – Наша краіна хоць і невялікая, але ж на яе тэрыторыі знаходзіцца шмат цікавага і дзіўнага. Беларусь вядома як краіна машынабудавання. У нас здабываюць нафту, калійныя ўгнаенні, пясок, гліну, вапну".
"Пушысцік”, Ваенская Аляксандра, 11 год, Мазыр
"Раптам зубранё пачало заўважаць, што людзі (так іх называў у статку самы стары зубр) увесь час ім дапамагаюць. Калі зубры падыходзілі да кармушак, то яны былі запоўнены смачным кормам. А тут яшчэ па пушчы разнеслася чутка, што яны шукаюць імя для талісмана – зубра. “Дзіўныя яны, гэтыя людзі! – разважала зубранё. – І што яны там устанаўліваюць? А што там напісана?”
Калі б герой нашай казкі ўмеў чытаць, то ён прачытаў бы наступнае: “Беларуская федэрацыя хакея працягвае прынімаць заяўкі ад жыхароў краіны, якія павінны прыдумаць імя і біяграфію для талісмана чэмпіяната – зубра".
Усе казкі бываюць толькі са шчаслівым канцом. Так і ў нашай. Здарылася тое, што павінна было здарыцца. Зубранё прыкмеціла, што людзі часта падыходзілі да загарадзі, каб палюбавацца зубрамі. Асабліва зубраняці спадабалася невялікая дзяўчынка. У яе нават было прыгожае імя – Маша. Дзяўчынка стала больш увагі ўдзяляць свайму новаму сябру, нават частавала смачным хлебам.
А як Маша ўмела катаецца на каньках! – уздыхала зубранё, паглядаючы ў бок невялікага азярца, што знаходзілася непадалёку ад загарадзі. – І я так хацеў бы навучыцца. А ці атрымаецца ў мяне стаць на канькі?
Вось і зараз Маша імкліва набірае хуткасць, пасля нечакана спыняецца і крычыць:
– Пушысцік! Пушысцік!
Ой, а чаму мне так прыемна чуць гэтыя словы? – усхвалявана падумала зубранё.
Трошкі аддыхаўшыся, дзяўчынка прыкладае да сваіх шчок далоні і зноў крычыць:
– Гэ-гэй! Пушысцік!
А праз некалькі дзён каля загарадзі з’явіўся рэкламны шчыт, на якім наш герой пазнаў сябе.
– Тата, мама! Гэта ж я! – закрычала ўзбуджанае зубранё.
– І сапраўды гэта наш сынок, – з гордасцю сказала зубрыха.
– І ў мяне ёсць імя, – не стрымалася зубранё.
А побач стаяў бацька і з вялікай пяшчотай глядзеў на свайго сыночка. Ён ужо даўно здагадаўся, якое імя будзе ў талісмана будучага чэмпіяната свету па хакею – зубра.

З гэтага часу Пушысцік стаў героем пушчы, а беларускі хакей набыў імя для свайго талісмана".
“Султанава дапамога”, Ляшкевіч Злата, 10 год, Карма
За шырокімі марамі, за высокімі гарамі, за палямі далёкімі жыў-быў стары султан. Жыў ён у вялікім прыгожым палацы з трыма сваімі сынамі. У старэйшага і сярэдняга сыноў султана былі жонкі, а ў малодшага – не было. І вось вырашыў султан пажаніць свайго малодшага сына. Паслаў ён ганцоў у краіны заморскія далёкія, каб паведамілі яны, што малодшы сын султана шукае сабе нявесту.
З усіх канцоў свету з’ехаліся прыгажуні. І так іх было багата, і такія ўсе яны былі прыгожыя ды статныя, што ніяк малодшы сын не мог выбраць сабе жонку. Султан гэта бачыў і вырашыў дапамагчы свайму сыну. Загадаў тады султан усім прыгажуням прыгатаваць самую смачную страву сваёй краіны. Даў ён дзяўчынам адзін дзень на выкананне задання. І вось раніцай другога дня пачалі несці прыгажуні стравы свае. Чаго там толькі не было! Чаго толькі не прыйшлося паспрабаваць султану! Але больш за ўсё ўразілі яго аладкі незвычайныя з заморскага карняплоду – бульбы.
