Экономика

Беларусы замежжа стварылі сайт са сьпісам кампаній, якія супрацоўнічаюць з рэжымам Лукашэнкі

Група «Эканамічны Ціск» ініцыятывы «Беларусы Замежжа» запусьціла сайт belarus2020.info са сьпісам кампаній пастаўшчыкоў і партнэраў, якія закупляюць прадукцыю беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў або пастаўляюць транспарт і зброю беларускім сілавікам, піша Радыё Свабода.

«Мы запусьцілі гэты праект, каб у ветлівай, але настойлівай форме заклікаць кампаніі, якія супрацоўнічаюць з рэжымам, да байкоту Лукашэнкі. З часам мы хочам зьвярнуцца да ўсіх кампаній, якія купляюць або пастаўляюць тавары ці паслугі любым беларускім дзяржаўным органам і прадпрыемствам, за выключэньнем прадуктаў харчаваньня, мэдыцынскага абсталяваньня і лекаў. Гэты ціск пазбавіць сродкаў і створыць складанасьці для дзейнасьці рэжыму і падаўленьня пратэстаў», — адзначаюць стваральнікі сайту.

У пераліку кампаній — Scania (пастаўшчык рухавікоў для БелАЗ), Bosch (пастаўшчык дэталяў для МТЗ), British American Tobacco і Japan Tobacco International (пастаўкі абсталяваньня і сыравіны на горадзенскую тытунёвую фабрыку «Нёман»), Siemens (пастаўшчык турбін для БелАЭС і абсталяваньня для Менскэнэрга), Iveco (на базе іх грузавікоў вырабляюць вадамёты), Glock (пастаўляе пісталеты для МУС, АМАП, унутраных войскаў) Mercedes (пастаўляе аўтамабілі УДП І МУС), Yara international (буйны пакупнік калійных угнаеньняў), IKEA і Kronospan (пакупнікі драўніны беларускіх дзяржаўных кампаній) і іншыя кампаніі.

На сайце даецца кароткая інфармацыя па супрацы кожнай кампаніі зь Беларусьсю, а таксама спасылкі на яе сацсеткі/e-mail. Сайт будзе абнаўляцца і дапаўняцца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(37)