Общество
Юрась Ускоў, «Наша Нiва»

«Шчыра скажу: палітыка — не зусім мая справа»

«Я перамог, і вы прыйшлі сюды» — з гэтай імправізацыі ад Андрэя Хадановіча пачалася цырымонія ўзнагароды Уладзіміра Някляева, які атрымаў у гэтым годзе літаратурную прэмію «Гліняны Вялес» Таварыства вольных літаратараў.

Адбывалася цырымонія не ў Полацку, як гэта было амаль заўжды з 1993-га года, а ў Мінску. Рэч у тым, што Уладзіміру Някляеву пакуль нельга выехаць за мяжу горада. Зрэшты, гэтаксама «Вялеса» ў свой час уручалі Славаміру Адамовічу.

Сам Някляеў кажа, што ўжо адвык ад літаратурных імпрэзаў — апошнія пяць месяцаў у няволі, а да гэтага палітычная кампанія не давалі яму магчымасці займацца літаратурай.

— Шчыра скажу, што палітыка не зусім мая справа. Там патрэбна іншае мысленне, у палітыцы трансфармуюцца нават пэўныя фундаментальныя рэчы. У літаратуры так: можна пісаць паэму, не ведаючы фіналу. У палітыцы так нельга. Зрэшты, варта было б падзяліць гэтую прэмію з міністрам Куляшовым: каб ягоны «Алмаз» не ўздумаў даць мне па галаве, мне б не ўздумалі даць гэтую прэмію. Аднак ні з палітыкай, ні з літаратурай Някляеў развітвацца не збіраецца.

— Літаратура і паэзія — гэта рэчы фундаментальныя. Мы без іх ніяк — куды нам у Еўропу без літаратуры і культуры. У свой час менавіта літаратура стварыла Беларусь. Калі мяне абяруць прэзідэнтам, я выйду ў адстаўку, вярнуся за свой пісьмовы стол і звярнуся вось да гэтага Вялеса — «Вялесе, дай мне сілы і натхнення напісаць яшчэ адну паэму!»

У якасці прэміі Някляеву ўручылі статуэтку Вялеса, якую зрабіў Генік Лойка, а таксама копію крыжа БНР на бел-чырвона-белай стужцы, якую Някляеў адразу нацягнуў замест гальштука.

Заснавальнік прэміі, Алесь Аркуш, патлумачыў, што гэта копія крыжа арміі Булак-Балаховіча і, на ягоную думку, ніхто з заснавальнікаў БНР (а там з літаратурай так ці інакш быў звязаны кожны) не быў бы супраць, каб у сённяшняй сітуацыі ўзнагародзіць Някляева за доблесць.

Аляксандр Фядута, падчас сваёй прамовы ўзгадаў, як у «Амерыканцы» праз сістэму паветраных трубаў было чутно, як хор жаночых галасоў спявае «Гуляць дык гуляць». А літаральна на днях Ірына Халіп сказала яму, што яны ўсёй камерай імкнуліся ўзнавіць тэкст песні.

Першы тост на неафіцыйнай частцы, гучаў як «За цяпер ужо вольных, вольных абмежавана, і вольных з адтэрміноўкай літаратараў!». Што, на жаль, не постмадэрнісцкі каламбур на тэму назвы Таварыства, а сумная праўда.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)