Общество
Eolonir

Сеткавыя войны

“У рамах гэтае палітыкі ня існуе суверэннае рэспублікі Беларусь, суверэннае Расейскае Федэрацыі, гэта аднапалярны сьвет”. Такім чынам у новае стужцы БТ з назвай “Сеткавыя войны” камэнтуецца сучасная сьветабудова. Дзіўна, навошта для камэнтаваньня пазыцыі ЗША аўтары гэтага опусу кілэрскае журналістыкі прыцягнулі лідэра расейскага Эўразійскага Зьвяза Моладзі Паўла Зарыфуліна? Чаму не прадстаўніка ад БРСМа? Ці іх ужо вырашылі не выпускаць на цыркавую арэну?

Занадта сур’ёзныя тэмы камэнтаваць БРСМ ужо аддаўна не даюць. Нізкага ж меркаваньня нашыя афіцыйныя тэлевізыйнікі пра мэнтальныя здольнасьці намэнклятуры, калі ў лепшых каланіяльных традыцыях усе падзеі запрашаюць камэнтаваць знаўцаў з Расеі…

Апублікаваны HvosT ролік з выпускам “Панарамы”, дзе анансуецца новы фільм ад БТ, які “найбольш дасканала і выкшталцона тлумачыць сутнасьць каляровых рэвалюцыяў”, прыцягнуў маю ўвагу з-за некалькіх недарэчнасьцяў ужо ў назве. Па-першае, чаму сеткавыя войны? Няўжо электарат Лукашэнкі, на які БТ традыцыйна абрынае самую цяжкую ідэалягічную артылерыю, ужо гатовы ўспрымаць паняцьці Інтэрнэта і сетак? Не пасьпеў я ўсьцешыцца тым, што нарэшце ўлады вызналі важкасьць такога палітычнага апанэнта, як Сеціва, мяне “абламалі”. Тым, што ніхто пра Сеціва распавядаць і ня думаў. Сеткавыя войны — гэта маніпуляваньне інфармацыяй, а галоўны аб’ект атакі — гэта недзяржаўныя арганізацыі, якія ў інтэрпрэтацыі БТ апынуліся “адвакатам д’яблу”. Віва Расеі, якая зачыніла гэтую брамку пару год таму, забараніўшы фінансаваньне руйнатараў свайго строю. Але новаўводзіны: калі датычна сытуацыі ў Беларусі сцэны з АМАПам БТ усё-ткі паказваць не наважавецца, то разгон “Марша несогласных” у Маскве быў паказаны досыць маляўніча. На выпадак налетніх праблем з Расеяй, каб мець інфармацыйны інструмэнтар пад рукой. Тое ж у свой час учыніў урад Пуціна, санкцыянаваўшы паказ ОРТ кадраў з “Плошчы”.

Белтэлекам ужо другі месяц размаўляе пра разгортваньне сеткі WiFi у гатэлях ды на вакзале гораду для тэставаньня. Ваш пакорлівы слуга так і ня даў рады знайсьці хаця ледзьве працуючы сыгналь на вакзале. У холе гатэлю “Юбілёвы” сетка была знойдзена, але мой кампутар, выявіўшы нечаканую натурыстасьць, тэставаць смакоты ад нацыянальнага манапалісты адмовіўся. Такі ж вынік чакаў мяне й на астатніх пляцоўках. Мабыць, тэставаньне ўсё-ткі было, але толькі для абраных карыстальнікаў. Сытуацыя да болю паўтарала выпадак з БэСТам, які паўгады таму запусьціў неабмежаваны дасяг да Сеціва, які нават і не думаў працаваць у Менску…

Трэба вучыцца ў карэйцаў. Натуральна, тэхналягічна яны досыць прасунунтая краіна, але нават ва Ўкраіне кошт Інтэрнэту на парадкі ніжэйшы за наш. Palitekanom піша, што Сэульскае мэтро абсталявалі безкаштоўным выхадам у Сеціва, і пры гэтым выдалі мясцовым карыстальнікам бескаштоўныя лэптопы. Ці пабяруць іх назад па заканчэньні экспэрымэнту — невядома, але наўрад, падказвае маркетынгавая лёгіка.

Дасьледваньне brat_marakasau паказвае, што ў Японіі за меней чым 30 даляраў на месяц можна замовіць сабе канал ажно на 100 мегабіт на сэкунду (шырыня звычайнае хатняе сеткі), у ЗША за той жа кошт — да 40 мегабіт на сэкунду, ва Ўкраіне — на 8 мегабіт на сэкунду. У Беларусі нелімітаваны канал хаця на 1 мегабіт каштавацьме ля 1200 даляраў на месяц. Стартавыя ўмовы ва Ўкраіне і Беларусі былі аднолькавымі, але прыйшлі мы да цалкам розных вынікаў. Прагрэс? Наўрад ці.

На Pozirk.org у апошні дзень з’явіліся перадрукоўкі з ЖЧ paul-broom наконт метадаў працы КДБ ды калектыўнае дасьледваньне, як сабе паводзіць, калі Вас выклікалі на размову. Асноўная ідэя — не чакайце сустрэць там штырліцаў ці джэймсаў бондаў. Мы маленькая дзяржава, і на выкшалцонае абсталяваньне ды адмыслоўцаў сусьветнага ўзроўню рэсурсаў у нас няма. І працуюць там далёка не экспэрты ў сваёй справе, і працуюць проста за грошы супраць моладзі, якая кепска сабе пакуль што ўяўляе патэнцыял “конторы глубокого бурения”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)