"Сама ўлада інспіруе вандалізм у Курапатах"

Двое падлеткаў, якіх падазраюць у зруйнаваньні крыжоў у мэмарыяльным комплексе Курапаты, знаходзяцца ў сьледчым ізалятары. Іх затрымалі 1 лістапада дзяжурныя Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ і выклікалі міліцыю. 11 лістапада сьледчыя бараўлянскай міліцыі распачалі крымінальную справу, а падазраваных на час сьледзтва арыштавалі. Грамадзкія дзеячы спадзяюцца, што справа дойдзе да суду, і вінаватыя ў вандалізму будуць пакараныя.

Падлеткаў падазраюць у наўмысным пашкоджаньні гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Закон дазваляе да суду трымаць іх пад вартай. Затрыманыя сваю віну не прызнаюць. Яны сьцьвярджаюць, што ішлі міма і крыжоў не чапалі.

Падлеткаў затрымалі Алесь Макаў і Алег Сьвірыдаў за некалькі гадзінаў да пачатку жалобнага шэсьця на Дзяды. Міліцыянты засьведчылі, што маладзёны зламалі пяць крыжоў.

Алег Сьвірыдаў быў у міліцыі ў той час, калі падлеткам пасьля допыту паведамілі, што яны зьяўляюцца падазраванымі ў крымінальнай справе. Ён абураны паводзінамі бацькоў падлеткаў, якія ўсьміхаліся і давалі зразумець, што дзеці толькі зламалі крыжы, што гэта не злачынства, а нязначнае парушэньне парадку.

“Яблык ад яблыні недалёка падае. Ва ўзросьце ад 16 да 18 яшчэ ня цалкам атрымаўся чалавек. Што будзе з гэтым людзьмі надалей – адзін Бог ведае”.

Сакратар управы КХП БНФ Алесь Чахольскі, які арганізаваў патруляваньне Курапатаў, лічыць, што справа павінна набыць розгалас у грамадзтве:

“Хацелі на Дзяды, 2 лістапада, зрабіць красамоўны падарунак (у двукосьсі, канешне). Маўляў прыходзіць калёна, а тут паламаныя крыжы і гэтак далей. Але, не атрымалася. Каб для іншых быў прыклад, трэба пакараць сурова”.

Павал Севярынец сам неаднойчы бываў у камэрах сьледчага ізалятару, але за палітычную дзейнасьць, у тым ліку і за абарону Курапатаў ў лістападзе 2002-га. Ён разам са сваімі паплечнікамі ладзіў талаку ў Курапатах, дапамагаў усталёўваць крыжы, якія некалькі разоў ламалі вандалы.

“Курапацкі крыж для нас гэта сыстэма каардынатаў і ў гісторыі і ў маралі. Таму вось гэты выпадак ставіць шэраг пытаньняў. Безумоўна, маладыя людзі сталі ахвярамі той сытуацыі, якая існуе. Для іх крыж ня ёсьць нечым сьвятым. Памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ня есьць нечым недатыкальным. І гэта цалкам на сумленьні сёньняшняга рэжыму.

Ці трэба сурова караць гэтых людзей? Я перакананы, што перш за ўсё патрэбны адкрыты шматлюдны суд”.

Упершыню ўдалося затрымаць людзей, якія ламалі крыжы. Але дагэтуль не знайшлі тых, хто ламаў “Лаву Клінтана”, наносіў на абраз Маці Божай Курапацкай і мэмарыяльныя знакі Курапатаў фашысцкую свастыку.

Госьцем ранішняга эфіру “Свабоды” 12 лістапада быў адкрывальнік Курапатаў, старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.

-- 1 лістапада ў Курапатах ўпершыню былі злоўленыя вандалы. Іх затрымалі актывісты Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, якія наладзілі патруляваньне ўрочышча. Заведзеная крымінальная справа, хлопцы, якіх падазраюць у вандалізме, знаходзяцца ў сьледчым ізалятары. Зянон Станіслававіч, як вы лічыце, ці будуць пакараныя вандалы ўладамі?

-- Па-першае, як можна падазраваць людзей, якіх злавілі на месцы злачынства і зафіксавалі гэтае злачынства. Гэта няправільная фармулёўка. Гэтыя людзі злоўленыя на месцы злачынства, і павінна быць распачатая крымінальная справа. Яна заведзеная. Але тут шмат залежыць ня толькі ад ўладаў і ад суду, але і ад грамадзкасьці, у тым ліку і ад журналістаў.

