Общество

Севярынец: «Блага толькі, што армеец наш неэкзамэнаваны новыя законы пачне прымаць»

Я, праўда, не магу зразумець лёгікі. Шчыра стараюся, але не магу, піша Ганна Севярынец у сваім блогу на Радыё Свабода. Вось, прыкладам, опа — і міністэрства абароны высьвятляе, што ў 2022 годзе яму катастрафічна ня хопіць прызыўнікоў.

На што канкрэтна іх ня хопіць — я не разумею, але дапускаю: ну там нейкія нарматывы, колькасьць салдат на квадратны мэтар, можа быць. У кожным разе — не хопіць. Міністэрства абароны пачынае бедаваць.

Бядуе яно таксама незразумелым для мяне чынам. У прэамбуле да сёлетняга закону аб адтэрміноўках са скрухай пішацца: «Практика показывает, что в последние годы в органах государственного управления возрастает число руководителей, которые не проходили военную службу, службу в резерве или иным образом не получили военную подготовку». Аказваецца, гэта блага. Аказваецца, гэта праблема.

Ня тое праблема, што ў органах дзяржаўнага кіраваньня часьцяком сядзяць былыя троечнікі і наогул людзі зь незразумелымі ведамі, ня тое праблема, што за безьліччу папер яны даўно ўжо ня бачаць ані рэальнасьці, ані будучыні, ня тое бяда, што карупцыя і мана, а тое бяда, што ў арміі не служылі.

Нашто чыноўніку армія? Каб умець хутка перазараджаць аўтамат? Страляць па рухомых мішэнях? Прышываць каўнерыкі? Што такога катастрафічнага адбываецца з чыноўнікам, які не служыў у арміі? Незразумела.

Пабедаваўшы і адплакаўшыся, міністэрства пачынае прымаць меры. Напрыклад, эфэктыўна змагацца зь дзедаўшчынай. Напрыклад, падвышаць узровень культуры афіцэраў. Напрыклад, вяртаць прэстыж службы. Ці хаця б перабудоўваць казармы, думаць пра ежу і вопратку, пра побыт і камфорт салдат. Ну я б такое зразумела. Але ж не. Гэткія мерапрыемствы — яны для слабакоў. Для моцных — іншыя.

Злавіць, прымусіць, не пусьціць за мяжу, выўдзіць з унівэрсытэцкіх аўдыторый, за валасы выцягнуць з магістратуры — і ў боты. Ты тут хто? Ты тут дзяржаўная адзінка. У дзяржавы не хапае прызыўнікоў. Ясна?

Але ж гора-бяда: грамадзтва пачынае нэрвавацца. Ва ўсіх сыны. Усе сыноў любяць. Пачынаецца асьцярожны, як гэта ў беларусаў заведзена, але ж заўважны незадаволены шум.

І тут — бац! Міністэрства адукацыі прапаноўвае льготнае паступленьне на першую ступень вышэйшай адукацыі для былых вайскоўцаў і пазаконкурснае залічэньне на некаторыя спэцыяльнасьці. Бонусы, плюшкі і падарункі адлоўленым і ўвязьненым у казармах! Цяпер тыя, каго гвалтам за валасы выцягнулі зь інтэлектуальнай дзейнасьці — змогуць потым паступіць у вну без экзамэнаў! Сьпявай і пляшы, краіна!

Не, ну яно як бы і добра: няхай у гэтага хлопца, які павінен сваім юначым целам закрыць дзірку ў статыстыцы мінабароны, будзе хаця б нейкая плюшка. Няхай ідзе сабе без экзамэнаў у любы ўнівэр. Хоць на арганічную хімію, хоць на прыкладную матэматыку, хоць на міжнародная адносіны. Усё адно і тую хімію, і тую матэматыку, і тыя адносіны за два гады канчаткова даб’е іншае, але такое ж крэатыўнае, міністэрства, навошта туды наогул экзамэны, госпадзе. Ну схадзіў у нібыта армію, потым адвучыўся ў нібыта ўнівэрсытэце, і пайшоў сабе нібыта ў органы дзяржаўнага кіраваньня. Ну.

Блага толькі, што ён жа там, армеец наш неэкзамэнаваны, новыя законы пачне прымаць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(47)