Сацсеткі пра пахаванне паўстанцаў: «Штучнае змые, ад яго нічога не застанецца, а Беларусь была, ёсць і будзе»

Эмоцыі, разважанні і меркаванні пра гістарычную падзею — развітанне з паўстанцамі ў Вільні.

Максім Маханькоў:

— Для мяне гэта адназначна фотаздымак дня (аўтар — Надзея Бужан). Глыбока сімвалічна выглядае віцэ-прэм'ер у моры бел-чырвона-белых сцягоў у Вільні.

Можна колькі хочаш будаваць штучныя і ненатуральныя ідэалагічныя канструкцыі, «шліфаваць» гісторыю і памяць пад свае дробныя тактычныя інтарэсы, гандляваць фрагментамі суверэнітэту і проста ігнараваць пытанні ідэнтычнасці, але беларуская ідэя мацнейшая за ўсе гэтыя часовыя прыкрасці і паскудствы. Штучнае змые, ад яго нічога не застанецца, а Беларусь была, ёсць і будзе.

Дзмітры Гурневіч:

— Можна было б шмат пра што пісаць. Але тры рэчы кранулі найбольш. Калі труна з парэшткамі Каліноўскага пад сцягам з Пагоняй праехала побач. Гэта было як удар токам. І пачуццё гонару, што нас было тут сёння так шмат. А аб'ектыўна беларусам трапіць сюды было найцяжэй. Літоўцам належыцца падзяка за неверагодную цырымонію. Шчаслівы, што ў такія хвіліны ў Вільні. Надзвычай натхняльнае ўсё.

Андрэй Горват:  

— Каліноўскі з паплечнікамі пахаваны як героі. Дзякуй вялікі ўсім, хто гэта зрабіў. Асобны дзякуй Радыё Свабода за жывы эфір.

Я вельмі спадзяюся, што Мураўёў Вешальнік увесь дзень вярцеўся ў труне.

Героі спачываюць, а мы будзем дарастаць да іх узроўню.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(88)