"Загадаў тады султан усім прыгажуням прыгатаваць самую смачную страву сваёй краіны. Даў ён дзяўчынам адзін дзень на выкананне задання. І вось раніцай другога дня пачалі несці прыгажуні стравы свае. Чаго там толькі не было! Чаго толькі не прыйшлося паспрабаваць султану! Але больш за ўсё ўразілі яго аладкі незвычайныя з заморскага карняплоду – бульбы.
Не спыніўся на гэты султан. І наступным выпрабаваннем загадаў ён сукенкі пашыць дзяўчынам. Сроку даў тры дні. Працавалі дзяўчыны рупліва, усе стараліся дагадзіць султану і яго сыну.
Настаў час паказаць сукенкі. Якіх толькі тканін не выкарыстоўвалі дзяўчыны! І тонкія, як павуцінка, і празрыстыя, і размалёваныя ва ўсе краскі вясёлкі, былі, нават, і проста чорныя. Доўга выбіраў султан, доўга прыглядаўся да прыгажунь. Але прывабіла яго сукенка бялюткая, як снег з яркім чырвоным узорам, якую пашыла светларусая блакітнавокая дзяўчына.
Апошнім выпрабаваннем, якое прыдумаў султан, была песня. Сабраў ён усіх дзяўчын, і пачалі яны спяваць. Хтосьці спяваў вельмі громка, кагосьці амаль не было чутна, чыйсьці спеў нагадваў гырчанне тыгру, чыйсьці – піск мышы. І вось данёсся да султана спеў, у якім ён пачуў і ціхае журчанне крынічкі, і веснавы спеў птушак, і шум ветру сярод стогадовых сосен. І так хораша было султану, што забыў ён усе свае турботы дзяржаўныя.
Настаў дзень выбару нявесты. Вельмі хваляваўся султан. Але малодшы сын яго ўжо ведаў, каго ён хоча бачыць сваёй жонкай. Падыйшоў ён да прыгажуні, узяў яе за руку і павёў да бацькі прасіць блаславення на шлюб.
– Як зваць цябе? – спытаў у дзяўчыны султан.
– Алёнай мяне клічуць. – адказала тая
– А адкуль ты прыехала? Мабыць, здалёк?
Краіна мая завецца Беларуссю. Наша Белая Русь вельмі прыгожая краіна: белыя аблокі, белыя рамонкі, белыя косы дзяўчат, белыя туманы, белыя завеі, белыя бярозы, белыя буслы".
“Герадотава мора”, Баек Лізавета, 12 год, Кастрычніцкі раён
"Шмат яшчэ крыважэрных ворагаў бачыла на сваім вяку гэтая зямля. Але з гэтага краю ўсе яны былі прагнаны, бо дапамагалі беларусам у іх змаганні верныя і добрыя сябры-суседзі з Русі, Украіны і іншых краінаў. Сведкамі тых бітваў крывавых засталіся шматлікія легенды-курганы, ды помнікі-магілы расказваюць пра тыя суровыя часіны.
І сёння беларусы жывуць з суседзямі ў згодзе і міры. У тым краі, як у раі, што ні ў казцы не расказаць, ні пяром апісаць, а сваімі вачыма трэба ўсё гэта аглядаць. Раскінуліся па берагах рэк і азёр прыгожыя гарады са шматлікімі палацамі, фабрыкамі і заводамі, вёскі і пасёлкі з урадлівымі палямі-садамі, што квітнеюць на месцы асушаных непраходных балот. І праславілася Беларусь на ўвесь свет багаццем свайго краю: сельскагаспадарчымі машынамі, угнаеннямі для палёў, багатымі ўраджаямі бульбы, жыта, пшаніцы. За тое, што бульба ў беларусаў стала адным з галоўных прадуктаў харчавання, народ беларускі суседзі-народы ласкава празвалі “бульбашамі”.
