Севярынец пра сваю кнігу «Любіць Беларусь»: «Я марыў, каб яна была ў кожнай беларускай школе»

Вядомы беларускі палітык, хрысьціянскі дэмакрат Павал Севярынец прэзэнтаваў у Менску сваю новую, шостую па ліку кнігу “Любіць Беларусь. 200 фэномэнаў нацыянальнай ідэі”.

Кніга выйшла ладная – пад цьвёрдай вокладкай зьмясьцілася ажно 608 старонак. Спадар Севярынец узяў 200 абсалютна розных зьяваў беларускай рэчаіснасьці, у якіх, на думку аўтара, увасобіўся наш сьветагляд ды сьветаадчуваньне. Якія фэномэны патрапілі ў кнігу, і над чым працуе Севярынец цяпер? Пра гэта карэспандэнт "Польскага радыё" даведаўся ў Павала адразу пасьля прэзэнтацыі.

- Гэтая кніга – пра 200 фэномэнаў беларускай нацыянальнай ідэі. Я ўзяў 200 найбольш вядомых зьяваў беларускасьці й паспрабаваў знайсьці ў іх нешта агульнае. Як мне здалося, скразной ніткай праз усю беларускую нацыянальную ідэю праходзіць унікальны хрысьціянскі сэнс беларускасьці.

- Ці можаце прывесьці некалькі прыкладаў гэтых фэномэнаў?

- Такія фэномэны, як „Белаз”, гурт „Песьняры”, бел-чырвона-белы сьцяг, гімн „Магутны Божа” альбо постаць Зянона Пазьняка, Станіслава Шушкевіча й нават Аляксандра Лукашэнкі як прэзыдэнта-алімпійца – яны ўсе пад адной вокладкай.

- Калі пачалася праца над гэтай кнігай?

- Праца над гэтай кнігай пачалася ў 2002 годзе, яна была выдадзеная ў 2004 у вельмі сьціплым варыянце – каля 1000 асобнікаў – хутка разыйшлася, давялося яе перавыдаваць. І зараз яна ўжо фактычна новая – удвая большая, з фотаздымкамі, зь цьвёрдай вокладкай, прэзэнтацыйнае выданьне. Бо я марыў, каб яна была ў кожнай беларускай школе, каб маладыя беларусы маглі ведаць пра беларускасьць ня толькі з савецкіх ці БТэшных перадачаў.

- Павал, а якая гэта па ліку вашая кніга?

- Гэта ўжо шостая кніга, цяпер пішу сёмую.

- Ці праца над гэтай кнігай ішла ў зьняволеньні, калі вас адправілі секчы лес?

- Не, у зьняволеньні я працаваў ужо над перавыданьнем. Пасьля вызваленьня я стаў зьбіраць фотаздымкі й рыхтаваць такое вось якаснае выданьне.

- Шостая кніга – гэта вельмі салідна. Ці ня будзеце вы сябе цяпер пазыцыянаваць выключна як літаратар, а не як палітык ці грамадзкі дзяяч?

- Мне здаецца, калі Бог даў талент, яго трэба разьвіваць і памнажаць. Калі Бог даў некалькі талентаў – тым большая адказнасьць за тое, як удасца іх рэалізаваць. З Божаю дапамогаю, спадзяюся, ўдасца й тое, і другое – і кнігі, і Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, і культурніцкія праекты.

- Проста я ведаю, што ёсьць шмат людзей, якія ўскладаюць на вас пэўныя надзеі, як на палітыка. Ці не засмучаюцца яны, што вы кінуліся ў літаратуру?

- Думаю, што літаратура – гэта падмацаваньне для палітычнай дзейнасьці, гэта пэўная база. Калі я нешта кажу людзям, а ім хочацца ведаць пра гэта больш грунтоўна – зараз я магу проста ўзяць кніжку й падараваць ім.

- Павал, у інтэрнэце прайшла інфармацыя, што вы па сем гадзін на суткі працуеце над новай кнігай. ЦІ гэта не перабольшаньне?

- Гэта не перабольшаньне, гэта час, які сапраўды штодня выдаткоўваецца на напісаньне раману, бо, на мой погляд, мастацкая літаратура – дужа працаёмістая й адказная справа.

- Павал, але раман – гэта такі сур’ёзны ды аб’ёмны жанр. Калі тут 608 старонак, дык колькі ж будзе там?

- Думаю, там справа будзе ня ў колькасьці старонак, хаця рэч сапраўды будзе буйная – хаця б зьмясьцілася пад адной вокладкай!.. Галоўнае там – гэта зьмест. Таму справа складаная, але – верым, можам, пераможам!

- Ці можаце акрэсьліць неяк, пра што будзе гэты раман?

- Коратка магу сказаць, што раман будзе пра Беларусь, і думаю, што гэта будзе самая сур’ёзная рэч з усіх, якія я толькі калісьці пісаў.

- Калі вашым прыхільнікам чакаць выхаду кнігі?

- Ня надта хутка – думаю, што праз пару гадоў.

- Павал, а ці вось гэтая літаратурная праца ня моцна адводзіць вас ад грамадзкай і палітычнай дзейнасьці сёньня?

- Магчыма, на гэта выдаткоўваецца шмат часу, але мяркую, што гэта ўкладаньне ўдзячнае. Зараз такі час, калі якраз мусім закладаць падмуркі, мусім рабіць буйныя рэчы, на якія зможам абапірацца ў далейшай, у тым ліку й палітычнай дзейнасьці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)