Общество

Вікторыя Захарава

Сцяпан Папоў: «Трэба дапамагаць Украіне, каб стварыць новае вакно магчымасцяў для беларусаў»

Cамбіст — пра сілу згуртаванасці. Цi што могуць зрабіць беларускія атлеты за мяжой.

Два гады таму беларускія спартоўцы падпісалі адкрыты ліст супраць гвалту і  за новыя выбары. Многім з іх пазней гэта каштавала працы, адлучэння ад міжнародных турніраў, а камусьці і свабоды.

Актывіст аб’яднання беларускіх спартоўцаў Сцяпан Папоў у вялікім інтэрв’ю «Салідарнасці» распавёў пра тое, чаму з’ехаў з краіны, як сустрэў пачатак вайны ў Кіеве і як спартоўцы могуць паўплываць на цяперашнюю сітуацыю.

Змяніць чатыры краіны і застацца беларусам

Напрыканцы 2020-га чэмпіёна свету і Еўропы па самба, залатога медаліста Еўрапейскіх гульняў Сцяпана Папова звольнілі з Цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі. А да таго дэлегацыя з Мінспорту ў стылі «браткоў з 90-х» спрабавала запалохаць, каб ён ці то адклікаў свой подпіс з-пад ліста свабодных спартоўцаў, ці то змоўк і не казаў пра гвалт, а лепш наогул ціхенька з’ехаў.

Абвінаваціць у прадажнасці чалавека, які правёў ноч пад дзвярыма Акрэсціна (туды трапіў дваюрадны брат), не атрымалася, вымусіць з’ехаць — таксама.

Але праз год спартовец усё ж пакінуў краіну.

Фота з асабістага архіву Сцяпана Папова

— Я з’ехаў, калі пачалася Алімпіяда і была верагоднаць, што рэжым пад шумок возьмецца за спартоўцаў, хто адкрыта выказваў сваю пазіцыю, — загдвае Сцяпан. — Узяў квіток у Турэччыну на месяц, каб адпачыць і паглядзець па падзеі збоку. І якраз пачалася незразумелая цікавасць да мяне, нейкія званкі з РАУС.

Разумеў: калі вярнуся, будзе толькі два варыянты — альбо сядзець моўчкі і не крытыкаваць тое, што адбываецца, альбо проста сядзець. Таму ўзяў пэўную паўзу, трошкі заняўся самаадукацыяй. Штодня гадзін па 17 працаваў за камп’ютарам, паралельна слухаў навіны,  што адбываецца ў краіне. Бачыў, што ўсё гэта зацягваецца, і шукаў месца, у якім можна застацца недзе на год.

Спартовец ужо быў нагледзеў у Антальі жытло для сям’і і школу для малодшай дачкі, пазнаёміўся з беларускай дыяспарай, ацаніў перавагі жыцця ля мора. Але трэба было легалізавацца, выехаць з краіны, каб потым вярнуцца і шчыльна заняцца дакументамі. Паехаў у Кіеў, дзе былі родныя і сябры. І менавіта тут заспеў пачатак вайны.

— Скрозь сон першыя выбухі слаба чуў. Падхапіўся толькі, калі Канстанцін Якаўлеў, у якога я начаваў, пачаў гучна гаварыць па тэлефоне, крычаць, мацюгацца — мы ўключылі інтэрнет і ледзь маглі паверыць, што гэта здарылася: Расея напала на Украіну.

Так, раней бачылі, як шмат людзей з’ехалі з горада, з размоваў з таксістамі тое-сёе чулі; але быць гатовым да гэтага немагчыма.

Мы меркавалі, што лепш застацца ў Кіеве, потым бачым відэа — расейская тэхніка ўжо на Абалоні, відэа, дзе БТР наехаў на легкавік. Былі перасцярогі, як адрэагуюць украінцы на чалавека з сінім пашпартам, ці не палічаць дыверсантам, бо ў паніцы — хто там будзе разбірацца? Але сядзець і бяздзейнічаць таксама не варыянт, лепш нешта рабіць, — кажа спартовец.

На вакзале квіткоў не было, але ўдалося за грошы падсесці ў машыну на Львоў, і гэта быў  незабыўны шлях: пробкі з-пад самага Кіева, частыя выбухі, вадзіцель з Туркменістана то гнаў як шалёны, то машыну штурхалі; на блакпосце ўкраінскія вайскоўцы ўбачылі ў багажніку самбоўку і сумку з вялізным надпісам Belarus, але не спусцілі на беларусаў усіх сабак, проста перанакіравалі ў аб’езд.

У Львове спартовец імкнуўся ўсяляк дапамагчы сваім украінскім сябрам. Але рук хапала, і яму самому дапамагалі: «Нібыта гэта ў мяне здарылася бяда, а не ў іх», — з цеплынёй згадвае ён.

— Вырашыў ехаць у Польшчу, тым больш, і візу меў. Тут таксама была магчымасць дапамагаць Украіне: фуры разгружаў з гуманітарнай дапамогай, падтрымліваў ініцыятывы па зборы грошай.

