Общество
Eolonir

Сеціва, “Панарама” і парнаграфія

Наколькі бывае агідна й брыдка глядзець “Панараму” па тэлевізыі, настолькі ж цікава праглядаць тыя ролікі ў YouTube’аўскім фармаце ў Сеціве. Спрацоўвае тая лёгіка, што ў Нэце матар’ял у які заўгодна час можна адштурхнуць і перагледзець потым, калі для таго будзе адпаведны настрой. А на тэлевізыі такога зрабіць нельга. На тое й разьлічваюць розныя зімоўскія: “Не было этого. Ничего не было” – БТ прафэсыйна кажа гэтую фразу 10 год запар.

Недаўна згаданы ў расейскамоўнае эдыцыі Deutsche Welle як адзін з самых уплывовых блёгаў не-ЖЖэйнае часткі байнэту блёг hvost.org спецыялізуецца менавіта на выкладаньні такіх матарыялаў “ад Панарамы”. Апошні ролік распавядае пра тое, што ў Сеціве куды не зойдзеш – увесь час натыркаешся на парнаграфію ды гвалт. І ў якасьці доказаў прыводзіцца здымак экрану, на якім Яндэкс вяртае розныя жудасьці пра прастытуцыю. У лепшых традыцыях “Панарамы”, з выкрэсьленым пошукавым радком. Рэпартаж, адразу бачна, быў ськіраваны на людзей, якія ў сілу свайго прыбытку, аддаленасьці ці ўзросту ня ведаюць, што такое Сеціва. Бо пераконваць інтэрнаўтаў у тым, што ў Сеціве шмат парнаграфіі – гэта тое ж, што дэбатаваць наконт наяўнасьці колаў у возу. І бессэнсоўна, і дурням палічаць.

Дарэчы, прыймо ня новае. На тэму прастытуцыі ў Сеціве спекулявалі ўсе таталітарныя ці аўтарытарныя рэжымы, напалягаючы на тым, што адлучэньне карыстальнікаў ад разэткі было абумоўленым менавіта клопатам пра цноту нацыі. Ну й пад шумок пахоўваліся й нелаяльныя палітычныя рэсурсы. Па меры дэмакратызацыі ўрады прыходзілі да разуменьня, што забараняць нешта – гэта толькі правакаваць падвышаную цікавасьць да “забароненага плоду”. Няхай ужо ядуць, мо з часам ачомаюцца.

Што дзіўна, анягож, у ізьлямскае рэспубліцы Іран баняцца толькі нелаяльныя палітычныя сайты й блёгінгавыя пляцоўкі (як ЖЖ або Blogspot), а “нецнатлівае” зьмесьціва наўпрост мінае цэнзуру. Тое ж і ў Пакістане ці Саўдыйскае Арабіі.

Аднак станоўчы бок згадваньня Інтэрнэту “Панарамай” – тая ж рэкляма. Па-першае, пра такую драпежыну нарэшце даведаюцца тыя людзі, якія адвеку глядзяць ну толькі “самае праўдзівае тэлебачаньне”. Можа, хтосьці й задумаецца пра слушнасьць сьветапогляду. А па-другое, як у свой час гарадзенскія чыноўнікі спрабавалі разьвязаць інфармацыйную барацьбу супраць рэсурсаў, што інфармавалі ў Сеціве пра разбурэньне Горадні, так і “Панарама” сваім зьняважлівым рэпортам вызнала важнасьць Сеціва як апанэнта.

Рэпартаж “Панарамы” пра тое, як затрыманыя КДБ польскія шпёгі запісваюць “крытычную для абароназдольнасьці краіны” інфармацыю на карткі ММС (якія з’яўляюцца выключна Olympus’аўскім фарматам і нікуды больш не дапасоўваюць), хаваюць іх у вогнегасьнік, закапаны на нэйтральнае паласе, можна знайсьці ў прыватным архіву Hvost'а.

Парастак новага жанру з’явіўся на блёгу meramo, які вырашыў зрабіць агляд дзяржаўных выданьняў. Падставай для такога, з першага погляду, дзіўнага занятку сталася неймаверная колькасьць ляпаў у той жа “Саўбелцы” або ”Зьвязьдзе”, якую палова ЖЖ днямі павіншавала з “90-годзьдзем журналісцкае прастытуцыі”. Наколькі гэта справядліва – меркаваць ужо самім карыстальнікам і журналістам, але проста ёсьць факт, што на ўгодкі зьвярнула ўвагі настолькі шмат ЖЖыстаў.

І, нарэшце, прапанаваны канчатак гісторыі агента Вэктара (Улада Міхайлава) з’явіўся ўчора на ЖЖ па доўгае маўклівасьці. Без камэнтараў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)