Скандалы

Салдат, які выпаў з акна казармы ва Уруччы, выйшаў з комы і загаварыў

Родныя Андрэя Макаеда ўжо змаглі зь ім пагаварыць. Лекары кажуць, што празь месяц вайсковец зможа быць дома, паведамляе Радыё Свабода.

Вайскоўца тэрміновай службы Андрэя Макаеда знайшлі непрытомнага таварышы па службе раніцай 13 красавіка на тэрыторыі вайсковай часткі ва Ўруччы. 21-гадовы Макаед выпаў з вакна казармы 120-й асобнай мэханізаванай брыгады.

Салдата, які пасьля падзеньня з вышыні трапіў у кому, адразу ж даставілі ў Вайсковы шпіталь. Празь дзень Мінабароны выступіла з афіцыйнай заявай пра інцыдэнт. Паводле вайсковага ведамства, было распачата расьсьледаваньне трагічнага выпадку.

Сьледчы камітэт паведаміў пра ўзбуджэньне крымінальнай справы па артыкуле 145 — давядзеньне да самагубства. Вядома, што ўжо 13 красавіка ў частцы прайшлі допыты саслужыўцаў Макаеда.

Сам пацярпелы ў першыя дні пасьля падзеньня заставаўся ў стабільна цяжкім стане. Кантакт зь ім усталяваць не ўдавалася, Андрэй быў у коме. Як стала вядома Свабодзе, празь нейкі час стан вайскоўца пачаў паляпшацца. 1 траўня яму дазволілі сустрэчу са стрыечным братам Максімам.

— У Андрэя цяпер добры стан, яго ўжо перавялі ў хірургію, — кажа Максім. — Ужо хутка будзе ўсё нармальна. У мяне атрымалася ўчора пабачыцца з братам, пагаварыць. Пра той дзень і выпадак ён пакуль не расказвае. Мы параіліся і вырашылі не распытваць яго. Я так разумею, брат ня хоча пра гэта гаварыць пакуль. Ведаю, што сьледчыя ўжо сустракаліся з Андрэем і размаўлялі пра тыя падзеі. Цяпер яны займаюцца. Я прыйшоў падтрымаць брата, пабыць зь ім. Каб весялей было. Пра падзеньне з вакна казармы стараўся ня згадваць.

Па словах Максіма, стан Андрэя дазваляе яму свабодна камунікаваць. У бліжэйшы час лекары заплянавалі яшчэ адну апэрацыю, празь месяц абяцаюць адпусьціць салдата дадому.

У Сьледчым камітэце Свабодзе паведамілі, што расьсьледаваньне інцыдэнту ў 120-й асобнай мэханізаванай брыгадзе працягваецца. Пра яго вынікі паведамяць дадаткова.

«Солдаты боятся жаловаться, иначе тут же навешивается клеймо стукача»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(22)