Вертыкальны менеджмент зверху ўніз, на жаль, датычыцца стасункаў не толькі паміж рознымі інстытутамі, кіраўнікамі, але і самога выхавання, метадаў адукацыі таго, як выбудоўваецца камунікацыя. Гэтая спадчына яшчэ з савецкіх часоў не дазваляе раскрывацца крэатыўнаму патэнцыялу нашых дзяцей.
Шчытцова: «Праз крокі, якія ўлада зрабіла сёлета ў сфере адукацыі і навукі, наша краіна імкліва ізалюецца ад цывілізаванага свету»
Экспертка ў адукацыі — пра топ-5 назапашаных праблем у галіне і што можна вырашыць сёння.
За 2022 год улады паспелі прыняць новы Кодэкс аб адукацыі і новага міністра, амаль цалкам «зачысціць» прыватныя школы, анансаваць рост колькасці адукацыйных структур МУС, вярнуць абавязковую школьную форму, у чарговы раз перакраіць выпускныя і ўступныя экзамены і працягнуць ідэалагізацыю адукацыі на ўсіх узроўнях.
Якія пытанні ў сістэме адукацыі найбольш балючыя і неадкладныя, і ці можна штосьці зрабіць, каб іх вырашыць, распавяла ў эфіры «Е*рарадыё» прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы, прафесарка ЕГУ Таццяна Шчытцова.
— Перш за ўсё, канешне, трэба нагадаць пра рэпрэсіі ў галіне адукацыі, — агучыла экспертка топ-5 назапашаных праблем. — Людзей альбо звальняюць, альбо не працягваюць кантракты, альбо літаральна арыштоўваюць, як гэта адбылося з Яўгенам Лівянтам, які прама крытыкаваў закрыццё ліцэяў.
Другая праблема — што праз рэпрэсіі шмат навукоўцаў, выкладчыкаў і настаўнікаў вымушаныя пакідаць краіну, такім чынам Беларусь страчвае чалавечы рэсурс, кадры з добрым досведам, якія імкнуліся рэалізоўвацца ў сваёй прафесійнай сферы.
Трэцяе — аўтарытарная традыцыя выкладання ў нашых навучальных установах, гэта пачынаецца з садкоў і закранае ў тым ліку ВНУ. Нашы ўніверсітэты не маюць сапраўднай аўтаноміі.
Чацвёртым я б адзначыла вельмі нізкі сацыяльны статус школьных настаўнікаў — гэта наўпрост звязана з вельмі нізкімі заробкамі як у сярэдняй, так і ў вышэйшай адукацыі. Быць прафесарам універсітэта, асабліва выкладаючы сацыяльную ці гуманітарную дысцыпліну — зараз такіх людзей, мабыць, могуць нават шкадаваць.
І, нарэшце пятае (але, трэба шчыра сказаць, не апошняе, last but not least) — вельмі істотна, што праз крокі, якія беларуская ўлада зрабіла ў гэтым годзе ў сфере адукацыі і навукі, наша краіна імкліва ізалюецца ад цывілізаванага свету. І нічога добрага гэта нам не прынясе, але прывядзе да вельмі глыбокага крызісу, з якога надзвычай цяжка будзе выбiрацца.
Наўпрост цяпер, заўважае Таццяна Шчытцова, эксперты і педагогі, якія знаходзяцца па-за межамі краіны, не могуць змяніць адукацыйную палітыку і сістэму ў Беларусі — але могуць рыхтаваць разам неабходныя будучыя рэформы і разумець, якім будзе пераходны перыяд да іх.
Другі важны накірунак працы людзей, якія ўваходзяць у каманду Таццяны Шчытцовай — пошук разнастайнай падтрымкі для навучэнцаў, студэнтаў і выкладчыкаў, якія былі рэпрэсаваныя альбо якім пагражаюць рэпрэсіі.
У прыватнасці, гаворка ідзе пра дзве грантавыя праграмы: адна з іх тычыцца школьнікаў і настаўнікаў, другая — акадэмічнай сферы.
— Ужо ў студзені 2023 года мы прэзентуем першую з праграм, — анансуе экспертка, — хачу толькі згадаць, на што пойдуць грошы — яны будуць выдаткаваныя, каб падтрымаць культурна-адукацыйныя існуючыя і новыя ініцыятывы ў дыяспарах, што маюць беларускацэнтрычны фокус.
Дзякуючы гэтаму гранту будзе створана магчымасць анлайн-курсаў для школьнікаў, які дазволіць камунікаваць дзецям, якія зараз у Беларусі, і тым, хто знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі. Таксама будуць створаны альтэрнатыўныя адукацыйныя версіі, якія адпавядаюць школьнай праграме ў Беларусі. Гэта дазволіць даць працу настаўнікам, якія страцілі магчымасць выкладаць у беларускіх школах.
Акрамя таго, дадае экспертка, Еўракамісія вылучыла сродкі для беларускіх студэнтаў — не толькі стыпендыі для тых, хто навучаецца ў еўрапейскіх ВНУ, але і адмысловая падтрымка для навукоўцаў (у іх з’явіцца магчымасць індывідуальных стажыровак альбо ўдзел у калектыўных даследчыцкіх праектах).
— Я лічу істотным, каб гэтыя грошы былі выдаткаваныя не толькі на фінансавую падтрымку нашых навукоўцаў, але і былі выкарыстаныя для таго, каб прасунуць і падтрымаць развіццё беларускай незалежнай навукі, — гаворыць Таццяна Шчытцова. — У нас ужо адбыліся, дапрыкладу, сустрэчы на гэты конт з прадстаўнікамі фундацый Нямеччыны.
Читайте еще
Избранное