«Рыхтаваліся да прыёму 2000 чалавек»

Радыё Свабода апублікавала падрабязнасьці і фота будоўлі лягеру для пратэстоўцаў пад Слуцкам.

На сувязь са Радыё Свабода выйшаў адзін з удзельнікаў пераўтварэньня лячэбна-працоўнага прафілякторыю (ЛПП) № 3 у нешта падобнае да канцэнтрацыйнага лягеру для ўдзельнікаў пратэстаў у жніўні 2020 году.

19 студзеня Свабода апублікавала сьведчаньні фатографа выданьня «Новы час» Дзьмітрыя Дзьмітрыева, які 13–14 жніўня знаходзіўся на тэрыторыі лягеру пад Слуцкам, куды трапіў з Акрэсьціна. Дзьмітрыеў расказаў, што прыгадаў тое месца пасьля публікацыі запісу выказваньняў Мікалая Карпянкова пра дазвол на стварэньне ў Беларусі канцэнтрацыйных лягераў для пратэстоўцаў.

«Цёмна, агароджаная тэрыторыя, людзі з сабакамі»

Свабода пагаварыла яшчэ з двума былымі вязьнямі лягера пад Слуцкам. Адзін зь іх, Зьміцер Хведарук, таксама трапіў у лягер 13 жніўня з Акрэсьціна.

Зьміцер Хведарук

— Нам не казалі, куды вязуць, — расказвае Зьміцер. — Прывезьлі, паставілі на халодным паветры, ля сьценкі. Мы былі ў адных цішотках, холадна было вельмі. Потым адвялі ў душ, памарозілі яшчэ мокрымі. Пасьля прыйшоў прадстаўнік унутраных войскаў і сказаў, што мы знаходзімся ў слуцкім ІЧУ.

Я ў галаве перакруціў умоўна свае веды пра беларускія турмы і зразумеў, што ў Слуцку такой установы няма. Было цёмна, агароджаная тэрыторыя, людзі з сабакамі. Абсалютна незразумела, дзе мы знаходзіліся.

Зьміцер кажа, што ім забаранялі азірацца і падымаць галаву. Начавалі затрыманыя ў бараку, агулам іх было там каля 150 чалавек. Барак нагадваў вайсковую казарму. Вызвалялі ўсіх на наступны дзень па сьпісах. Перад вызваленьнем усім давалі падпісаць паперу, дзе папярэджвалі пра крымінальную адказнасьць у выпадку паўторнага затрыманьня.

Яшчэ адзін былы вязень лягеру пад Слуцкам пажадаў застацца ананімным. Ён расказаў Свабодзе, што трапіў туды пасьля таго, як 10 жніўня яго выпадкова затрымалі ў Менску. У Слуцак прывезьлі празь некалькі дзён з Акрэсьціна.

— Гэта быў лягер, — кажа суразмоўца. — Сьцены, вышкі, калючы дрот. Усё ў лесе, далёка ад дарогі. Тэрыторыя даволі вялікая, у нашым бараку было каля 100 чалавек. Усяго такіх баракаў было яшчэ 3–4, цяпер я дакладна не прыгадаю.

Нам сказалі, што калі мы ня будзем выконваць распараджэньні адміністрацыі, то вернемся назад на Акрэсьціна. Цяжка сёньня ўспамінаць пра тое месца. Мы ўсе азіраліся па баках і думалі толькі пра тое, каб хутчэй адтуль выбрацца. Гэта быў напалову турэмны рэжым. Ахоўвалі нас людзі, якія звычайна працуюць з алькаголікамі.

Гэтыя фота былі зробленыя падчас будаўніцтва лягеру для пратэстоўцаў

ЛПП № 3 пад лягер абсталявалі на чацьвёрты дзень пратэстаў

Са Свабодай таксама зьвязаўся чалавек, які прыслаў у рэдакцыю сэрыю фота, зробленых падчас будаваньня лягеру. На ўмовах ананімнасьці ён таксама расказаў некаторыя падрабязнасьці пра ўстанову, куды 13 жніўня з Акрэсьціна прывезьлі некалькі соцень затрыманых удзельнікаў пратэстаў. Сапраўднасьць здымкаў Свабодзе пацьвердзіў Дзьмітры Дзьмітрыеў. Сказаў, на фота «на 99% тое месца, дзе я быў 13–14 жніўня».