“Жавароначкі прыляціце”, Хомада Надзея, 12 год, Мінск
"- Прывітанне, сябры, - загучаў раскацісты голас. Сяды дзядзок сардэчна памахаў рукой. – Паглядзіце, які я сабе кажушок ўчора набыў. У Заходняй Еўропе. У самым модным буціку. Во, тут напісана, - ён адхіліўся назад і вывернуў каўнер на кажушку,- "Дольчэ і Габана". Такая была чарга, я вам далажу! Кошт быў зніжаны. Называецца распродаж! Ну як? Прыгожа? А які цеплы ды легкі! – Дзядок спрыценька ўскочыў, фанабэрыста адставіў нагу ў бок і пачаў з гонарам перабіраць босымі нагамі. – Ну як? Ці пойдзе на вокладку глянца? Зорка подыўма Зюзя Паазерскі! Ну як, як? Што скажыце? А назаўтра я планую праз Кіеў на Расію падацца, там планшэт сабе набуду, а потым можна і ў Амерыку – там, кажуць, хутка айфоны пятыя ў продажы будуць…
- З-ю-ю-ю-я! Які Дольчэ? Якая Габана? Які планшэт? Які айфон? – Ледзь не заплакаў Дамавік, - Ты што, забыўся? Ужо канец сакавіка, ужо Саракі прайшлі, а твой час да Веснавога раўнадзенства! Ужо Вясны прыйшла пара. І птушкам пара прылятаць, і Сонейку пара свяціць! Зюзя, ты што захварэў? Дзе Вясна?
- А хто яе ведае, тую Вясну? Можа яна ў Заходняй Еўропе з астатнімі кабетамі ў чарзе стаіць у якім-небудзь буціку? Адзенне сабе моднае і сучаснае набывае. – Дзядок сеў, падаер сваю сівую галаву рукамі і зажурыўся. – Сумна мне. Ці ж я ня ведаю, што пара мне сыходзіць. Але ж крыўдна мне: а ніякай да мяне павагі, ніякая пашаны ўжо няма".
“Кляновы лісток”, Алешка Юлія, 12 год, Слуцкі раён
"– Што гэта за крышталь такі? – спытаў Чараўнік, убачыўшы вялікі каштоўны камень.
– Сапраўды, каштоўны камень. Толькі будынак падобны на яго. Гэта месца цікавых сустрэч, пазнання новага і карыснага, месца, дзе можна сустрэцца і адпачыць, знайсці новых сяброў. А называецца ён – Нацыянальная бібліятэка, – адказаў Бусел. – У маёй краіне людзі ўмеюць і працаваць, і адпачываць. Ты нідзе не знойдзеш такіх магутных машын, якія працуюць у розных краінах свету ў самых складаных умовах. Нават прасторы космасу пакарылі беларускія касманаўты. А зараз я пакажу табе, дзе здабываюць соль – гэта горад Салігорск. Бачыш, якія горы? Тут людзі працуюць пад зямлей. Можна сказаць, што ў падземным царстве. Нашу соль выкарыстоўваюць далека за межамі краіны, – працягваў Бусел.
Чараўнік быў уражаны яго расказам. Ён заўважыў, як ганарыцца птах сваёй Радзімай, паважае свой народ. Ды чаму б і не? Усюды чысціня, парадак. Шматпавярховыя будынкі ўражваюць сваёй веліччу. Новыя цягнікі пракладваюць шлях сярод прастораў краіны. Аўтобусы, тралейбусы, самыя розныя навіны тэхнікі. А якія тэлевізары! На любы густ".
“Казка пра тое, як Бог прыйшоў на землі беларускія”, Міхалап Лізавета, 14 год, Салігорск
"Ажно бачыць Бог: каля рэчкі плача маладая дзяўчына, пабагравела, як канюшына, слёзы буйнымі кроплямі коцяцца ў воду, атручваючы яе сваім болем. Горка і балюча на душы стала Госпаду (ведай, чытач, калі чалавек паспытвае цяжкасці, боль, горыч, гэта ўсё адчувае і Бог).
– Дзяўчына-ажына, што так цяжка плачаш, што так горка слёзы льеш?
– Ой, бацька, ой матка, няма мне на свеце шчасця. Мой любы-каханы патануў у гэтай рэчцы, мая доля – быць разам з ім.
Шкада стала Госпаду маладую дзяўчыну, вырашыў ён зрабіць маленькі цуд. Дастаў з другой кішэні пясок, рассыпаў яго наўкол маладзіцы і сказаў:
Як жа патануў? Вунь ён ідзе! Азірніся!
Не паспеў Бог і слова вымавіць, як маладая дзяўчына, плачучы наўзрыд, пабегла да свайго каханага. І ведаў Бог, што яны будуць жыць доўга і шчасліва і што будзе ў іх пяцёра дзяцей.
А на месцы тым, дзе маладзіца свае салёныя слёзы ліла, у хуткім часе з’явіцца горад Салігорск, горад, дзе будуць здабываць калійную соль".
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное