Сем вар`яцкіх учынкаў, здзейсненых у Мінску праз каханне

Нягледзячы на ўстойлівы «ўдумлівы i памяркоўны» імідж беларусаў у цэлым і мінчан у прыватнасці, вар'яцкія ўчынкі яны час ад часу ўсё ж такі здзяйсняюць.

Сёння якраз ёсць нагода ўзгадаць некалькі любоўных безразважнасцяў, учыненых мінчукамі або тымі, каго мінчанкі натхнілі «на подзвігі». Іншымі словамі – вось наш унёсак на алтар святога Валянціна.

Дама не па зубах

Даўным-даўно, задоўга да з'яўлення Канвенцыі па абароне рэдкіх жывёлін, у глыбокай пячоры ў нетрах гары на ўскрайку Мінска жыў крыважэрны Цмок – самы страшны звер на зямлі, як лічылі нашы продкі. Яму прыносілі ахвяры, штогод па дзесяць самых прыгожых дзяўчат. І вось аднойчы «лёсаванне» паказала на нявесту мясцовага волата, які і адправіўся высвятляць адносіны ў падзямелле да пачвары.

Гісторыя гаворыць, што бой быў доўгім і жорсткім, але ўсё ж закаханы асiлак перамог цмока, а цела яго кінуў у Свіслач – і яшчэ шмат гадоў, калі ўзровень ракі апускаўся, над вадой паказваўся шкілет рэптыліі... Дарэчы, маецца геаграфічная прывязка гэтага подзвігу ў імя кахання: на ўзгорку, пад якім жыў Цмок, цяпер знаходзiцца Юбілейная плошча, а на месцы ягонай пячоры – станцыя мятро «Фрунзенская».

Чорная ўдава

Гэтае паданне было шырока вядома ў Мiнску ў сярэдзiне ХIХ стагоддзя. Жонка старога адваката Мазура – Феафiла – закахалася ў студэнта Iгната Свентаржэцкага. Каб быць побач з iм, яна атруцiла свайго мужа, пра што выпадкова даведаўся студэнтаў брат. У сваю чаргу ён быў забiты Iгнатам, якi таксама кахаў Феафiлу i не хацеў абнародавання гэтай iнфармацыi.

Злачынцы ажанiлiся, i ў iх нават нарадзiўся сын, аднак шчаслiвымi яны не сталi – праз некаторы час Iгнат звар’яцеў i потым памёр, а Феафiла, якой пагражала галеча, была вымушана ізноў выйсцi замуж за старога i нялюбага. Той патрабаваў здаць пасынка ў прытулак, лупiў яго, таму Феафiла ўзялася за старое рамяство, атруцiўшы i гэтага мужа. Але цяпер яе выкрылi i прысудзiлi да зняволення ў Пiшчалаўскiм замку.

Пасля вызвалення, як кажуць, Чорная ўдава (менавіта такую мінушку яна атрымала) стала жонкай турэмнага каменданта, разам з якiм пражыла больш за 30 гадоў…

Каханне і помста

Многія чулі гісторыю з'яўлення ў Аляксандраўскім скверы найстарэйшай у Мінску грамадскай прыбіральні: маўляў, граф-алігарх Чапскі не заплаціў архітэктару за праект сваёй рэзідэнцыі, і пакрыўджаны дойлід узвёў паменшаную копію палаца (з функцыямі WC) у людным месцы.

Аднак у гэтай легенды ёсць яшчэ адзін, меней вядомы, пласт. Пляткараць, быццам не заплаціў Чапскі маладому праекцiроўшчыку зусім не таму, што быў скнарай, а ад таго, што той заляцаўся да дачкі графа і нават планаваў збегчы з ёю як толькі атрымае разлік за сваю працу. Так Чапскі адабраў у маладых сумесную перспектыву, але падарыў гораду клазет, які зрэшты нядаўна стаў касай Купалаўскага тэатра, пазбавіўшыся больш чым векавога «праклёну».

Рэўнасць забівае

У аднаго мінскага купца было тры дачкі – дзве родныя і адна прыёмная, і ўсе тры закахалiся ў нанятага бацькам гувернёра. Сам малады чалавек палюбіў прыёмную дачку, выклікаўшы рэўнасць яе названых сясцёр. Аднойчы вясной, напярэдадні ўцёкаў, падрыхтаваных закаханымі, сёстры замкнулі падчарку ў склепе, а самі сышлі на баль.

Тым часам Свіслач разлілася, затапіўшы ніжні паверх дома (той стаяў на беразе, на Зыбiцкай вуліцы). Бедная дзяўчына захлынулася. Даведаўшыся пра гэта, жаніх звар'яцеў i забіў злых сясцёр, а потым павесіўся сам. Прывіды ўсіх чацвярых пасялiліся ў сцянах будынку, дзе адбылася трагедыя.

Безразважная Белая пані

Яшчэ адна трагедыя i яшчэ адзiн прывiд. Жонка ўладальніка Лошыцкай сядзібы Яўстафія Любанскага, Ядзвіга, была вельмі гасціннай і абаяльнай гаспадыняй. Кажуць, перад яе чарамі не выстаяў нават гарадскi галава граф Чапскі (зноў гэты Чапскі!), і Ядзвіга адказала яму ўзаемнасцю. Аднойчы на балі Яўстафій ўбачыў сваю жонку ў абдымках графа.

Пасля моцнай сямейнай сваркі Ядзвіга спусцілася да ракі і ўтапілася. На тым месцы, дзе быў знойдзены яе труп, кожнай вясной расцвітае дзіўная для Беларусі расліна – маньчжурскі абрыкос. А прывід Белай пані, якая лічыцца заступніцай закаханых, да гэтага часу з'яўляецца ў паркавых алеях. Сустрэча з ёй для маладых людзей – добры знак, якi прадказвае шчаслівае сямейнае жыццё.

Пяцізоркавая падзяка

Адна з найлепшых гасцініц Мінска – Crowne Plaza – сваім з'яўленнем абавязана раману, што ўспыхнуў паміж 58-гадовым турэцкім «каралём казіно» Судзі Азканам і 18-гадовай беларускай Кацярынай Шулькевiч. Дзяўчына прыехала ў Турцыю на адпачынак, а неўзабаве стала жонкай аднаго з найбагацейшых людзей гэтай краіны, з якім пазнаёмілася выпадкова.

Падчас візіту ў Мінск уладальнік сеткі атэляў вырашыў зрабіць нешта прыемнае малой радзіме сваёй жонкі і ўклаў сродкі ў рэканструкцыю пабудаванай яшчэ ў 1930-х гасцініцы, якая ў той час насіла назву «Беларусь», а потым «Свіслач», даўшы ёй імя сусветна вядомага брэнда.

Праўда, праз 14 гадоў саюз, змацаваны чатырма сумеснымі дзецьмі, у гонар якіх названы канферэнц-залы ў мінскім пяцізоркавым атэлі, распаўся, а Судзі Азкан пасля разводу заявіў, што больш ніколі ў жыцці не ажэніцца.

Стралок Амура

А вось у гасцініцы «Мінск» у 2007 годзе адбылася гісторыя, апісаная яшчэ Шарлем Перо, толькі нашая Папялушка – Наташа Аліева са Смалявічаў – не прыехала на баль, а працавала афіцыянткай у тутэйшым рэстаране.

Прынц жа аказаўся самым сапраўдным, але з эмірата Дубай – у Мiнск ён прыбыў на спаборніцтвы па стэндавай стральбе. Шлюб з маладым шэйхам Саідам аль-Мактумам зарэгістравалі наўпрост у гатэлі, і Наташа паляцела ў Арабскія Эміраты, дзе пасля прыняцця ісламу стала Айшай. У 2009-м яна нарадзіла прынцу дачку і кажа, што шчаслівая…

І ў чым жа тут неразважлівасць, спытаеце вы? Дык у прынца да таго часу ўжо была адна жонка з пяццю дзецьмі, бо па законе Дубаю ён можа мець да чатырох спадарожніц жыцця. А цяпер адкажыце сабе: хацелі б асабіста вы жыць у гарэме або, з іншага боку, мець чатырох цешч?!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)