Политика

Севярынца затрымалі за “фальшывыя банкноты з выявай Лукашэнкі ў карыкатурным выглядзе”

19 жніўня падчас прэзэнтацыі ў Берасьце сваёй кнігі “Лісты зь лесу” быў затрыманы Павал Севярынец, а таксама 30 удзельнікаў гэтай сустрэчы. Пра падрабязнасцьці затрыманьня паведамляе Радыё Свабода.

Прайшло якіх паўгадзіны з пачатку сустрэчы. Не пасьпеў Павал Севярынец распавесьці пра кніжкі “Беларуская нацыянальная ідэя” і “Лісты зь лесу”, як пачуўся спачатку лёгкі стук у дзьверы, потым іх сталі выбіваць.

З крыкам “Здесь происходит воровская сходка! Всем руки за голову! Буду стрелять!” у пакойчык офіса БНФ, які арандаваны ў невялікай кавярні, уварвалася група людзей у цывільным на чале з падпалкоўнікам міліцыі. Будынак кавярні блякавалі каля дваццаці міліцыянтаў і АМАПаўцаў.

Былі затрыманыя і з рукамі за галавой выведзеныя ў двор 32 чалавекі. Затрыманьне здымалася на відэа.

Кіраваў апэрацыяй намесьнік начальніка Маскоўскага РАУС Берасьця Сьцяпанаў.

Усе затрыманыя былі дастаўленыя ў Маскоўскі РАУС, дзе былі перапісаныя іх пашпартныя дадзеныя. Непаўнагадовых адпусьцілі, на астатніх склалі пратаколы. Усіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным сходзе.

Пазьней у Маскоўскім РАУС падпалкоўнік Сьцяпанаў заявіў, што на месцы прэзэнтацыі знойдзеныя фальшывыя банкноты з выявай Лукашэнкі ў карыкатурным выглядзе. “Гэта ўжо цягне на крымінальную справу”, — зазначыў ён.

Спадар Сьцяпанаў паведаміў затрыманым удзельнікам прэзэнтацыі, што ў бары кавярні знайшлі партыю ўкраінскай гарэлкі без акцызных марак. “Так што яшчэ і за гарэлку з гаспадарамі вам давядзецца разьлічвацца”, — сказаў падпалкоўнік.

Спадар Шыманскі, старшыня гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ, кажа, што абвінавачваньне ва ўдзеле ў несанкцыянаваным сходзе, — бязглузьдзіца, таму што праходзіў адкрыты сход адной з суполак. На парадку дня была сустрэча зь Севярынцам. Такі сход не патрабуе адмысловага дазволу.

Павал Севярынец спачатку ўтрымліваўся ў невядомым месцы, праз тры гадзіны ён быў дастаўлены ў Маскоўскі РАУС. Аператыўны дзяжурны па РАУС ніякай інфармацыі не дае.

Паводле Андрэя Любянчука, актывіста руху за арганізацыю хрысьціянска-дэмакратычнай партыі, Павал на свабодзе.

Севярынцу, як і ўсім удзельнікам сходу, загадана зьявіцца на суд 22 жніўня а 10-й гадзіне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)