Скандалы

Сацук адказаў на абвінавачанні БТ

У эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» недзяржаўны часопіс «Ежедневник» і ягонага галоўнага рэдактара абвінавацілі ў публікацыі замоўных артыкулаў і «журналісцкім кілерстве», піша Радыё Свабода.

Тэлеканал паказаў відэа, зьнятае схаванай камэрай у офісе «аднаго вядомага бізнэсоўца» у студзені 2019 году, на якім Сяргей Сацук сустракаецца з прадстаўніцай бізнэсоўца Віктара Мядзьведзкага (ён цяпер адзін з падазраваных у справе аб ухіленьні ад падаткаў). Апошні нібыта прапаноўваў Сацуку 3000 даляраў і інфармацыю для расьсьледаваньня дзейнасьці іншай кампаніі Macopharma і продажы мэдычных тавараў па завышаных цэнах.

БТ сьцьвярджае, што Сацук за 5000 даляраў (першая частка грошай, 2000 даляраў, была перададзеная ў лістападзе 2018 году) падрыхтаваў і апублікаваў артыкул «Коррупция Минздрава: как в Беларуси зарабатывают на крови». Тэлеканал заклікае «ацаніць дзейнасьць журналіста з крымінальна-працэсуальнага боку».

«Ежедневник» рабіў расьсьледаваньні пра карупцыю ў мэдыцыне яшчэ да тэксту, згаданага на БТ. Першы гучны артыкул тычыўся выкарыстаньня ня выпрабаваных належным чынам вакцынаў, у тым ліку скандальнай «Эўпэнты». Ён выйшаў у жніўні 2018 году.

Сацук: Грошы браў не за артыкулы, а на расьсьледаваньні

Сяргей Сацук расказаў Свабодзе, што сапраўды атрымліваў грошы ад Мядзьведзкага, але бачыць сытуацыю ня так, як паказалі на БТ.

На пытаньне аб тым, ці Мядзьведзкі замаўляў публікацыю канкрэтнага студзеньскага артыкулу, Сацук адказвае: «Не». Ён тлумачыць, што падначаленая Мядзьведзкага Тацяна Сергяенка прапаноўвала зьвесткі і пакрыцьцё грошай на расьсьледаваньне.

«Я ёй сказаў: калі хочаце, вось ёсьць збор сродкаў, кідайце грошы і ўсё, — расказаў Сацук Свабодзе. — У межах артыкулу вы нічога ня вінныя, і я не хачу ведаць, хто мне дапамагае. Пасьля падаткі сплачу — і ўсё».

Ён расказвае, што абвяшчаў збор грошай на журналісцкія расьсьледаваньні, як рабілі і іншыя недзяржаўныя СМІ (напрыклад, «Наша Ніва»). Усе грошы, перакананы ён, атрыманыя законна, зь іх будуць сплочаныя падаткі. Пра гэта ён расказваў і на старонках «Ежедневника» — часткова пра гэта згадалі і на БТ.

Сацук дадае, што зьвяртаўся на краўдфандынгавыя пляцоўкі, каб абвясьціць збор на расьсьледаваньні, але тыя адмовілі яму, таму зьбіраў грошы празь іншыя шляхі: праз банкаўскую карту, тэлефон (туды давалі сумы да 100 рублёў) і крыптавалюты (менавіта празь іх ніхто не падтрымаў выданьне).

Процілеглы бок — прадстаўнікі кампаніі Macopharma — таксама прапаноўвалі Сацуку пакрыць грошы на расьсьледаваньні, калі ён запрасіў іх даць камэнтар, сьцьвярджае журналіст. Але яны прапаноўвалі «памяняць галоўнага героя» расьсьледаваньня на кампанію Мядзьведзкага, а ніякіх матэрыялаў да расьсьледаваньняў не далі. Як і Мядзьведзкаму, ён прапанаваў ім падтрымаць выданьне грашыма на расьсьледаваньні, а пісаць замоўныя артыкулы пры нейкіх умовах і патрабаваньнях адмовіўся.

Сацук пакуль не зьбіраецца паадваць у суд на БТ

Скардзіцца на сюжэт БТ Сацук не зьбіраецца: калі БТ заклікала завесьці на яго справу, то «будзе чакаць».

Ён адзначае, што «наезд» на яго пачаўся каля трох месяцаў таму ў іншым дзяржаўным выданьні – у «Советской Белоруссии», дзе яму закідалі, што ён нажываецца на бізнэсоўцах. Але журналіст сьцьвярджае, што ў яго «столькі запазычанасьцей, што ворагу не пажадаеш».

Таксама ён сьцьвярджае: пасьля студзеньскага расьсьледаваньня пра Macopharma і іншых яму пагражалі фігуранты расьсьледаваньня, што яго «грохнуць ці пасадзяць». Яшчэ адзін артыкул пра фінансавыя схемы карупцыі ў мэдыцыне, якія журналісты выкрылі ўжо без матэрыялаў Мядзьведзкага, ён вырашыў адкласьці зь меркаваньняў бясьпекі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(10)