Сайт расійскіх чарнасоценцаў апублікаваў фота Джона Сільвера
На адным з расійскіх чарнасоценскіх сайтаў з'явіўся артыкул, прысвечаны беларусу-заснавальніку сайта 1863х.com, які хаваўся пад нікнэймам John Silver.
Паводле аўтара (якому КДБ забараніў уезд у Беларусь, дарэчы), Джон Сільвер — гэта 25-гадовы ўраджэнец Ліды Эдуард Пальчыс. Яго затрымалі 23 студзеня пры перасячэнні ўкраінска-расійскай мяжы. Цяпер Эдуард, маўляў, знаходзіцца ў СІЗА-1 па Бранскай вобласці.
Таксама чарнасоценцы выклалі фота Эдуарда, зробленае, відаць, расійскімі сілавікамі.
Мы спраўдзілі гэтую інфармацыю ў людзей, прыватна знаёмых з Сільверам. Тыя пацвердзілі, што на фота менавіта ён.
Цяпер, як пішуць чарнасоценцы, Эдуарда або экстрадуюць у Беларусь, дзе супраць яго заведзеная крымінальная справа, або будуць судзіць у Расіі за змест ягоных публікацый на сайце 1863x.com.
Як паведаміла яшчэ на пачатку сакавіка афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова, Следчым камітэтам распачата і расследуецца крымінальная справа па ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў) КК Беларусі. Паведамлялася, што МУС Беларусі абвясціла яго ў вышук за парушэнне падпіскі аб нявыездзе.
Сайт 1863x.com вылучаецца крайнім нацыяналізмам і часам радыкальнасцю, хоць і вядзецца па-расейску, прычым ён цалкам ананімны. Ніхто не ведаў, хто такі Джон Сільвер. Сайт 1863x.com засноўваўся як адказ на расійскі праект «Спутнік і пагром».
Читайте еще
Избранное