Общество
Вольга Слуцкая

Шэсце на Дзень волі забаронена

Мінгарвыканкам не дазволіў арганізатарам акцыі да Дня волі 25 сакавіка праводзіць шэсце і мітынг ад плошчы Якуба Коласа да сквера Янкі Купалы. 18 сакавіка ўлады прапанавалі заяўнікам правесці мітынг на плошчы Бангалор, у парку Дружбы народаў, з 18 да 20 гадзін.

Арганізатараў папярэдзілі аб магчымай адказнасці ў выпадку, калі акцыя пройдзе ў іншым месцы.

– Аргкамітэт быў гатовы да такога рашэння Мінгарвыканкама, – адзначыў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. – Але мы спадзяваліся на тое, што ў чыноўнікаў здаровы сэнс можа перамагчы над страхам. Аднак улады чарговы раз прадэманстравалі непаслядоўнасць сваіх заяваў. Яны папракалі дэманстрантаў 19-га снежня, што сабраліся ля ўрадавых будынкаў. Маўляў, маглі сабрацца і ў іншым месцы. Але зараз мы хацелі сустрэцца на плошчы Якуба Коласа – там урадавых установаў няма. Але ізноў забарона! Мы настроены пісаць калектыўную скаргу ў Мінгарвыканкам. Пагаджацца ісці на Бангалор ні ў якім выпадку не будзем.

Са слоў Янукевіча, канчатковае калектыўнае рашэнне будзе прынятае ў панядзелак, на тэрміновай нарадзе аргкамітэту.

Cустаршыня аргкамітэта па стварэнню партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі, адзін з арганізатараў акцыі, у інтэрв’ю interfax.by падцвердзіў, што БХД хутчэй за ўсё адмовіцца ад удзелу ў акцыі на Бангалор.

– Будзем шукаць альтэрнатыўныя варыянты святкавання Дня волі, – дадаў Рымашэўскі.

Не згодная на Бангалор і Аб’яднаная грамадзянская партыя. Каментуючы «Нашай Ніве» рашэнне ўладаў , намеснік старшыні АГП Леў Марголін таксама зазначыў, што канчатковае рашэнне будзе прынятае ў панядзелак.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)