Общество
Eolonir

Сьцягі і талеркі над Менскам

Самай папулярнаю навіной апошніх двух дзён стала паведамленьне наконт зьняцьця спадарожнікавых антэнаў, што маецца адбыцца ў Менску. Аргументацыю чыноўнікі ад архітэктуры арыгінальную ня вынайшлі – маўляў, “як спаскудзілі фасады дамоў на цэнтральным прашпекце, вой-вой-вой”. Вось толькі цікава, як гэта будзе рэалізавана тэхнічна.

Паведамленьне на гэты конт выклікала бурную дыскусію на minsk_by. У сталіцы амаль кожная трэцяя сям’я мае спадарожнікавую антэну. Рассылаць усім абвесткі, каб зьнялі пад пагрозаю штрафу? Але наколькі я памятаю, барацьба з млынамі ў Лідзе асаблівага плёну не дала. Ну зьніме пара, яшчэ некалькі жыхароў ськінуць манцёраў са сходаў (дарэчы, я амаль зрабіў гэта з манцёрам, які намагаўся парэзаць кабель маёй хатняе сеткі), а астатніх што — да суду прыцягнуць? Цікава, як нашыя самыя працавітыя ў сьвеце суды вытрываюць 600 000 чалавек. А фізычная рэалізацыя праекту? Адкуль ЖЭСы возьмуць столькі працаўнікоў, каб тае зрабіць?

Праблема ў тым, што гэта — не палітычная акцыя. Большасьць карыстальнікаў талерак не глядзіць “Эўраньюз” — яны паставілі іх, каб глядзець стужкі, мульты, эротыку. Палітыка для іх — справа не апошняя, але й ня першая. То бок улады пасягнулі не на што іншае, як на сьвятніцу паспалітага чалавека. Нават зацятыя лукашысты наўрад ці падтрымаюць такую ініцыятыву. Натуральна, Лукашэнка адседзіцца ўбаку — калі акцыя праваліцца, то ва ўсім зьвінаваціць галоўнага менскага архітэктара, у якога прага зьняцьця антэнаў, што зацішна прабавілі на сьцянах 15 год, наўрад ці ўзьнікла самастойна.

“Эўрабачаньне” хутка загасла. Блёгасфэра Калдуна ўвогуле не абмяркоўвала. Крыху народу выказаліся ў падтрымку Сярдзючкі. А так — зацішша. Мабыць, блёг ды тэлевізія — паняцьці антаганічныя…

Другая навіна, што тарганула блёгасфэру — з’яўленьне нашае нацыянальнае сымболікі над беларускімі гарадамі ва ўгодкі рэфэрэндуму. Асабліва моцна рэфлексаваў minsk_by наконт сьцягу на ронда Прытыцкага (мэтро “Пушкінская” ў Менску). Я нават зьдзівіўся, наколькі станоўчымі былі ўсе выказваньні — ніякае псэўданавуковае дыскусіі, якую так падабаюць ладзіць ў нэце некалькі карыстальнікаў, я не знайшоў.

І яшчэ — адметнаю рысай апошняга тыдню стаецца пераўтварэньне блёгасфэры з палігону для палітычных дыскусіяў у палігон для літаратурных экзэрсісаў. Нават аб’яваў у менскім кам’юніці стала замала. І спрэчак. Тое ж і ва Ўкраіне. Задуха, спадарства.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)