Общество
Сямён Печанко, «Наша Ніва»

Шапіра ініцыяваў беларусізацыю

У справаводства Гродзенскага аблвыканкама будзе ўкараняцца беларуская мова. А супрацоўнікам установы настойліва раяць размаўляць на працы па-беларуску.

З ініцыятывы старшыні Гродзенскага аблвыканкама Сямёна Шапіры прынята рашэнне ўкараняць беларускую мову ў справаводства дзяржаўнай установы, паведамляе «Радыё Рацыя». Акрамя гэтага, супрацоўнікам аблвыканкама настойліва раяць размаўляць па-беларуску паміж сабой і з грамадзянамі, якія наведваюць аблвыканкам. Наступным крокам мусіць стаць абавязковае валоданне беларускай мовай кіраўнікамі раённага ўзроўню.

Старшыню Таварыства беларускай мовы Алега Трусава ініцыятыва кіраўніка Гродзеншчыны не здзівіла. «Калі я ад імя ТБМ павіншаваў Сямёна Шапіру з абраннем на пасаду старшыні аблвыканкаму, ён даслаў мне вялікую тэлеграму на добрай беларускай мове, у якой падзякаваў за віншаванне і паабяцаў мацаваць мову ў рэгіёне». Па словах А. Трусава, новы кіраўнік вобласці выгадна адрозніваецца ад свайго папярэдніка. «Вельмі культурны чалавек, не тое што магілёўскія хлопцы, мае землякі». Старшыня ТБМ згадвае таксама прынцыповую пазіцыю Шапіры па праблеме Каложы. «Спадзяюся, што ён паспрыяе таму, каб сайт універсітэта імя Янкі Купалы акрамя кітайскай мовы займее і беларускую», — дадае сп. Трусаў.

Хто яшчэ з кіраўнікоў абласцей выказвае прыхільнасць да беларушчыны? «На першае месца я пастаўлю кіраўніка Магілёўшчыны Пятра Рудніка. Ён падтрымлівае мясцовае ТБМ, выступіў з прапановай правядзення года Роднай мовы. Шмат чаго добрага зрабіў» — кажа А. Трусаў. Другое месца ў сімвалічным рэйтынгу атрымлівае Сямён Шапіра, а на трэцім апынаецца старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандр Косінец. «На лісты адказвае па-беларуску, у размове мовы не цураецца».

Увогуле, мяркуе старшыня ТБМ, сярод сённяшніх кіраўнікоў абласцей і раёнаў няма ворагаў беларушчыны. «Прыходзіць новае пакаленне, я іх называю дзецьмі Адраджэння. Гэтыя людзі выраслі ў часы незалежнасці. Таму ў цэлым, сітуацыя сёння лепшая, чым гады 2-3 таму».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)