«Маленькімі крокамі можна дайсці да перамогі»

— Тут усе разумеюць, што беларусы, якія выехалі з краіны — супраць рэжыму Лукашэнкі, што яны за Украіну і дапамагаюць, кожны як можа. Дрэннага стаўлення я не бачыў.

У многім, думаю, трэба быць удзячным Антываеннай дэкларацыі, якую ініцыяваў Фонд сп*ртовай салідарнасці. Бо мы знаходзімся на сувязі з украінскімі спартоўцамі і расказваем, што ў дакуменце выразна вызначана наша пазіцыя супраць вайны і названыя яе віноўцы: РФ,  Пуцін, які яе ўзначальвае, і ягоны хаўруснік — Лукашэнка, які прадаставіў нашу тэрыторыю для абстрэлаў.

Таму дэкларацыя трошкі змяніла настрой украінцаў. Іхні міністр спорту размаўляе з фондам, НАК Польшчы таксама падтрымлівае, шэраг спартоўцаў-дэпутатаў, ёсць станцыя КіеўFM, якая прасоўвае гэтую павестку.

Што яшчэ могуць зрабіць беларускія спартоўцы за мяжой? На думку Сцяпана Папова, галоўнае — нягледзячы на стомленасць і эмацыйны спад, не размяжоўвацца і не весціся на «бульбасрачы»:

— Пра палітыку можна размаўляць вельмі шмат, і тут не будзе ідэалу. Любы лідар, які зараз выйдзе, адхопіць сваю порцыю крытыкі, бо шлях цяжкі, а перамога пакуль далёка. Але важна аб’ядноўвацца і працаваць у сваёй галіне. Нас жа было шмат падпісантаў ліста, больш як 2000 чалавек, я ведаю многіх асабіста. Многія атрымалі за свой подпіс «узнагароду», страцілі працу і дом, вымушаныя былі з’ехаць, але пазіцыя іх не пахіснулася.

Вось зараз у Варшаве адбыўся Кубак імя Сашы Івуліна, мэтай якога было не проста згуляць у футбол, а нагадаць свету, што ў Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, што палітзняволеныя, у тым ліку спартоўцы, без аніякай віны застаюцца за кратамі. Уразіла, як на заклік Фонду адгукнуліся фядомыя футбалісты — Ілья Шкурын, Аляксей Хацкевіч, экс-дырэктар БАТЭ Міхась Залеўскі, іншыя хлопцы.

У Дзюсельдорфе ў гэты ж дзень Андрэй Краўчанка, Яна Максімава, Дзіма Шэршань, Аляксандр Вахавяк зладзілі спартыўны пікнік — были паказальныя выступленні, гульні для дзяцей, плюс напісалі лісты палітвязням, выказалі падтрымку Беларусі і Украіне.

Калі з падпісантаў хаця б чалавек 200-300 актыўных будуць рабіць гэта ў іншых краінах і паказваць, што беларускія спартоўцы супраць вайны — падцягнуцца і іншыя. Гэта здаецца маленькім учынкам, але акурат такімі маленькімі крокамі можна дайсці да перамогі.

— З пачатку вайны вы завялі тэлеграм-канал, каб расказваць спартоўцам, што адбываецца. Ці ўдалося пераканаць кагосьці з тых, хто «Za», наогул зразумець, што ў галовах у людзей, якія падтрымліваюць вайну?

— Так, я пачаў весці дыялог з расейскімі спартоўцамі, і ў выніку, можа, з тысячу чалавек ад мяне адпісаліся. Спачатку быў шок: як так, я прыводжу факты, доказы, а дастукацца ніяк. Потым заўважыў, што ў многіх паўтараюцца адныя і тыя ж думкі, нават фармулёўкі, як па метадычцы. І каб не паўтарацца, скрыншоціў гэтыя аднолькавыя думкі і каментаваў іх.

Сцяпан прыводзіць прыклад, як знакамітаму ўкраінскаму самбісту Віктару Савінаву, чыя сям’я вымушаная была хавацца ў бомбасховішчы, тэлефанавалі спартоўцы з Расіі, маўляў, што здарылася, чаму «вашы ў нашых страляюць»?

Нехта напісаў: «Вось табе карта, каб выйсці з Харкава да нашых і ўратавацца, бо вашыя нацысты гэту карту не пакажуць». Украінскі спартовец у адказ папрасіў уратаваць яго ад «рускага свету», але для многіх тэлевізійная прапаганда аказалася мацнейшай, чым сведчанні асабіста знаёмага ўкраінца.

— Мяркую, гэта таму, што яны вельмі залежныя ад сваёй дзяржавы. Большасць з іх — «на пагонах», у структурах, і нічога не могуць сказаць, нават калі ўсё разумеюць. Дый не хочуць адчуваць сябе злодзеямі, таму вераць у тое, у што хочацца верыць: мы на баку дабра, а вы гады.

Многія спрабавалі мяне зачапіць, вывесці на эмоцыі, каб я іх паслаў і паказаў сябе неўраўнаважаным псіхапатам. І вельмі іх крыўдзіла, што я не зрываўся і не вёўся на маніпуляцыі.

