Саюз пісьменнікаў з нагоды выбуху асудзіў блогера Ліпковіча
Прэзідыум пралукашэнкаўскага Саюза пісьменнікаў Беларусі прыняў заяву з нагоды выбуху ў мінскім метро.
Пісьменнікі не толькі асудзілі «бесчалавечны акт», але і падтрымалі «крокі ўлад па абмежаванні дзейнасці некаторых сайтаў у інтэрнэце, якія заклікаюць людзей да гвалтоўных дзеянняў у адносінах да органаў улады і грамадства». СПБ таксама скарыстаўся нагодай тэракту, каб... асудзіць блогера Яўгена Ліпковіча.«Саюз пісьменнікаў Беларусі рашуча асуджае дзеянні падобных асоб, так званых апазіцыянераў, як Яўген Ліпковіч, які выкарыстоўвае фашысцкія метады, заклікае да спальвання ў грамадскіх месцах кніг, так або інакш садзейнічае тым адмоўным сілам, чые дзеянні накіраваны супраць народа Беларусі і яго ўлады».
Нагадаем, што блогер Ліпковіч другі год запар паліць кнігі кіраўніка СПБ Мікалая Чаргінца. Ён называе гэтую акцыю «Днём абароны маладой беларускай маральнасці».
– Звяртаемся да ўсіх, хто лічыць сябе апазіцыяй, праявіць цвярозасць і спыніць спрыянне тым сілам унутры краіны і за мяжой, якія выношваюць і ажыццяўляюць планы па парушэнні спакою і парадку ў нашай краіне, — пафасна заклікае прэзідыум.
Ліпковіч у часе свайго перформансу іранізаваў: «Маладая беларуская маральнасць мае патрэбу ў абароне… Не пабіў тэлевізар [з прапагандысцкімі перадачамі], не спаліў Чаргінца — дзень пражыты дарэмна, маральнасць пацярпела». Нагадаем, што набліжаны да Лукашэнкі пісьменнік Чаргінец узначальвае не толькі Саюз пісьменнікаў, але і Беларускую грамадскую раду па маральнасці.
Заяву з асуджэннем блогера Ліпковіча апублікавала на першай паласе вялікім кеглем газета СПБ «Літаратура і мастацтва».
Дарэчы, на старонцы 4 таго ж нумара друкуецца вялікі артыкул «Космас Мікалая Чаргінца». Фота Чаргінца красавалася і на першай паласе мінулага нумара газеты.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное