«Саша, нягледзячы на кароткае знаёмства, запомніўся сваім унутраным спакоем і ўпэўненасцю ў сабе»
Сукамернік палітвязня Аляксандра Лучыновіча, якi за кратамі 24 кастрычніка адзначыў дзень народзінаў, расказаў «Салідарнасці» пра знаёмства з ім.
Аляксандр Лучыновіч працаваў правадніком рэзерву з Гомеля. Ён быў затрыманы 31 сакавіка 2022 года на працы ў Гомельскім аддзяленні Беларускай чыгункі.
Як стала вядома праваабаронцам, пры затрыманні ў яго забралі тэлефон і, пасля таго як праглядзелі, склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП, а пазней вынеслi адміністрацыйны арышт.
На волю пасля «сутак» Аляксандр не выйшаў — яго перазатрымалі ў межах крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Прычына — перадача фота расійскай вайсковай тэхнікі ў незалежны беларускi тэлеграм-канал. У вынiку: 2 гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.
Сваё 45-годдзе Аляксандр Лучыновіч сёлета сустрэў за кратамі. Яго былы сукамернік Алег Барадзін, пра якога мы нядаўна пiсалi, расказаў «Салідарнасці» пра сябра:
– 13 красавіка ў апошні дзень сваіх сутак, літаральна за пяць гадзін да вызвалення, мяне з яшчэ адным хлопцам Сяргеем перавялі ў іншую камеру, дзе я пазнаёміўся з Сашам Лучыновічам, – расказвае Алег. – Ён, як i я, таксама быў затрыманы за здымкi вайсковай тэхнікі рускіх акупантаў.
Невысокага росту, хударлявага целаскладу, светлыя растрапаныя валасы, акуратная бародка. Быў апрануты ў чыгуначную форму аранжава-сіняга колеру.
Пра Лучыновіча я ўжо чуў ад Андрэя Уткіна, які з ім сядзеў у свой час у іншай камеры. Саша здзівіўся, калі ў ягоную хату-двушку прывялі мяне з Сяргеем. Першая яго фраза: «А як мы ўсё спаць тут будзем?»
Прыселі. Пазнаёміліся. Кожны ў кратцы расказаў сваю гісторыю, хто і за што сюды трапіў. Саша, нягледзячы на кароткае знаёмства, запомніўся мне сваім унутраным спакоем і ўпэўненасцю ў сабе. Яго затрыманне па факце як і ва ўсіх было выпадковым, але ўнутраная пазіцыя, цвёрдасць перакананняў падчас гутаркі і ўпэўненасць у сваёй правасці чыталіся ў яго вачах вельмі моцна. Валявы хлопец.
У камеры ён быў вельмі сабраны і паслядоўны ў дзеяннях. Калі я адмовіўся ад вячэры, то Саша еў перавараную сечку і казаў: «Так, хочацца-не хочацца, але трэба паесці, хлопцы. Трэба захаваць сілы».
Калі шчыра, ніхто не быў упэўнены, што мы зможам выйсці пасля ІЧЗ, бо да арышту ў сацсетках было шмат інфармацыі пра падобныя затрыманні і, калі да 2023 года вызваленне пасля адміністратыўкі было не навіной, то з пачаткам подлага нападу рускіх на Украіну, сталі выпускаць нашмат радзей.
Алег тлумачыць, што, як правіла, адміністрацыйны арышт выкарыстоўваўся следчымi як дадатковы запас часу, каб накапаць у тэлефоне затрыманага чарговы кампрамат: «Каб распачаць крымінальную справу».
– 13 красавіка ў 23.30 мяне выпусцілі з ІЧЗ, 24 ліпеня даведаўся, што двума днямі раней у Сашы быў суд і яго закрылі на 2 гады агульнага рэжыму, – падсумоўвае суразмоўца. – Саша, сябар, з днём нараджэння.
Аляксандру Лучыновічу можна даслаць ліст з віншаваннямі і словамі падтрымкі па адрасе: ПК № 15. 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша, 183, Аляксандр Мікалаевіч Лучыновіч.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное