Скандалы

Шакуючае відэа з мёртвымі цялятамі пад Петрыкавам. Выканкам тлумачыць, што здарылася

У інтэрнэт трапіла шакуючае відэа з гаспадаркі «Агра-Слабада» ў вёсцы Конкавічы Петрыкаўскага раёна. На ім — затопленая ферма і мёртвыя цяляты, піша Наша Ніва.

«Наша Ніва» звязалася з кіраўніком упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Петрыкаўскага раёвыканкама Мікалаем Місюрам. Ён акурат быў на выездзе — у «Агра-Слабадзе».

«Волкі загрызлі цялят. За ноч задушылі, — патлумачыў Мікалай Місюра. — Іх ужо адстралялі паляўнічыя, спецыяльныя службы усыпілі ўчора яшчэ двух дзікіх сабак».

Вялізныя лужы бруду, па словах кіраўніка ўпраўлення, выкліканыя моцнай залевай, якая прайшла ў ноч з 3 на 4 ліпеня.

Зрэшты, як расказалі ва ўпраўленні, прэтэнзіі да «Агра-Слабады» былі і раней. Праблемы там узніклі пасля таго, як звольніўся кіраўнік. На пачатку года гаспадарку нават хацелі аб’яднаць з іншай — «Агра-Пціч». Ужо былі падрыхтаваныя ўсе дакументы, але супрацоўнікі фермы паабяцалі, што змогуць аднавіць яе стан і самі. Аб’яднанне адклалі.

«У гэтай гаспадарцы праблемы працягваюцца ўжо года паўтара-два, і ўпраўленне сельскай гасрадаркі ў міліцыю нават падавала і ў пракуратуру, каб знайшлі вінаватых асоб — там каля 200 галоў недастача была, калі пералічвалі скаціну. Ім давалі час выправіцца», — апісалі сітуацыю ва ўпраўленні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.5(41)