Калі ўвага да гэтай справы з боку грамадзкасьці будзе вялікай, актыўнай і пастаяннай, то кантроль такога роду можа паўплываць на тое, што ўлады і суд вымушаныя будуць прыняць законнае рашэньне. Калі такой пастаяннай увагі і патрабаваньняў грамадзкасьці ня будзе, то ўлады будуць старацца неяк гэтую справу спусьціць, як кажуць, на тармазах і абмежавацца лёгкім, а можа, і неадэкватным рашэньнем. Мы ўжо ведаем такіх службістаў. Таму з боку грамадзкасьці павінны быць актыўны кантроль і ўвага.

-- Вандалізм на могілках – гэта ня толькі злачынства паводле заканадаўства, але учынак, які будзе мець наступствы ў маральным, чалавечым сэнсе. Як вы лічыце, ці ўсьведамлялі гэта кароткастрыжаныя маладзёны, якія валілі курапацкія крыжы?

-- Думаю, што добра ўсьведамлялі, інкш бы не хаваліся пад ноч. Прытым зразумела, што рабілі яны гэтую гнюснасьць ужо ня першы раз.

Гэта сапсаваныя маладзёны, бязбожнікі, маральныя вырадкі. Яны ў непаўналетнім узросьце ўжо былі пьяныя. Не зарабляючы па непаўналецьцю, яны пілі алькаголь за бацькаўскія грошы. Бацькі іх пакрываюць і павінны несьці адказнасьць таксама за тое, што выгадавалі такіх дрэнных дзяцей.

-- Як вы лічыце, ці магчыма наладзіць паўнавартаснае грамадзкае патруляваньне Курапатаў?

-- Курапаты ёсьць дзяржаўная ахоўная зона, гэтае месца павінна ахоўваць міліцыя, гэта іхні абавязак і праца, якая аплочваецца дзяржавай. Неабходна праз адпаведныя інстанцыі абавязаць міліцыю працаваць.

Выявіць вандалаў і спыніць вандалізім у Курапатах можна хутка і гэта нецяжка. Міліцыя мае, павінна мець сваю агентуру сярод крымінальных і праблемных групаў насельніцтва. Калі лянота ім займацца такой апэратыўна-вышуковай працай, то можна паставіць пару відэакамэр у інфрачырвоным дыяпазоне. Ды і сабакі ў міліцыі не для таго, каб страшыць дэманстрантаў.

Шмат ёсьць магчымасьцяў і прыёмаў, каб спыніць пэрманэнтныя злачынствы ў Курапатах. Паўтаруся: гэта ня ёсьць праблема для міліцыі. А таму натуральна ўзьнікае думка, што інспіруе вандалізм у Курапатах сама ўлада. Як я лічу, то гэта КДБ праз сваіх агентаў уплыву і непасрэдна. А міліцыі сказана -- не ўмешвацца.

Дарэчы, калі міліцыя забірала гэтых вандалаў, побач апынуліся ня толькі пакрывальнікі-бацькі, але і кэгэбісты. Во цікава, як яны там апынуліся ноччу ў патрэбным месцы і часе?

Такім чынам выснова зразумелая. Мусіць быць грамадзкае патруляваньне Курапатаў. Але найперш зразумела абсалютна, што рэальна зрабіць гэта змагла б толькі Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ. Гэта значыць партыя сур'ёзных людзей. Але толькі міліцэйскай працы нам яшчэ не хапала ў гэтым стабільным рэжыме. Тым ня менш выбарачнае патруляваньне і назіраньне рабіць прыйдзецца, і мы будзем гэта рабіць.

-- Зянон Станіслававіч, у нядзелю ў Лошыцы сябры КХП БНФ ушанавалі памяць ахвяраў бальшавіцкага тэрору, у панядзелак ў Менску праходзілі суды над моладзевымі актывістамі, які выставілі перад КДБ расьцяжку “Камунізм пад трыбунал”. Як вы лічыце, як мае прайсьці суд камунізмам у Беларусі?

-- Гэта сур'ёзная справа. Займацца судом павінна дэмакратычная праўная беларуская дзяржава. Пры гэтым рэжыме такі суд немагчымы.

Але ўжо цяпер трэба ставіць пытаньне аб міжнародным прызнаньні генацыду беларускага народу, які рабілі на нашай зямлі расейскія бальшавікі. Бо камунізм і дзяржава СССР былі толькі формай рускага імпэрыялізму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)