Праз пэўны час адмовіўся ўжо ад гэтых дыялогаў, бо ўсе, хто жадаў, мог разабрацца ў падзеях і прычынах, і пераключыўся на размовы з расейцамі, якія не падтрымліваюць «спецаперацыю», адчуваюць сябе ізгоямі і знаходзяцца ў небяспецы пераследу за «фэйкі».

«Зона камфорту для маўчуноў скончыцца»

— Тыя беларускія спартоўцы, хто мог і жадаў адкрыта выказацца, ужо гэта зрабілі. А маўчуны застаюцца ў сістэме, спаборнічаюць, працуюць. Яны не падпісвалі праўладнае пісьмо і многія «супраць» — але маўчаць.

І вось цяпер да іх таксама даходзіць, як гучаць дурныя выказванні Кавальчука, Рыбака, Хмялькова пра «перыяд перазагрузкі для спорту», «санкцыі нас робяць мацнейшымі», і пошукі альтэрнатывы міжнародным турнірам — Ябацькіяда якая-небудзь замест Алімпіяды: сабраць стадыён «Дынама» і глядзець, як чыноўнікі і ябацькі бегаюць стометроўкі

Проста раней спартоўцы ездзілі на спаборніцтвы, атрымлівалі зарплаты і прэміі, і якую лухту ды хлусню выдаюць чыноўнікі, іх не хвалявала. А зараз атрымліваць перастануць, бо міжнародны бан і 90%, што не паедуць на Алімпіяду, і ў Мінспорту ўсе рагочуць пра прыдуманую Кавальчуком «шкалу», па якой нібыта будуць налічваць заробкі — добра, калі выйдзе 400-500 рублёў акладу, без прэміяльных. Вось тады зона камфорту для маўчуноў скончыцца.

— У 2016 годзе вы атрымалі ўзнагароду Fair Play за высакародныя паводзіны. Сёння ў беларускім спорце адбываецца штосьці супрацьлеглае сумленнай гульні. Як гэта можна ахарактарызаваць?

— Як быццам прафесіянал узроўню заслужанага майстру спорту прыйдзе змагацца на юначы чэмпіянат, і яго назавуць вялікім чэмпіёнам. Наогул, усё гэта ідзе зверху, як і на выбарах, дзе нібыта перамог Лукашэнка, якому ЦВК намалявала 80,1 % галасоў, а ўсе іншыя і блізка не дацягнулі да яго.

Так у гэтага рэжыму ўсё і выглядае: мы паўсюль пераможцы, а вы — ніхто.

Галоўная праблема, на маю думку, што спартоўцам зараз няма за кім ісці. У цяперашняй Беларусі яны разумеюць, што ёсць пэўныя правілы: ты маўчыш і сёе-тое атрымліваеш. А з другога боку медаля — не хапае рэальных дзеянняў апазіцыі.

Мусіць быць рэальнае аб’яднанне і лідары, якія здолеюць згуртаваць людзей вакол сябе — не новае міністэрства спорту, але суполка роўных, дзе кожны працуе для перамогі.

«Нацэлены вярнуцца»

— Можа, і добра, што ў 2020-м мы не перамаглі адразу, бо ўсе выраслі ў гэтай краіне і прызвычаіліся жыць па пэўнай схеме. Калі мы ўсе аб’яднаемся і зробімся пэўнай структурай, у якой будзе бачанне перспектыў — тады будзе моц, якая пераверне рэжым.

А зараз трэба дапамагаць Украіне, каб стварыць новае вакно магчымасцяў для беларусаў. Многія лічаць: ЗСУ разбярэцца, ёсць жа зброя, дапамога. Так, Расія прайграла маральна. Але да фізічнай перамогі яшчэ вельмі далёка. Трэба набліжаць яе і абяляць беларускі спорт і беларусаў перад вачыма ўкраінцаў, як два гады таму, калі самі беларусы ўбачылі, што спартоўцы з народам.

Я перакананы, што ўсё было не дарэмна. Атрымалася вывезці сям’ю, яны цяпер у бяспецы. На ўмовы грэх скардзіцца, дый калі прыцісне, гатовы на любую працу. У Еўропе наогул больш магчымасцяў для рэалізацыі. Хоць, канешне, бывае і сум — не хапае родных, сяброў, чоўна, на якім рыбачыў і які без мяне ніхто не спускаў на ваду.

Накрывае часам: а што, калі ўсё вельмі доўга зацягнецца, і я ўжо пушчу тут карані, дзецям спадабаецца і яны не захочуць з’язджаць?

Але я прызвычаіўся да барацьбы, таму нацэлены вярнуцца. Веру, што мы можам быць не горш за Літву праз 5-10 год, калі будзем рухацца. Заўжды марыў развіваць культуру спорту і адпачынку ў сваім Лепелі, каб было нормай не выпіць таннае «чарніла» і ўпасці ў кусты, а паплаваць, пабегаць, займацца на трэнажорах у добрай залі.

Хочацца, каб Беларусь не стала часткай Расеі, а адштурхнулася, нарэшце, ад дна, на якое мы апускаемся гэтыя два гады, і на новым эмацыйным уздыме выйшла на ўзровень 2020-га і вышэй — да нашай перамогі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(12)