Общество

Севярынец: «Забойцы з Бібліяй сядзяць, а тут... Сяджу 31 дзень без душу, даюць толькі літар халоднай вады»

У Савецкім раённым судзе Менску адбыўся чарговы суд над сустаршынём БХД Паўлам Севярынцам, які ўжо месяц знаходзіцца пад арыштам у ізалятары на Акрэсьціна, пiша Радыё Свабода. Палiтвязню далі яшчэ 15 сутак праз скайп.

Павал Севярынец i Вольга Мiкалайчык на пiкеце 7 чэрвеня. Фота Iгара Меляшко

Абвінавачанага ў адміністрацыйным правапарушэньні палітыка ў суд не прывезьлі, судзьдзя Вера Галаўкова дапытала яго праз скайп. Перад судом гэтаксама праз скайп Севярынцу дазволілі пагаварыць з адвакатам.

З ізалятару Павал Севярынец хадайнічаў, каб журналістам дазволілі здымаць працэс на фота і відэа, але судзьдзя гэтую просьбу не задаволіла, спаслаўшыся на тое, што «у будынку суду здымкі не дазволены».

Паўла Севярынца абвінавацілі ў паўторнай арганізацыі і ўдзеле ў несанкцыянаваных акцый — гэта частка 3 артыкулу 23.34. Паводле пратаколаў, ён заклікаў да правядзеньня несанкцыянаваных пікетаў «кожную суботу» да 9 жніўня. Гэта, паводле матэрыялаў справы, Севярынец казаў 7 чэрвеня на пікеце каля Камароўскага рынку.

«Судзяць другі раз за адно і тое ж»

Вольга Севярынец (у шэрым) на дыстанцыйным судзе над ейным мужам, палітвязьнем Паўлам Севярынцам

Павал Севярынец з абвінавачаньнем не пагадзіўся. Палітык мяркуе, што знаходзіўся на легальным зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую і на гэтым пікеце казаў, што грамадзяне далей будуць удзельнічаць у легальных пікетах па збору подпісаў альбо выходзіць на дазволеныя прамэнады па вуліцах.

Таксама Севярынец абурыўся тым, што яго зьбіраюцца асудзіць другім разам за адно і тое ж дзеяньне.

— За што мяне судзяць? Мне незразумела. Насамрэч адбываецца спроба задушыць свабоду слова, — казаў Севярынец праз скайп.

Павал Севярынец зьвярнуў увагу суду на тое, што беззаконьне адносна яго, як ён лічыць, працягваецца і ў Менскім ізалятары часовага ўтрыманьня.

— Мне не патлумачылі, чаму я зьмешчаны ў карцар. А чаму не выдаюць матрацы? Вы можаце гэта спыніць, — зьвярнуўся Севярынец да судзьдзі.

Судзьздя Вера Галаўкова перапыніла прамову Севярынца: «Выказвайцеся толькі пра падзеі 7 чэрвеня»:

— Што тут дадаць? Правапарушэньня няма, а пакараньне ёсьць. Гэтак вы можаце мяне 10 разоў судзіць за адно і тое ж.

Чаму забралі Біблію?

Павал Севярынец распавёў пра ўмовы, у якіх ён ужо адбыў 31 дзён на Акрэсьціна. З гэтага тэрміну ўжо 19 дзён палітык правёў у карцары.

— У мяне забралі ўсе рэчы, нават Біблію. Чаму? Забойцы з Бібліяй сядзяць, а тут...Сяджу 31 дзень без душу, даюць толькі літар халоднай вады. У такіх умовах яшчэ некалькі чалавек, у тым ліку жанчыны. Што адбываецца ў цэнтры Эўропы? Давайце ж будзем людзьмі, — заклікаў суд праз скайп Павал Севярынец.

Вольга Мікалайчык — пра турму на Акрэсьціна: «Вошы, літар вады на суткі, месяц бяз душу»

У пратаколах сьведак — «па нядзелях», у паказаньнях для суду — «па суботах»

Суд апытаў двух сьведак-міліцыянтаў, чые пратаколы, як аказалася, былі складзеныя з аднолькавай фактычнай памылкай.

Сьведкі-міліцыянты Павал Раманаў (зьлева) і Анатоль Абрамчук

Паводле сьведкі Паўла Раманава з Савецкага РУУС, Севярынец «казаў людзям зьбірацца кожную суботу каля Камароўскага рынку».

— Але ў які час, не казаў, — удакладніў свае паказаньні сьведка Раманаў пасьля пытаньняў адваката.

У канцы допыту сьведкі высьветлілася, што ў ягоным рапарце пазначана, што Севярынец заклікаў зьбірацца не па суботах, а па нядзелях.

— Цяпер лепш памятаю, што ўсё ж па суботах, — патлумачыў сьведка.

Другі сьведка, участковы міліцыянт Анатоль Абрамчук у сваіх паказаньнях таксама сьведчыў, што Севярынец заклікаў людзей прыходзіць на пікеты кожную суботу, і гэтак да 9 жніўня. Між тым у пратаколе, які быў складзены з удзелам Абрамчука, была запісана не субота, а нядзеля. Чаму пратаколы абодвух сьведак цалкам супадаюць, яны не патлумачылі.

Суд праглядзеў відэазапіс выступу Паўла Севярынца каля Камароўскага рынку 7 чэрвеня. Севярынец казаў, што «беларусы выходзяць і да 9 жніўня будуць выходзіць у розных гарадах Беларусі на легальныя пікеты ». Палітык называў час, калі адбываюцца такія пікеты — па нядзелях а 12 гадзіне, але не ўказваў пэўных месцаў.

«Вы асудзіце чалавека, які месяц сядзіць без вады»

У апошнім слове Павал Севярынец патлумачыў сваю ўпэўненасьць у тым, што зьмены ў Беларусі непазьбежны. «Ніколі не бачыў двухкілямэтровых чэргаў каля рынку, якія паўсталі з траўня падчас збору подпісаў», — кажа Севярынец. У выніку мірных акцый, як лічыць Павал Севярынец, «дыктатар Лукашэнка мусіць сысьці».

Таксама Павал Севярынец заклікаў судзьдзю спыніць адміністрацыйную справу супраць яго:

— Калі вы прымеце рашэньне мяне асудзіць, дык майце на ўвазе, што вы асудзіце чалавека, які ўжо месяц сядзіць у камэры без вады. Зараз вы можаце спыніць гэта беззаконьне.

Аднак судзьдзя Вера Галаўкова пастанавіла пакараць Паўла Севярынца яшчэ 15 суткамі арышту. Праз скайп ён пасьпеў крыкнуць «Жыве Беларусь!» і быў адключаны ад сувязі. Аднадумцы Паўла Севярынца, якія прыйшлі падтрымаць яго у судзе, выйшлі з залі са словамі «Ганьба» і «Жыве Беларусь».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(54)