Сацыёлаг: «Людзі гатовы алкаголіка хутчэй прыняць у сваё кола, чым чалавека з іншымі поглядамі»

Менавіта зараз беларусы яшчэ не стаяць на парозе грамадзянскай вайны, але гарантаваць, што яе ўдасца пазбегнуць, незалежны сацыёлаг Філіп Біканаў не бярэцца.

— Прыхільнікі Лукашэнкі настолькі ж упэўнены, што іх большасць, наколькі ўпэўнены і іх праціўнікі, — адзначыў Біканаў у эфіры «Е*рарадыё». – На самой справе, канешне ж, людзей, якія прытрымліваюцца такіх хардкорна пралукашэнкаўскіх поглядаў, значная меншасць у краіне. Але яны ўпэўненыя, што іх большасць, таму што яны бачаць вакол сябе толькі такіх, як яны.

Яны выключаюць са свайго камунікацыйнага кола людзей, якія ім не падабаюцца ў сваіх поглядах. Гэтак жа сама і з бокам праціўнікаў улады.

Даследчык не выключае, што ў будучыні погляды апазіцыйных груп насельніцтва могуць стаць радыкальнымі.

— Раскол паміж двума полюсамі беларускага грамадства павялічваецца. Людзі ставяцца адзін да аднаго горш, чым да алкаголікаў, згодна з нашым даследаваннем. Людзі гатовы алкаголіка хутчэй прыняць у сваё кола, чым чалавека з іншымі поглядамі, з іншага боку супрацьстаяння.

Улічваючы, што адзін з гэтых бакоў рэпрэзентаваны дзяржавай і ён ужо наносіць фізічны ўрон другому боку (гэтыя ўсе рэпрэсіі, пасадкі, «хіміі», людзей б’юць, абражаюць), а другі бок нічога з гэтым не можа зрабіць, копіцца злосць.

А цяпер усё ж ваенныя часы і ніхто не можа сказаць, што будзе ў наступныя два-тры тыдні. Калі расейцы прайграюць вайну, ці будзе Лукашэнка здольны ўтрымлівацца, як ён будзе ўтрымлівацца?

А цяпер яшчэ і на баку пратэсту з’явіўся свой «сілавы блок», вось гэты полк Кастуся Каліноўскага, які адкрыта дэкларуе, што будзе вызваляць Беларусь. Усё гэта стварае глебу пад такі канфлікт, ужо не славесны, а фізічны, грамадзянскі, — кажа Біканаў.

Ён лічыць, што менавіта зараз мы яшчэ не стаім на парозе грамадзянскай вайны, але гарантаваць, што яе ўдасца пазбегнуць, не бярэцца.

— Усё ж адзін бок у нас узброены, а іншы — не. Але вось калі ўявіць сябе сітуацыю, калі і сярод гэтых людзей з’явяцца ўзброеныя байцы, то можа быць прыкладна так: з аднаго боку пэўны ўмоўны АМАП, які гатовы страляць, з іншага боку, напрыклад, гэты полк Каліноўскага, які таксама гатовы страляць.

І тых, і другіх будзе падтрымліваць значная частка грамадства. Зараз група прыхільнікаў улады не такая кансалідаваная, як праціўнікаў. Але так адбываецца, таму што прыхільнікі ўлады экзістэнцыяльнай пагрозы для сябе не адчуваюць. А калі стануць адчуваць, то яны таксама кансалідуюцца вакол таго, што будзе іх рэпрэзентаваць у гэтым больш гарачым канфлікце. Вось гэта я бачу.

Тое, як падзеі ва Ўкраіне ўбудаваліся ў нашу структуру супрацьстаяння, проста пакладае беларускую барацьбу ў кантэкст гэтай вайны, і я не ведаю, чым гэта ўсё можа скончыцца, і баюся прагназаваць. Але мне падаецца, што глеба для нейкага грамадзянскага ўзброенага канфлікту ўжо існуе, — мяркуе даследчык.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(22)