Севярынец: Каму добра, калі ўсім блага ад адмены іспытаў ў гімназіі

Сьпякотная раніца. Ля школы ўжо бітма машын — няшчасныя бацькі з ночы дзяжураць ля ўваходу, каб пасьпець падаць дакумэнты ў гімназію, піша Ганна Севярынец у сваім блогу на Радыё Свабода.

Менская гімназія. Ілюстарцыйнае фота

У нас усё арганізавана: унізе бацькі атрымліваюць нумар чаргі, наверсе ўжо сядаюць за сталы ля стэндаў з інфармацыяй, запаўняюць заявы, як трэба, капіруюць дакумэнты з прынесеных арыгіналаў, усё ціха, спакойна, бяз гвалту. Расьсеўшыся па лавах і крэслах, вядуць спакойныя гутаркі.

— Я ўсё ж не разумею, — кажа мужчына ў шлёпках. — Я не разумею, як гэта. Хто першы прыйшоў, таго і прынялі. Ну як жа гэта? Які ў гэтым сэнс?

— І не кажыце, — уздыхае жанчына ва ўзросьце. — Столькі клопату, столькі нэрваў, а навошта. Сама не разумею, чаму мы сюды пабеглі, але ж гімназія ўсё ж. Хаця якая гімназія — дзеці ж цяпер і там, і там аднолькавыя.

— Настаўнікі розныя.

— Ды й настаўнікі аднолькавыя. Але ж во сядзім. А навошта? Раней хаця б разумелі, навошта ўсё. Цяпер не разумею.

Мы набіраем у гімназію ў поўнай адпаведнасьці зь літарай закону. Ніякіх там на месцы зладжаных рэйтынгаў, балаў атэстатаў, ільгот і іншага. У агульнай чарзе стаяць і настаўнікі-бацькі, супрацоўнікі гімназіі — роўныя правы ва ўсіх. Але ж адчуваецца ўва ўсім гэтым агульная разгубленасьць. Роўныя правы — ва ўсіх, але ж кожнаму хочацца, каб не зусім ужо былі яны роўныя. Каб была ўсё ж гімназія. Нейкія асаблівыя дзеці ў клясе, асаблівыя пэдагогі. Каб было дзеля чаго на золку ўставаць — як мінімум.

— Не, ну а што, — працягвае мужчына ў шлёпках. — Калі маё дзіця хоча вучыцца, а нейкае ня хоча, дык яны ж павінны ў розныя школы хадзіць. Аднаму адно, другому другое. Адзін во няхай на лыжах бегае, футбол там які. А другі матэматыку дзяўбе. Усе ж розныя.

— Гэта яны дома ў нас розныя. Тут усе будуць аднолькавыя.

Паціху ўздыхаюць і настаўнікі. У мінулым годзе мы набралі моцныя пятыя клясы, але ж сярод амбітных, добра падрыхтаваных дзяцей сядзяць і тыя, чые бацькі — больш трывалыя ў сэнсе ранішніх чэргаў. Цэлы год гэтыя дзеці правялі ў сытуацыі катастрафічнага ўціску чужой пасьпяховасьці, чужой падрыхтаванасьці, чужых амбіцый. Яны ня цягнуць гімназічны ўзровень, які пакуль шчэ трывае. А калі ня цягнуць — значыцца, трэба зьнішчыць гэты ўзровень. Каб было ўсё роўна для ўсіх. Моцны дзіцёнак можа цяляпацца сьледам за слабым. Слабы бегчы за моцным ня можа. Значыцца, ахвяруем моцным.

— Усім блага зрабілі. Бацькам блага, дзецям блага, настаўнікам блага. Ну камусьці ж павінна гэта быць добра? — заглыбляецца ў філязофію мужчына ў шлёпках. — Гэта ж усё ж разумныя людзі прыдумалі, іспыты адмяніць. Камусьці ж добра ад гэтага.

І сапраўды, зьдзіўляюся я моўчкі. Калі прыдумалі — дык камусьці ж павінна быць добра? Нехта ж кіраваўся нейкімі добрымі намерамі? Можа, дзяржаўнаму бюджэту добра, ці, можа, слабым дзецям добра, ці, можа, агульны ўзровень адукаванасьці ад гэтага ўсяго неяк расьце — ну нешта ж павінна паляпшацца? Ці там нэрваў менш сталі ўтрачаць бацькі. Ці, можа, настаўнікам псэўдагімназій стала сорамна і сталі працаваць лепш. Я ня ведаю.

Я толькі бачу, што ўсім блага.

Але, пэўна, надта абмежаваны мой гэты погляд школьным калідорам, у якім мэдытуюць на лавачках трывалыя беларускія бацькі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(15)