Общество
Анастасія Зелянкова

Севярынец засумаваў па Малым Сітне

Павел Севярынец прэзентаваў сваю кнігу “Лісты з лесу”. У зборнік увайшлі ягоныя нататкі, напісаныя ў “Нашу Ніву” з “хіміі”. Падчас імпрэзы чытачы даведаліся, чаму Севярынец сумуе па Малым Сітне.

— Кожны сапраўдны мужчына павінен пасадзіць дрэва, нарадзіць сына і напісаць кнігу, — пачаў мерапрыемства з інтэрпрэтацыі вядомай прыказкі Павел Севярынец — Дрэвы я валіў, з сынам пакуль што не выйшла, а вось кнігу напісаў.

Але ніхто ў мужчынскіх якасцях Севярынца і не сумняваўся. А вось наступнае прызнанне палітыка многіх здзівіла:

— Тры месяцы таму, пакідаючы Малое Сітна, я і падумаць не мог, што калісьці буду гэта гаварыць: я сумую па Малым Сітне, — нарэшце выдаў ён і пад нярвовы рогат прысутных патлумачыў: — Там бывала лягчэй, чым зараз тут.

У гэты дзень выказаць сваё захапленне пісьменніцкім талентам Севярынца прыйшлі яго блізкія і сябры — паэты Генадзь Бураўкін, Сяргей Законнікаў, Уладзімір Някляеў, пісьменнік Уладзімір Арлоў, сябра па “хіміі” Мікалай Статкевіч, палітыкі Вячаслаў Сіўчык і Аляксандр Мілінкевіч. Апошні, дарэчы, крыху сапсаваў Севярынцу свята. Калі хтосьці з выступоўцаў пачынаў прадказваць Паўлу прэзідэнцкае крэсла, тут жа, заўважаючы ў залі Мілінкевіча, асякаўся і дадаваў: “Ці хаця б ты, Аляксандр...”. Але, здаецца, ні Мілінкевіч, ні Севярынец не крыўдавалі — дзяліць пакуль што няма чаго.

Мілінкевіч са свайго боку заўважыў, што гледзячы на Севярынца, яму самому хочацца стаць лепшым: “выпрастацца, падцягнуць жывот ды і ўвогуле...”. Аказалася, не яму аднаму. Успамінаючы свой візіт да Севярынца ў Малое Сітна, Мілінкевіч распавёў, як блукаючы па дарозе, звярнуўся да сустрэчнай жанчыны.

— Пачуўшы прозвішча “Севярынец”, яна, абсалютна п’яная, адразу ж працверазела, выпрасталася і пачала бесперапынку гаварыць, як многа добрага зрабіў для іх гэты чалавек, — расказаў Мілінкевіч. — З таго, што яна пералічвала, я запомніў дакладна дзве рэчы: гэты чалавек дае надзею на лепшае і з ім жыццё стала святлейшае.

Як і мае быць, кожны віншаваў Севярынца з творчым поспехам, жадаў далейшай плённай працы ва ўсіх сферах. А на заканчэнне кіраўнік фонда “Спадчына” Анатоль Белы паабяцаў уганараваць Севярынца яго ж партрэтам.

— Творы твае могуць і не прачытаць, а на партрэт паглядзяць, —аптымістычна заўважыў Белы і тут жа парадаваў: — Будзеш вісець побач з Анатолем Грыцкевічам — з такім чалавекам і павісець не грэх.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)