Политика
Генадзь Барбарыч, «Радыё Рацыя»

«Шкада проста генпракуратуры…»

Нарэшце Мілане Міхалевіч, жонцы кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча, які знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ, прыйшоў адказ з пракуратуры на яе скаргу на дзеянні супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

13 студзеня 2011 года яна спрабавала выехаць на канферэнцыю, прысвечаную прэзідэнцкім выбарам у Беларусі, якая праходзіла ў Варшаве, у Сейме Рэспублікі Польшча.

Напярэдадні, 11 студзеня, ёй нечакана патэлефанавалі з КДБ і настойліва прапаноўвалі не ехаць. Нават, магчыма, прымусілі яе мужа сказаць гэтую фразу – не ехаць у Варшаву. Жонцы палітыка прапаноўвалася таксама маўчаць аб званку.

Тым не менш, Мілана вырашыла распавесці пра тое, што адбылося і паехаць у Варшаву. Магчыма, падштурхнулі і словы мужа. На пытанне: "Што з табой зробяць, калі я не буду маўчаць?", Алесь Міхалевіч адказаў: "Горш, чым ёсць, ужо не зробяць".

Машыну, на якой Мілана Міхалевіч выехала з маленькай дачкой, суправаджалі каля пяці аўтамабіляў з супрацоўнікамі КДБ. Глыбокай ноччу, пасля Баранавіч аўто, у якім ехала жонка кандыдата ў прэзідэнты, быў спынены. Супрацоўнікі мясцовага КДБ вусна азнаёмілі Мілану Міхалевіч з рашэннем "кампетэнтнага органу" аб забароне яе выезду за мяжу да прыняцця рашэння па справе яе мужа. І адмовіліся назваць, што за "кампетэнтны орган" прыняў гэтае рашэнне. З Міланай Міхалевіч гутарыць Генадзь Барбарыч.

Вядома, што Вам прыйшоў адказ з пракуратуры на вашу скаргу, калі вас неабгрунтавана затрымалі супрацоўнікі КДБ, не даўшы выехаць у Варшаву.

– А адказу як такога няма. Адказ – гэта пара радкоў, нават не на аркушы паперы А-4, як гэта было звычайна, а на паштовай картцы паведамляюць, што мая скарга перанакіравана ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Шмат цікавага ў апошні час адбываецца з усімі намі. Шкада проста генпракуратуры, якой бракуе паперы і грошай на канверты. Гэты лісцік дзівам не выслізнуў з паштовай скрынкі.

– А што, увогуле, было самым цяжкім за гэтыя паўтары месяцы зняволення вашага мужа?

Самае цяжкае – гэта патлумачыць старэйшай дачцэ, калі тата вернецца.

– Наколькі вы самі змяніліся за гэты час?

– Пэўна, самае істотнае – з 19 снежня, з таго часу, калі прапаў Алесь, вельмі шмат эмоцый было перажыта. Але я дакладна ведаю, што адной эмоцыі ў мяне ўжо няма – я не баюся. Гэта было ў самыя першыя суткі пасля затрымання, трохі болей за суткі, пакуль мы яго шукалі. Гэта вярнулася ў значна слабейшым выглядзе тыя тры дні, калі мы не ведалі, дзе ён. Калі яго кідалі на "Валадарку", потым назад, у следчы ізалятар КДБ. Напэўна, проста атрафіравалася ўсё. А ў астатнім я не змянілася.

– Раней паведамлялася, што амаль усе бацькі класа, дзе навучаецца ваша старэйшая дачка, падпісаліся пад паручальніцтвам з патрабаваннем вызваліць вашага мужа...

– Так, сабралі подпісы. Адмовіўся падпісацца толькі адзін чалавек з тых, хто былі на бацькоўскім сходзе. І вельмі шмат людзей яшчэ выказваюць жаданне падпісацца, выступіць паручнікамі Алеся. Шчыра дзякую ўсім гэтым людзям. Такія праявы падтрымкі проста да слёз кранаюць. Як і званкі ад звычайных, простых людзей, абсалютна далёкіх ад палітыкі, якія нейкім чынам даведваюцца пра сітуацыю, якая склалася і тэлефануюць, прыходзяць, спрабуюць дапамагчы, чым толькі могуць. Я не ведаю, у мяне не хапае слоў, каб выказаць тыя эмоцыі, якія ахопліваюць мяне.

– Ёсць нейкі адказ на гэтае хадайніцтва. На жаль, адмоўны...

– Так. Мне бацькі паведамілі і сказалі, што яны збіраюцца працягваць і далей змаганне за тое, каб Алесю, якога яны ведаюць ужо з першага класа нашай дачкі, а гэта чатыры гады, некаторыя ведаюць і даўней, каб яму змянілі меру ўтрымання. Зараз сапраўды салідарнасць, падтрымка – гэта тое, што дапамагае ісці далей.

– Як вы ставіцеся да рэзалюцыі Савета міністраў краін Еўрасаюза, які ўвёў візавыя санкцыі супраць вышэйшых чыноўнікаў кіруючага рэжыму, супрацоўнікаў міліцыі і спецслужбаў, суддзяў. Ці звязваеце з гэтай рэзалюцыяй надзеі на вызваленне вашага мужа? Чакалі вы больш жорсткіх захадаў?

– Я думаю, што гэтае пытанне трошкі не па адрасе. Такія прагнозы павінны рабіць палітыкі, ці палітычныя аналітыкі, а не сваякі арыштаваных. Я чакаю, каб мне вярнулі мужа, маім дзецям – бацьку, а ўсім астатнім людзям, якія зараз ужо сталі маімі сябрамі – іх родных і блізкіх. Пакуль што гэтага не адбылося.

Ідзе нейкая палітычная і дыпламатычная гульня, у якой закладнікамі апынуліся жывыя людзі, ні ў чым не вінаватыя. Мне даволі незразумелая тая эйфарыя, якая ўзнялася пасля таго, як адпусцілі некалькі чалавек, таму што ўмовы, на якіх іх адпусцілі, свабодай назваць проста немагчыма. Я маю на ўвазе Ірыну Халіп і Уладзіміра Някляева.

– Хоць вы і сказалі, што не палітык, але як вы прагназуеце, чым скончыцца, чым павінна скончыцца гэтая справа?

– Спадзяюся, што яна скончыцца так, як мы і чакаем. Надзея заўсёды застаецца.

Мілана Міхалевіч сказала, што будзе чакаць адказу ад установы, куды Генеральная пракуратура Беларусі пераслала яе скаргу. І гледзячы па яго змесце, вырашыць, што рабіць далей. Таксама яна паведаміла, што атрымала ад мужа ўжо чатыры лісты. Калі першыя былі нейкія дзіўныя, то апошнія ўжо не выклікалі сумневаў і зараз яна кожны раз зазірае ў паштовую скрынку з чаканнем і надзеяй.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)