— 10 жніўня Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў было даручана падрыхтаваць у тэрміновым парадку адну з тэрыторый пад арганізацыю лягерц, — сьцьвярджае суразмоўца.

— Было вырашана выкарыстоўваць для гэтага тэрыторыю ЛПП № 3 каля Слуцку. Тых, хто там знаходзіўся на лячэньні, тэрмінова этапавалі ў іншыя ўстановы. 12 жніўня ЛПП № 3 абсталявалі для ўтрыманьня грамадзян пад ваенізаванай аховай.

Па словах суразмоўцы, пэрсанал чпачатку ня ведаў, для каго канкрэтна пераабсталёўваюць тэрыторыю ЛПП. Арганізацыяй лягеру займалася ўпраўленьне Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па Менску і Менскай вобласьці. Пры гэтым абсталяваць лягер было неабходна вельмі хутка. Рыштунак вазілі зь іншых ЛПП і папраўчых калёній.

— З Навасадаў (там разьмешчаная папраўчая калёнія № 14. — РС) арганізавалі дастаўку ложкаў, — расказвае відавочца. — Вельмі сьпяшаліся, вазілі самазвалам. Прадпрыемству, разьмешчанаму на базе ЛПП, было даручана на працягу сутак распрацаваць і вырабіць вышкі для аховы пэрымэтру лягера.

Для ўладкаваньня так званага лягеру прыцягнулі людзей, якія ўтрымліваліся ў ЛПП. На тэрыторыі ўжо існуючай жылой зоны прафілякторыя паставілі намёты, тэрыторыю дзялілі на квадраты. Выкопвалі ямы, ставілі слупы, усё абносілі калючым дротам.

Па словах суразмоўцы, лягер на тэрыторыі ЛПП № 3 мог быць толькі адным з будучай сеткі падобных месцаў. Рабочым, якія рабілі вышкі для пэрымэтру лягеру, загадалі рабіць іх мабільнымі. Каб можна было ў будучыні лёгка выкарыстоўваць іх у розных месцах. Вытворчасьць ставілі на паток. Штосьці з абсталяваньня лягеру прывозілі і з вайсковых частак. Напрыклад, рукамыйнікі.

Лягер ахоўвалі вайскоўцы Мінабароны

— Тэрыторыя рыхтавалася да прыёму каля 2000 чалавек, — кажа суразмоўца. — З усёй Беларусі ў Слуцак былі выпраўленыя супрацоўнікі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў з сабакамі. Пры гэтым супрацоўнікі ДВП прыцягваліся выключна для аховы ўнутры гэтага лягеру. Аховай пэрымэтру і прылеглага лесу займаліся вайскоўцы, падначаленыя Мінабароны.

Крыніца сьцьвярджае, што ў слуцкі лягер таксама выправілі мэдыкаў. Людзей з Акрэсьціна ў лягер пачалі прывозіць 13 жніўня прыкладна а 15-й гадзіне. У гэты час сюды прыехала першая вялікая калёна аўтазакаў у суправаджэньні ДАІ.

Другая калёна прыбыла а 18-й гадзіне. Яе суправаджалі службоўцы з унутраных войскаў, у тым ліку з часткі, разьмешчанай у Менску на вуліцы Маякоўскага. Па словах суразмоўцы, шмат хто з прывезеных аўтазакамі людзей быў пабіты.

15 жніўня людзей пачалі масава вызваляць зь лягера. За некалькі соцень мэтраў ад яго былых арыштантаў сустракалі валянтэры і адвозілі ў Менск. Сам лягер хутка разабралі.

— Праз 4 дні прыйшла каманда тэрмінова ўсё дэмантаваць, — кажа сьведка. — У ЛПП вярнулі тых, каго тут утрымлівалі раней і вывезьлі пасьля 10 жніўня. На сёньняшні дзень ЛПП № 3 функцыянуе ў штатным рэжыме.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 1.4 (оценок:29)